Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныМостовский крайНаш крайНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Свята ў Лятках радавала і аб”ядноўвала

Свята ў Лятках радавала і аб”ядноўвала29 мая 2018 — 09:34

 

Недалёка ад аграгарадка Гудзевічы размяшчаюцца дзве невялікія вёскі Ляткі і Міткевічы. У мінулую нядзелю ва ўтульнай сядзібе аднаго з жыхароў Ляткоў сабраліся жыхары гэтых дзвюх вёсак, каб адзначыць сваё свята. У госці да іх з падарункамі прыехалі мясцовыя артысты і кіраўніцтва Гудзевіцкага сельсавета.

 

Урачыстасць адкрыла старшыня Гудзевіцкага сельсавета К.В.Басінская. Кацярына Вітальеўна цёпла павіншавала прысутных са святам  вёсак, адзначыла вялікі ўклад іх жыхароў у працоўныя і грамадскія справы. Вядучыя Лілія Ценкуш и Юлія Валчкевіч расказалі аб гісторыі  гэтых населеных пунктаў, якая налічвае некалькі стагоддзяў. Тут сяліліся таленавітыя і працавітыя людзі, чуліся дзіцячыя галасы і песні моладзі. “Жыць было весела, хоць і працавалі цяжка”,-- заўважыла адна жыхарка Ляткоў.

 

Лілія Ценкуш прачытала верш аднавяскоўца Міхаіла Кібіка. Ёсць у ім такія радкі: “Мая ты мілая Радзіма, такая слаўная мясціна. Сярод балота рэчка ўецца, што Верацейкаю завецца”. А як пранікнёна, з цеплынёй і любоўю да родных мясцін напісаў пра свае Міткевічы, дзе ўсяго з дзясятак дамоў, вучань Антон Эйсмант. Яго верш таксама зачытала на свяце вядучая Юлія Валчкевіч .

 

 

А затым пачаўся расказ пра жыхароў вёскі Ляткі.У першай хаце жыве Вера Ігнатаўна Белакоз. Гэтая цудоўная жанчына выхавала траіх дзяцей, мае ўнукаў і праўнукаў. Вера Ігнатаўна працавала загадчыцай дзіцячага садка, настаўніцай Гудзевіцкай школы. Зараз яна майстр падвойнага ткацтва, перадае сваё майстэрства дзецям. В.І.Белакоз – лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко. У гэтым годзе жанчыне споўнілася 84 гады. Вядучыя павіншавалі Веру Ігнатаўну, уручылі ёй падарунак, праспявалі добрую песню.

 

Па-суседску жыве Валянціна Мікалаеўна Кібік. Гэта вельмі прыветлівая, добразычлівая жанчына, добрая гаспадыня, старанная працаўніца. Шмат гадоў яна ўзначальвала свінакомплекс. Мае ганаровае званне “Ветэран працы”. Яна таксама выхавала траіх дзяцей. Цяпер дзевяностагадовую бабулю радуюць унукі і праўнукі. Крыху далей знаходзіцца дом сям”і Ценкушаў. Гаспадар Сяргей Мікалаевіч усё жыццё звязаў з роднай гаспадаркай. Яго жонка, Лілія Анатольеўна, працуе ў клубе. Выхавалі дваіх дзяцей.

Жыве ў Лятках і яшчэ адна дружная сям”я, якая з”яўляецца гонарам вёскі. Гэта сям”я Сень. Галава сям”і -- айцец Мікалай,  мясцовы святар, з”яўляецца духоўным настаўнікам кожнага жыхара вёскі. Разам са сваёй жонкай Марыяй Пракоп”еўнай на вачах у вяскоўцаў выгадавалі шасцёра дзяцей. Жывуць у вёсцы яны з 1983 года. Гэтыя мясціны сталі для сям”і Сень роднымі і блізкімі.

 

Айцец Мікалай выступіў перад прысутнымі, цёпла павіншаваў гасцей свята, пажадаў усім жыць у ладзе і згодзе, не забываць аб духоўным прызначэнні чалавека.

 

Вядучыя працягваюць расказваць пра жыхароў вёскі. Вось дом Надзеі Міхайлаўны Кажэцкай. 17 гадоў яна старанна працавала даяркай, затым яшчэ 8 гадоў на свінакомплексе. Выхавала траіх сыноў, мае ўнукаў і праўнукаў. Надзея Міхайлаўна цяпер з”яўляецца старастай вёскі, клапоціцца, каб гэты населены пункт быў прыгожым і добраўпарадкаваным.

 

 

“Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Так можна сказаць пра большасць  мясцовых жыхароў. У сярэдзіне вёскі жыве Уладзімір Іванавіч Грышчук. Тут жылі яго быцькі, нарадзіўся ён сам, вучыўся ў  школе. Разам з жонкай Ганнай Осіпаўнай гадуюць дваіх дзяцей. Уладзімір працуе слесарам, Ганна –тэхнічны работнік. Маладая сям”я радуе вёску сваёй добразычлівасцю і добрасуседствам.

 

Побач знаходзіцца дом Антона Генрыхавіча і Валянціны Іванаўны Ягнешка. Антон працуе на ферме. У сям”і выхоўваецца сын Аляксей. Гэта самы малодшы жыхар вёскі.

 

А непадалёку жыве старэйшая жыхарка Ляткоў, якой споўнілася 93 гады, Зінаіда Рыгораўна Сырэй. Шмат гадоў яна працавала на ферме, выгадавала траіх дзяцей.

 

 

Многа добрых слоў сказалі вядучыя ў гэты дзень і пра іншых жыхароў вёсак Ляткі і Міткевічы. Кожнаму з іх уручылі падарунак, сродкі на гэта выдзеліла мясцовая гаспадарка -- ЗАТ “Гудзевічы”.

 

Прыгожым аздабленнем урачыстасці сталі выдатныя песні, якія выканалі для мясцовых жыхароў артысты Антаніна Чэрнік, Лілія Ценкуш, Станіслаў Рагацэвіч і Валерый Доўжык. Прысутныя падпявалі артыстам, успаміналі мінулае, дзяліліся навінамі, танцавалі, частаваліся рознымі прысмакамі, якія выпеклі А.Рыжко і А.Грышчук, з цікавасцю разглядалі выстаўленыя для агляду вырабы—адным словам, было сапраўднае свята, цікавае і захапляючае.

 

С.ЗВЯРОВІЧ

 

Фота аўтара




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий:
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио