Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Свае ініцыятывы ажыццяўлялі самі

Свае ініцыятывы ажыццяўлялі самі26 октября 2018 — 16:51

У пачатку васьмідзясятых гадоў камсамольская арганізацыя калгаса імя Адама Міцкевіча выбрала сваім важаком маладога інжынера Валянціна Кавалевіча.

 

Актыўны, ініцыятыўны малады спецыяліст за невялікі час працы паспеў набыць аўтарытэт у гаспадарцы. Калгас імя Адама Міцкевіча быў у тыя гады самым вялікім на Мастоўшчыне, адпаведна і камсамольская арганізацыя таксама. У ёй налічвалася каля ста камсамольцаў.

 

-Кіраўніцтва гаспадаркі прыслухоўвалася і падтрымлівала маладых працаўнікоў, - расказвае Валянцін Альбінавіч. - Прывяду такі факт. Дзесьці ў 1988 годзе калгас закупіў восем  новых камбайнаў СК-5 Ніва. На той час гэта былі самыя высокапрадукцыйныя зернеўборачныя камбайны, свайго роду “візітная картка” савецкага сельгасмашынабудавання. І ўсе камбайны аддалі маладым механізатарам. Сярод  камсамольска-маладзёжных экіпажаў гаспадаркі было арганізавана спаборніцтва,  хлопцы штогод дабіваліся добрых вынікаў. А галоўнае, бераглі тэхніку, потым на ёй працавалі многія гады.

 

Камсамольская арганізацыя праводзіла шмат цікавых мерапрыемстваў. Многія памятаюць мнагалюдныя фестывалі працы і песні, якія праходзілі ў парку ля былога маёнтка. Дарэчы, сцэну там зрабілі самі камсамольцы, яны і выступалі з канцэртамі.

 

Там жа, ля возера, праводзілі і свята Купалля.

 

Усю культурную праграму вясковых “Дажынак” таксама арганізоўвала моладзь. Святы гэтыя любілі жыхары Вялікай і Малой Рагозніц і навакольных вёсак,  ахвотна на іх прыходзілі.

 

Камсамольцы рыхтавалі і ажыццяўлялі культурныя і спартыўныя паездкі ў Гродна, Мінск і іншыя гарады Беларусі. Пабывалі ў многіх музеях, пазнаёміліся са славутасцямі сваёй краіны, рагозніцкія юнакі некалькі разоў за год наведвалі важнейшыя матчы мінскага “Дынама”. Усё гэта згуртоўвала мясцовую моладзь, дапамагала развіваць ініцыятыву, садзейнічала паспяховай працы.

 

Валянціна Альбінавіча ў 1984 годзе выбралі дэлегатам Гродзенскай абласной камсамольскай канферэнцыі. У складзе мастоўскай дэлегацыі былі  актыўныя камсамольцы Ірына Сераброўская, Ганна Лапуць і іншыя. З’явілася магчымасць падзяліцца вопытам работы, пераняць нешта карыснае. У складзе дэлегацыі быў вядомы на Мастоўшчыне ардэнаносец механізатар калгаса імя Дубна У.Дзядолка. Гэта быў не толькі выдатны працаўнік, але і мудры добразычлівы чалавек. У яго было чаму павучыцца моладзі.

 

Праз некалькі гадоў В.Кавалевіча прызначылі галоўным інжынерам гаспадаркі. Тут былі сотні адзінак тэхнікі, і неабходна было наладзіць эфектыўную работу цэха механізацыі. На грамадскую работу заставалася менш часу. Кіраўніком камсамольскай арганізацыі быў выбраны другі малады спецыяліст гаспадаркі. У арганізацыі  работы Валянцін Альбінавіч аказаў яму неабходную дапамогу.

 

- Сваю камсамольскую маладосць заўсёды успамінаю з цеплынёй і прыемнасцю, - гаворыць В.Кавалевіч. - Столькі было моладзі на вёсцы, такім актыўным жыццём яна жыла!

С.ЗВЯРОВІЧ

 

Фота з архіва В.КАВАЛЕВІЧА

 

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна. 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио