Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизньНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Свята ў вёсцы Пілкі Гудзевіцкага сельсавета

Свята ў вёсцы Пілкі Гудзевіцкага сельсавета11 июля 2017 — 13:42

Трэцяга ліпеня жыхары вёсак Пілкі, Струга і Агрызкі Гудзевіц-кага сельсавета разам, весела, з размахам святкавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і свята сваіх населеных пунктаў. А дапамагалі ім у гэтым старшыня і супрацоўнікі сельсавета, кіраўніцтва ЗАТ “Гудзевічы”, работнікі Гудзевіцкага музея, школы і цэнтра вольнага часу і культуры.

 

Распачалося мерапрыемства з урачыстага мітынгу, які падрыхтавалі вучні Гудзевіцкай сярэдняй школы, і святочнага канцэрта у гонар Дня Рэспублікі. Цудоўныя музычныя нумары ў выкананні народнага вакальнага ансамбля “Зараначка” і дзіцячай эстраднай студыі “Мара” прынеслі вяскоўцам, іх дзецям і ўнукам, шматлікім гасцям з навальковых вёсак хвіліны асаблівай асалоды і задавальнення. Сярод тых, хто дружнымі апладысментамі сустракаў мясцовых артыстаў, былі старшыня Гудзевіцкага сельсавета П.П.Дзенісевіч, пратаіерэй Мікалай Сень,  ксёндз Люцыян Радамскі, якія звярнуліся да прысутных з прывітальнымі словамі.

 

Пра тое, што нават у святы неабходна памятаць пра бяспеку, вяскоўцам нагадаў першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.У.Чурык. Цікавымі і змястоўнымі былі паказальныя выступленні супрацоўнікаў РАНС. Шмат гледачоў сабрала  і дэманстрацыя работы пажарнага разліку, дзеля чаго на вясковай вуліцы была размешчана пажарная машына.

 

У гэты ж самы час  удзельнікаў і балельшчыкаў сабраў спартыўны “алімп” – пляцоўка, дзе можна было памерацца сілай і спрытам. Тут праходзілі спаборніцтвы па армрэслінгу, перацягванні каната, падняцці гіры, дартсу.

 

Цэнтральнай падзеяй святочнага мерапрыемства стала віншаванне і ўшанаванне жыхароў вёсак Пілкі, Струга і Агрызкі. Такія цікавыя назвы гэтым населеным пунктам дасталіся дзесьці з 16 стагоддзя. Напрыклад, Пілкі ўпамінаюцца ў “Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі” пад назвай Пількова ў 1558 годзе. Ёсць меркаванне, што тут пілавалі лес, вялі яго першапачатковую апрацоўку, ад чаго і пайшла назва вёскі. Апрацоўкай драўніны, трэба думаць, займаліся і ў Струзе. А вось назва вёскі Агрызкі, верагодна, паходзіць ад малапрыдатнага ўчастка для земляробства, які і называлі агрызак. Зараз у гэтых населеных пунктах пражываюць 116, 75 і 41 чалавек адпаведна.

 

Безумоўна, гісторыя кожнага населенага пункта складаецца з гісторый жыцця яе жыхароў. Падчас свята былі ўшанаваны ветэраны працы, большасць з якіх пісалі сваю слаўную працоўную біяграфію ў сель-скай гаспадарцы. Гэта Р.І.Рачкоўская і І.С.Рачкоўскі, Л.І.Стасюкевіч, Г.В.Кузьміцкая, Л.І.Майшава, Н.Б.Талочка, З.М. Яцэвіч, Я.А.Навіцкая, С.А.Сядач, М.І.Навіцкая, З.П.Кухта, А.П.Малуха, Г.М.Навіцкая, А.І.Кішко. Словы падзякі для іх прагучалі ад старшыні ЗАТ “Гудзевічы” А.А.Санько, які ўручыў памятныя падарункі.

 

Трэба адзначыць, што без падарункаў не застаўся ніводзін жыхар названых вёсак. Былі ўзгаданы старажылы і юбіляры, прадстаўнікі маладога пакалення, што з’яўляюцца радасцю і надзеяй для сваіх бацькоў і ўсіх вяскоўцаў, бо населены пункт жыве, пакуль у ім нараджаюцца  дзеці.

У некаторых сем’ях любоў да зямлі, гаспадарлівасць і працавітасць перадаецца з пакалення ў пакаленне – так нараджаюцца сямейныя дынастыі. Багаты на іх Пілкі, Струга і Агрызкі. Гэта дынастыі на чале з У.А.Карнейчыкам, А.А.Пацапеем, М.Р.Габрыянчыкам, С.А.Седачом, У.Д.Гаспаровічам, В.М.Мешкам і інш.

Не былі забыты і юбіляры сямейнага жыцця. Так, 55 гадоў ідуць разам па жыцці муж і жонка Навіцкія. Залатое вяселле адзначыць сёлета сям’я Сядач. Сорак гадоў у радасці і смутку побач сям’я Галабурда. Трыццацігоддзе сумеснага жыцця святкуюць муж і жонка Эльяшэвічы. Сярэбраныя вяселлі – у сем’ях Гаспаровічаў і Седачоў.

 

Дзякуючы фінансавай падтрымцы ЗАТ “Гудзевічы” ўдзельнікі свята бясплатна сілкаваліся юшкай і салдацкай кашай, частаваліся гарачым чаем з пончыкамі і хрушчамі, а яшчэ  квасам і марожаным. Тут жа можна было набыць прадукцыю, што прапаноўваў магазін гаспадаркі, і паспытаць свежы шашлык з пахам дымку – усё за памяркоўную плату. Забавай для дзяцей, таксама, дарэчы, абсалютна бяс-платнай, стаў надзіманы батут.

Сумесны танец “Кракавяк” і выкананне песні “Деревенька моя” надалі святу асаблівы каларыт. А завяршылася мерапрыемства ў 23.00 гадзін  выкананнем дзяржаўнага гімна і салютам.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у адрас рэдакцыі прыйшоў ліст ад жыхароў вёскі Пілкі з удзячнасцю за цудоўнае свята:

“Мы ведаем, што гісторыю пішуць людзі, а без яе, гісторыі, няма ні мінулага, ні будучага. Гісторыя – гэта жыццё кожнага з нас. Вось і на нашым свяце ніхто не застаўся без увагі.

Жыхары вёсак Пілкі, Струга і Агрызкі атрымалі падарункі ад дырэкцыі ЗАТ “Гудзевічы”: хтосьці быў адзначаны за добрасумленную працу, а хтосьці – як прадстаўнік сямейнай дынастыі, не былі забыты шматдзетныя сем’і і самыя маленькія вяскоўцы. Ніхто са свята не пайшоў без падарунка!

Нават самая старэйшая жыхарка, якая мае 89 гадоў ад нараджэння, сказала: “Колькі жыву, а такога свята не памятаю”.

Вялікі дзякуй хочам сказаць кіраўніку ЗАТ “Гудзевічы” Андрэю Антонавічу Санько і яго намесніку Андрэю Генрыхавічу Палойка, старшыні  Гудзевіцкага сельскага выканаўчага камітэта Пятру Пятровічу Дзенісевічу і ўсім, хто рыхтаваў і выступаў на нашым свяце. Нізкі ўсім паклон!”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио