Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Свята нашай памяці, гонару і шчаслівых надзей

Свята нашай памяці, гонару і шчаслівых надзей12 июля 2014 — 10:00

Яркай, насычанай  і незабыўнай падзеяй стала для жыхароў Мастоўшчыны свята ў гонар Дня Незалежнасці і 70-­годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ля помніка на брацкай  магіле воінаў і партызан, на пляцоўцы каля стадыёна “Нёман”, у левабярэжнай частцы горада.  Яны працягваліся ўвесь дзень і завяршыліся святочным феерверкам, што расфарбаваў вячэрняе неба над Мастамі мільёнамі рознакаляровых агнёў.

Гучыць духавы аркестр, рытм  задаюць юныя барабаншчыцы, і па цэнтральнай вуліцы горада пачынае рухацца прыгожа прыбраная калона.   У ёй – прадстаўнікі мясцовай улады, удзельнікі мас­тацкай самадзейнасці і працоўныя калектывы Мастоўшчыны. Пачынаць ўрачыстасць з падобнага шэсця  стала ўжо неад’емнай часткай і добрай традыцыяй святочных мерапрыемстваў у Мастах.

Абавязковы прыпынак – ля помніка на брацкай магіле загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў і партызан, дзе ладзіцца мітынг­-рэквіем. Сярод ганаровых гасцей – ветэраны, строй якіх з кожным годам радзее. Але, нягледзячы на гэта, наша ўдзячнасць людзям, якія падаравалі нам жыццё пад мірным небам, не становіцца менш значнай. І гэта адчуваецца ў кожным слове выступаючых, у кожным позірку, напоўненым слязьмі, у кожнай кветцы, падараванай з любоўю і шчырасцю.

З прывітальным словам да жыхароў раёна звярнуўся старшыня Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Сцяпанавіч Шафарэвіч. ­­ -- У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі. Тыя, што становяцца кропкай адліку новага этапа ў яго гісторыі, выклікаюць найвышэйшы духоўны пад’ём і яднанне ўсіх грамадзян.    У беларускім календары такая дата – 3 ліпеня 1944 года, калі чырвоны сцяг быў узняты над нашай сталіцай – горадам-­героем Мінск, ­­ падкрэсліў Аляксей Сцяпанавіч. ­­--  Глыбока сімвалічна, што гэты дзень мы   адзначаем як  галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Аляксей Сцяпанавіч Шафарэвіч нагадаў прысутным, што за гады акупацыі фашысты замучылі і расстралялі 2 680 нашых землякоў, 958 мастаўчан не вярнуліся з фронту, 114 – загінулі ў партызанскіх атрадах, 758 ураджэнцаў раёна былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Шэсць вёсак Мастоўшчыны напаткаў лёс Хатыні – толькі за адну ноч у вёсцы Княжаводцы было спалена больш за тысячу чалавек.

­­ У першыя дні вайны жыхары Мастоўскага раёна сталі сведкамі подзвігу лётчыка­-знішчальніка Андрэя Сцяпанавіча Данілава, які, ведучы няроўны бой, пайшоў на таран варожай машыны, ­­ адзначыў старшыня райвыканкама. – Бязлітасныя баі праходзілі ў раёне Лунна і Дубна, вёсак Сінявічы, Каралі і Дварок. Тут нашыя войскі ўтрымлівалі пераправы праз Нёман і Шчару.

 -- ­­ Сёння мы аддаём даніну глыбокай павагі мужнаму пакаленню пераможцаў. Вечная слава ўсім загінуўшым – героям-­вызваліцелям і бязвінным ахвярам той крывавай вайны, усім, хто ахвяраваў самым дарагім – уласным жыццём – у імя міру на нашай зямлі, ­­ -- акцэнтаваў увагу А. С. Шафарэвіч. – Паважаныя ветэраны! Прыміце  словы шчырага прызнання і ўдзячнасці  за стойкасць, адвагу і гераізм, якія вы праявілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ваша пакаленне выратавала краіну, адрадзіла яе, ўзняло з руін і попелу. Ваша духоўная спадчына заўсёды будзе для нас бясцэннай духоўнай апорай. І няхай над нашай роднай Беларуссю заўсёды будзе чыстае і мірнае неба, спакой у сэрцах людзей і дабрабыт у дамах.

Так, неймаверна складаныя выпрабаванні выпалі на долю нашых салдат, партызан, мірных жыхароў і дзяцей у гады вайны.  Яшчэ раз успомніць гэта давялося  старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Курылавіцкага сельсавета, малалетняй вязніцы Алене Кліменцьеўне Шарай.

-- ­­ Ля гэтага свяшчэннага Агню мне прадастаўлена магчымасць гаварыць ад імя малалетніх вязняў, што былі прымусова вывезены ў фашысцкае рабства. У маіх вачах і жудасных успамінах і зараз паўстаюць жахі вайны, слёзы, страшныя нягоды і пакуты, ­­ -- дрыготкім голасам прамовіла Алена Кліменцьеўна. – Радуе, што нас, ветэранаў, дзяцей вайны, не забывае краіна, кіраўніцтва нашага раёна, выканаўчая ўлада на месцах.  Вялікі дзякуй за падтрымку, клопат і дапамогу, за разуменне нашых праб­лем. Мы ўпэўнены, што моладзь Мастоўшчыны захавае і прымножыць працоўную і жыццёвую эстафету нашага пакалення.

Падзяляе гэтую ўпэўненасць і вучань пятай гарадской школы, член Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Віталь Місцюк.­­ -- Сёння ўсе мы нясём адказнасць за будучыню нашай дзяржавы. Нас аб’ядноўвае любоў да Радзімы, вернасць традыцыям і шчырае жаданне зрабіць сваю краіну яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай. Гэта ў нашых сілах, ­­ выказаў думку юнак.

Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі вянкі і кветкі да помніка на магіле воінаў і партызан.

 Наступным месцам, дзе мастаўчане змаглі прадоўжыць святочны дзень, стала пляцоўка ля гарадскога стадыёна. Дарэчы, менавіта  ў Дзень Незалежнасці сцэнічная пляцоўка прыемна парадавала артыстаў і гледачоў сваім абноўленым выглядам. Тут прайшоў святочны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці і ўзнагароджванне стыпендыятаў  Мастоўскага райвыканкама. Узнагароды лепшым вучням раёна, што дасягнулі высокіх вынікаў у абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, фестывалях і спорце, а таксама іх бацькам і педагогам уручылі старшыня райвыканкама А. С. Шафарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С. С. Дзяйкала, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама     В. С. Ціхановіч, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Гродзенскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту” П. С. Рудзевіч.

Трэцяе  ліпеня – гэта не проста дзень, напоўнены сонцам і цяплом. Гэта дзень нашай радасці, памяці і ўдзячнасці, гэта сімвал мужнасці і самаадданасці Радзіме, сімвал надзеі і аптымізму для наступных пакаленняў беларусаў. Гэта свята тых, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам уносіць штодзённы ўклад у працвітанне роднай зямлі.

Таму глыбока сімвалічна, што кожны год у Дзень Незалежнасці мы ўшаноўваем лепшых людзей раёна, якія занесены ў раённую Кнігу славы. Сёлета гэтага ганаровага права за шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў удастоіўся трактарыст­машыніст сельгаспрадпрыемства “Мастаўчанка” Іосіф Францавіч Лойка.

Калі адны мастаўчане дружнымі апладысментамі віталі ўзнагароджаных і артыстаў, другія – ацэньвалі напоўненасць і цэны гандлёвых кропак. Апошнія прываблівалі пакупнікоў пахам свежапрыгатаванага шашлыку і бяспройгрышнымі латарэямі. Як, напрыклад, майстры раённага цэнтра рамёстваў.

 Нямала прыхільнікаў актыўнага адпачынку прыцягнулі спартыўныя пляцоўкі. Тут прайшлі спаборніцтвы па міні­футболе, пляжным валейболе, дартсе і шашках. Для самых маленькіх удзельнікаў свята была арганізавана работа дзіцячых атракцыёнаў, а таксама спартыўна­гульнёвая забаўляльная праграма “Дзяцінства – гэта смех і радасць”. Аматары вялікага экрана былі запрошаны ў кінатэатр “Сучаснік”, дзе дэманстраваўся фільм “Дняпроўскі рубеж”. Не было сумна і ў левабярэжжы: з канцэрт­най праграмай “Славім зямлі нашай светлае імя” тут выступіў калектыў Харціцкага цэнтральнага Дома культуры.

Вячэрнія Масты таксама былі напоўнены святочнымі гукамі: ветліва і гасцінна сустрэлі мастаўчане музычны тэатр “Рада”, спраўдзіла надзеі юных танцораў танцавальна­забаўляльная праграма з удзелам гродзенскіх дзі­джэяў.

З апошнімі акордамі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які мастаўчане выканалі разам, неба над Мастамі расквецілася агнём святочнага феерверка. Нябесная феерыя працягвалася дзесяць хвілін, а кожны новы залп быў сустрэты дружнымі апладысментамі тысяч жыхароў раёна. Добрае надвор’е дазволіла назіраць за вогненнымі кветкамі, што распускаліся ў вячэрнім небе, не толькі ў розных кутках горада, але нават у суседніх населеных пунктах.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: