Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбществоГод исторической памятиКультура

«Сваякі»: сотні канцэртаў, тысячы кіламетраў гастрольных паездак і мара заспяваць на «Еўрабачанні»

«Сваякі»: сотні канцэртаў, тысячы кіламетраў гастрольных паездак і мара заспяваць на «Еўрабачанні»19 января 2019 — 07:09

Марыя Бачынская бярэ ў рукі акардэон, націскае на клавішы, і адбываецца цуд – гукі музыкі, здаецца, кранаюць самыя тонкія струны душы. А калі ўсе ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля «Сваякі» зацягваюць песню, то твар расплываецца ва ўсмешцы, а ногі самі па сабе ідуць у скокі. Хто хоць раз слухаў, як спяваюць «Сваякі», пацвердзіць – у той момант адчуваеш сябе часткай гэтай вялікай дружнай сям’і, а іх – сапраўды сваякамі. 


Народны сямейны ансамбль «Сваякі» філіяла «Дом культуры аграгарадка Юбілейны» Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчаці стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. За некалькі дзён калектыў атрымаў дзесяткі віншаванняў, даў не адно інтэрв’ю журналістам і пашырыў кола сваіх прыхільнікаў. Эмоцыі ад высокай адзнакі зашкальваюць і да гэтага часу. 

 Вялікі гонар стаяць на сцэне Палаца Рэспублікі і атрымаць такую высокую ўзнагароду. Гэта было для нас сапраўднай нечаканасцю. Да апошняга не ведалі, што сталі лаўрэатамі прэміі. Больш высокай узнагароды для нас няма, – расказвае кіраўнік народнага сямейнага ансамбля «Сваякі» Марыя Бачынская. 

Ансамбль «Сваякі» ў гэтым годзе адсвяткуе 38-ю гадавіну з дня заснавання. У 1981 годзе юная Марыя разам с мужам Іванам вырашылі паспрабаваць свае сілы ў раённым фестывалі сямейнай творчасці. Маладая сям’я падтрымаць ідэю папрасіла радню. Так і сабраўся калектыў. Таленавітыя і артыстычныя сваякі пакарылі журы і сталі пераможцамі. З таго часу, паверыўшы ў свае сілы, выступаюць на розных пляцоўках краіны. І што цікава, шмат гадоў амаль такім жа саставам. 

image (3).jpg

– Як гэта ў вашай сям’і людзі аказваюцца, быццам спецыяльна падабраныя?  пытаюся ў сваякоў. 

– Адно да аднаго цягнецца, – адказвае без прамаруджвання Марыя Бачыснкая. І тут жа з усіх бакоў чуецца: «я за мужам прыйшла», «а я мужа прывяла», «а я – жонку», «а мяне сястра заахвоціла». А Марыя Эдуардаўна праводзіць пераклічку: 
 – Гэта мой муж Іван Аляксандравіч, мая родная сястра Лілія Мароз, траюрадная сястра Алена Навіцкая, жонка дзядзі, або «цётка з-пад дзядзькі», як мы пра яе гаворым, – Тамара Нядзвецкая, дваюрадны брат Томаш Карнацэвіч і яго жонка Таццяна, жонка другога дваюраднага брата Люся Карнацэвіч. Калі трэба, нас падтрымліваюць нашы дзеці. Яны таксама і спяваць могуць, і на музычных інструментах іграюць. 

10.jpg


У 2001 годзе да словазлучэння «сямейны ансамбль» дадалося ганаровае званне народны. Яго калектыў нязменна пацвярджае кожныя тры гады. Сёння ў рэпертуары «Сваякоў» песен звыш за сотню, ёсць сярод іх і тыя, што яшчэ спявалі бацькі Бачынскіх. Народныя беларускія, рускія, украінскія, творы вядомых калектываў. Як заспяваюць, дык чалавек губляе ўладу над сваімі эмоцыямі. Будзе песня вяселая, абавязкова на твары з’явіцца ўсмешка, калі сумная, то і слязу не ўтрымаеш. Ад чаго так? Таму што спяваюць «Сваякі» ад сэрца, да справы адносяцца з душой, а да гледача – з любоўю. 

сваяки3.jpg

Ад канцэрта да канцэрта пяшчотна нясуць яны сваю любоў да беларускай песні і з вялікім задавальненнем дораць радасць на розных пляцоўках. 

 І на ферме, і ў полі, і ў клубе, у доме культуры. Заўсёды з радасцю адгукаемся на запрашэнні. Прыемна бачыць, як у людзей падымаецца настрой ад нашых песень. А песня, як вядома, найлепшы памочнік працоўнаму чалавеку. Ведаеце, пад гэтыя песні і нас матулі гадавалі, трэба, каб і дзеці нашы ведалі сваю спадчыну і сваім дзецям яе перадавалі, – гаворыць Марыя Бачынская. 

Яны не толькі ў песнях і музыцы захоўваюўць культурную спадчыну, але і стварылі ў доме культуры аграгарадка Юбілейны музей беларускага побыту. Экспанаты для яго збіралі і са сваіх хатаў. Вышываныя матулямі рушнікі, абрусы, тканыя коўдры, прылады працы, сплеценыя рукамі бацькоў кошыкі… Усяго звыш сотні ўнікальных рэчаў. А ў мінулым годзе па іх ініцыятыве ў раёне адбыўся фестываль-конкурс творчых сямейных дынастый «Сваякі запрашаюць». Вопыт быў удалы, мерапрыемства мяркуюць зрабіць традыцыйным. 

сваяки12.jpg

 Калі паспяваеце і творчасцю займацца, і гаспадарку даглядаць? 

– Куды ж яна дзенецца, – смяецца, далучыўшыся да размовы, бойкая Тамара Нядзвецкая. – Нам есці не дай, а дай паспяваць. А ўзнагарода яшчэ і смелыя думкі пасяліла пра будучыню. Хацелася б, напрыклад, на «Славянскім базары» ў Віцебску выступіць. А можна і на Еўрабачанне замахнуцца. 

Ім не бывае сумна разам, і не надакучаюць амаль штодзённыя сустрэчы. А як інакш, калі яны аднадумцы, звязаныя любоўю да творчасці? 

 Святы адзначаем разам, адзін ў аднаго дзяцей хрэсцім. На Каляды ў госці ходзім. Нават бульбу капаем усе разам і абавязкова пад песню. Таму і родзіць яна багата кожны год. Што б ні адбылося, заўсёды разам. Так лягчэй, – дадаюць сваякі. Яны, здаецца, нават знешне падобныя. У кожнага добрыя з прышчурам вочы, ветлівы позірк, адкрытая ўсмешка і цяпло, якім шчодра дзеліцца з другімі кожны чалавек з гэтай дружнай сям’і. 

На развітанне прашу заспяваць любімую песню. У нас усе песні любімыя, амаль хорам адказваюць мне сваякі. Затым гучыць зычнае: «Томаш, даставай акардэон». Праз хвіліну Марыя Эдуардаўна расцягвае мяхі, а я рыхтуюся да ўнікальнай падзеі – міні-канцэрта, які для мяне асабіста правядуць «Сваякі». Музыка гучала задзірыста і спраўна, бубен звінеў весела, далёка разыходзіліся меладычныя гукі народнай песні «Ой там каля рэчкі, ой там каля броду». На апошніх куплетах, ужо цалкам адчуваючы сябе сваёй, і я падпявала «Сваякам». 

сваяки11.jpg
 

 
КАЦЯРЫНА ВЕСЯЛУХА

Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио