Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумЖизнь

Светлыя ўспамны шчаслівага дзяцінства

Светлыя ўспамны шчаслівага дзяцінства06 марта 2013 — 10:00

Часам у снах вяртаюся ў сваё дзяцінства, у дом да бабулі і дзядулі, што ў вёсцы Пацавічы, дзе мы з сястрой штогод бавілі летнія канікулы. Хоць і самі выраслі ў вёсцы, мы любілі бываць у бабулі. Тут можна было даўжэй, чым звычайна дома, паспаць. А пасля паснедаць дранікамі ці аладкамі: каму што больш даспадобы. Бабуля штодня гатавала і тое, і другое, а каб сняданак не астыў, ставіла блінцы на печ, і яны амаль да абеду захоўвалі цяпло, нейкі асаблівы пах і ні з чым непараўнальны смак. Шкада, але пакуль што такія аладкі, як калісьці ў бабулі, мне яшчэ ні разочку не ўдаваліся…

Вельмі цікавала было схадзіць з дарослымі на гасцінец. Так у вёсцы называлі перакрыжаванне вуліцы з галоўнай дарогай. Тут жа стаяў магазін, куды бабуля пасылала нас па хлеб, а рэшту дазваляла патраціць на ласункі.

Памятаецца, як мы з дзядулем хадзілі рыбачыць на мясцовую сажалку. Дзед нам, дзяўчынкам, доўга расказваў прамудрасці гэтага занятку. Праўда, нас хапала не надоўга – чакалі сяброўкі і іншыя неадкладныя дзіцячыя справы. Аднак смак рыбкі, якую дзед саліў і сушыў толькі сам, забыць і зараз нельга.

Адным з самых любімых і чаканых нашых святаў  было свята ў гонар Святой Ганны, якое адзначаецца 7 жніўня. За вёскай знаходзіцца царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якую мясцовыя жыхары і цяпер называюць каплічкай. Бабуля шмат расказвала, чаму яе пабудавалі менавіта на гэтым месцы  і як вяскоўцы адстаялі каплічку ў час, калі разбуралі касцёлы і храмы.

Заранёў да свята мы рыхтавалі свае самыя лепшыя ўборы, а таксама збіралі грошы на “панічы” – рознакаляровыя цукеркі з цукру і крухмалу, купіць якія можна было толькі ў гэты дзень. Звычайна, “панічы” распрадаваліся за адну-дзве гадзіны, а з’ядаліся і яшчэ хутчэй.

Пасля богаслужэння ў царкве, у доме збіралася шмат гасцей: прыязджалі родныя, прыходзілі суседзі, знаёмыя… Як у гасціннай і руплівай гаспадыні, на святочным стале ў бабулі заўсёды было столькі смакаты! Зараз, успамінаючы гэта, толькі дзіву даешся: і калі гэта яна ўсё паспявала?!

Шчаслівыя гэта былі дні, бестурботныя, светлыя, добрыя, шчырыя… Шкада, што вярнуцца ў іх можна толькі ў снах…

Н.СВЯТЛОВА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: