Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Слова далёкае і блізкае, слова чароўнае і непаўторнае

Слова далёкае і блізкае, слова чароўнае і непаўторнае07 сентября 2015 — 10:00

 Нашаму  суседу гораду  Шчучыну пашанцавала стаць сёлета  цэнтрам правядзення  Дня  беларускай  пісьменнасці.  Жыхары гэтага  райцэнтра і раёна будуць  дэманстраваць  удзельнікам і гасцям свята   свае  дасягненні ў  літаратуры, мастацтве, культуры. Туды маюць намер  прыехаць  масцітыя пісьменнікі, журналісты, хто сёння не   ўяўляе сваё жыццё  без друкаванага слова, а таксама артысты. 

А мне з  гэтай нагоды захацелася  ўспомніць пра літаратурныя  традыцыі і нашай Мастоўшчыны,  Менавіта ў нашай мясцовасці  цесна перакрыжаваліся і  ўзаемадзейнічалі дзве  плыні ­­ беларуская і польская, якія  прадстаўлены  імёнамі Элізы Ажэшка, Сяргея Крыўца,  Сцяпана Пятэльскага  (М.  Арол).  Гэта ўжо гісторыя літаратуры. І сёння  літаратары Мастоўшчыны  плённа працуюць  у розных   жанрах: публіцыстыка, проза, паэзія, драматургія,  гумар і сатыра.

Нашы продкі  вучыліся ў Кракаве,  і Эліза Ажэшка любіла наш крайНашы продкі здаўна  паважалі і цанілі  разумнага і дасціпнага чалавека, які  ведаў паданні свайго краю, умеў складаць і спяваць песні. Вядома, што яшчэ ў XVI стагоддзі з Мастоў, якія   знаходзіліся  на важных гандлёвых  шляхах, вучыліся хлопцы ў Кракаўскім (Ягелонскім) універсітэце. Даследчык гісторыі Уладзімір Арлоў сцвярджае, што нехта  Ян з Мастоў нават  чытаў  шкалярам  універсітэта творы Арыстоцеля.

   З пашырэннем  граматнасці і пісьменнасці, павелічэннем колькасці школ яшчэ   шырэй праяўляецца таленавістасць нашых  людзей. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Мінявічах часта бывала  Эліза Ажэшка. Яна наведвала навакольныя вёскі  Глядавічы, Лунна, Багатырэвічы, Паніжаны, любіла адпачываць на цудоўных берагах Нёмана. Асабліва любіла  пісьменніца сутракацца і размаўляць з мясцовымі жыхарамі. На  мясцовым матэрыяле яна  напісала  аповесці “Хам”, “Нізіны”, “Дзюрдзі”, знакаміты свой раман  “Над Нёманам”.

   Аб таленавітасці нашых продкаў сведчыць багатая песенная  спадчына. У нашым краі  бывалі многія факлькларысты. У 50­томным выданні  “Беларуская народная творчасць”  амаль у кожным  томе маюцца  песні, казкі, паданні, балады і іншыя  ўзоры народнай творчасці, запісаныя на Мастоўшчыне.

  У пасляваенныя гады вёску  Котчына наведаў патрыярх беларускай музычнай культуры  Рыгор Шырма, які запісаў песні ад  жыхара  гэтай вёскі  Мікалая Марцінчыка. Пазней наш край наведвалі  вядомыя музыказнаўцы і фалькларысты  Э. Ледаховіч, А. Ліс, І. Цішчанка, Г. Барташэвіч, Л. Талай. У вёсках Сінявічы, Галубы, Дубна, Заполле, Кулёўшчына, Зарудаўе яны запісалі шмат песень.

Яркія знічкі на паэтычным  небасхілеУ 1910­1912 гадах у вёсцы Струга працаваў настаўнікам Сцяпан Пятэльскі, ён пісаў вершы і быў вядомы як паэт М. Арол. Цэнтральнае месца ў яго творах займаюць праблемы сацыяльнай  няроўнасці і вобраз паднявольнага роднага краю. У 1913 годзе ён падрыхтаваў   зборнік паэзіі “Лірнік” і паслаў яго  ў Віленскае выдавецкае таварыства, але выхаду  перашкодзіла  Першая сусветная вайна.  На пачатку вайны Сцяпан Пятэльскі быў мабілізаваны ў армію. Прымаў удзел у баявых дзеяннях, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

  У гады  знаходжання нашага краю пад уладай буржуазна­памешчыцкай Польшы  на Мастоўшчыне жылі і тварылі два паэты­-самавучкі. Сяргей Крывец і Міхась Явар. Сяргей Крывец нарадзіўся ў 1909 годзе  ў вёсцы Сухінічы ў беднай сялянскай сям’і. З 1915 па 1921 гады разам  з сям’ёй апынуўся ў  бежанстве ў Саратаўскай губерні. Пасля вяртання на радзіму быў пастухом, парабкам, цесляром. Займаўся самаадукацыяй. Некалькі разоў беспаспяхова спрабаваў перайсці  польска­савецкую  мяжу. Пасля аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі С. Крывец вучыўся у Беластоцкім  педагагічным інстытуце.  У 1944 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію, удзельнічаў у баях за вызваленне Польшы. Пасля цяжкага ранення пад Гдыняй памёр. Друкаваўся ў прагрэсіўных  заходне­беларускіх выданнях. Пісаў на беларускай, рускай, польскай і нямецкай мовах. Але  толькі  ў 1972 годзе выйшаў зборнік вершаў паэта “Дубок”. Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік ацаніў  паэзію нашага   земляка: “Прысутнасць агульначалавечага, гуманістычны пафас і філасафічнасць робяць лепшыя творы Сцяпана Крыўца  даўгавечнымі, хвалюючымі, жывымі і для сучаснага чытача.”

  Заблішчаў яркай  зоркай на паэтычным небасхіле  талент  Міхася Явара. Заблішчаў  і хутка  знік. Сапраўднае прозвішча паэта Карась, нарадзіўся ён у вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах, на беразе велічнага Нёмана. У Мінявічах прайшло дзяцінства  будучага паэта. Затым распачалася Першая сусветная вайна, і ён разам з бацькамі апынуўся ў бежанстве. У дваццатыя гады  вярнуліся дамоў, сустрэча  з роднымі мясцінамі аказалася невясёлай: вёску спалілі казакі, зямлі было мала, а сям’я вялікая. Каб  дапамагчы сям’і, Міхась пачаў   рыбачыць.  Ён добра ведаў рыбныя мясціны, лавіў шмат і ў любое надвор’е, а затым прадаваў рыбу гандлярам у мястэчку Лунна, што за дзесяць кіламетраў ад Мінявіч. Акрамя паэтычнага дару, меў  прыгожы голас і часта спяваў народныя песні.   З цягам часу Нёман  даў знаць аб сабе невылечнай на той час хваробай ­­ сухоты. Можа,  хвароба, а можа, нешчаслівае каханне  прывяло паэта­ рамантыка да самагубства.  На беразе  свайго  любімага Нёмана сонечным  ліпеньскім днём ён  выстраліў сабе ў грудзі. Хлопца  адвезлі ў гродзенскі шпіталь,  дзе ён і памёр 27 ліпеня 1933 года. Па ўспамінах відавочцаў, на пахаванне  Міхася Явара сабралася многа людзей, пахавалі яго на відным месцы на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана, які  пры жыцці натхняў яго на творчасць .

Літаратурныя шляхі вялі іх праз  МастоўшчынуДалёка ад Мастоўшчыны нарадзіўся Піліп Пястрак. А ў 1908 годзе  лёс закінуў яго сям’ю на чыгуначную станцыю Масты, бацька Піліпа Пестрака працаваў чыгуначнікам. Гэты факт пазней пісьменнік зафіксаваў  у сваіх біяграфічных нататках  “Праз жыццё”:

   -- ­­Памяць  сягае  недзе да  пятага года  свайго жыцця, калі бацька мой служыў на чыгуначнай станцыі Масты, недалёка ад Гродна, і разам з ім  жылі і мы ­­ маці і дзеці. Цяпер, калі даводзіцца ехаць  да Гродна і поезд спыняецца ў  Мастах, я заўсёды з акна вагона пільна разглядаю наваколле, каб  запрыкмеціць што­небудзь знаёмае...

  Некалькі гадоў свайго дзяцінства правёў у Лунна паэт Пятрусь Макаль. Ён жыў у дзіцячым доме і вучыўся ў Лунненскай сярэдняй школе.  Ужо тады пачаў праяўляцца паэтычны талент хлопца, а  ў 21 год Пятрусь Макаль быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. З Лунна яго шлях ляжаў у Гродна, дзе П. Макаль спачатку закончыў будаўнічы тэхнікум, а пазней педагагічны інстытут  і працаваў літсупрацоўнікам газеты “Гродзенская праўда”.

  У пасляваенны час фалькларыст Леў Бараг шэраг казак запісаў ад Івана Мазалеўскага, які нарадзіўся ў  1884 годзе ў вёсцы Вайнілавічы, а апошнія гады  жыцця  правёў у Мастах. Адна з казак  “Разумны хлопчык” у перакладзе на нямецкую мовы змешчана ў зборніку “Беларускія народныя казкі”, што выйшла з друку ў Берліне.

І сёння пішуць вершы  і раманыУ вёсцы Вайнілавічы ў 1950 годзе  нарадзіўся Анатоль Варабей. Ён закончыў Курылавіцкую  сярэднюю школу, а пазней філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Як крытык і  літаратуразнаўца, даследуе гісторыю беларускай літаратуры. З 1988 года ён член Саюза  пісьменнікаў  Беларусі.

    На Мастоўшчыне і  сёння  жывуць і займаюцца творчасцю некаторыя нашы сучаснікі. У Стральцах доўгі час жыла і працавала  Ірына Навуменка­Данік. Яна  піша вершы з дзяцінства, друкавалася ў  часопісах “Полымя”, “Літаратура  і мастацтва”, “Работніца і сялянка” і, вядома ж,  у нашай “Зары над Нёманам”. Ірына Мікалаеўна таксама член Саюза пісьменнікаў  Беларусі. Яе вершы здзіўляюць сваёй адметнасцю, неардынарным  бачаннем свету і адлюстраваннем гэтага бачання ў паэтычных вобразах.

  Лявон Вашко­­журналіст, драматург празаік. Некаторы час працаваў карэспандэнтам у  газеце “Зара над Нёманам”.  Выдаў зборнікі апавяданняў “Еўрапейскія гісторыі”, “Паэты­цары”.   У Мастах нарадзілася і жыве Зінаіда Біліда. Вершы таксама піша з дзяцінства. У свет выйшлі шэсць яе  зборнікаў: “Крык душы”, “Бегущая волна”, “Солнечный лучик” для дзяцей, апошні зборнік “Вкус полыни”.  Бурны росквіт літаратурных талентаў Мастоўшчыны працягваецца. У вёсцы Падбараны жыве і  працуе над сваімі раманамі  член Саюза пісьменнікаў Беларусі   Аляксей Сазанчук.

   У газеце “Зара над Нёманам пачынала  творчы шлях у журналістыку і літаратуру Аксана Галубовіч, зараз яна працуе на тэлебачанні ў Гродна. У мінулым годзе выйшла з друку  яе першая кніга апавяданняў і эсэ “Насустрач жыццю”. Роздум пра сэнс чалавечага жыцця і месца чалавека ў гэтым свеце ­­  галоўная яго тэма. Творы маладой пісьменніцы вызначаюцца  тонкім літаратурным  густам і інтэлігентнасцю. Немагчыма не заўважыць яшчэ адной  асаблівасці яе прозы­­ даверліва­спавядальны стыль.

    Літаратурныя  традыцыі нашага краю,  можа, і не такія  багатыя, як у іншых, але  гэта наша агульная  скарбонка, значная частка нашай духоўнай мясцовай культуры.                                                                         

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: