Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

Што за цуда-шар павіс на ўвесь абшар?!

Што за цуда-шар павіс на ўвесь абшар?!27 сентября 2013 — 10:00

 Нядаўна да нас у рэдакцыю зайшла мастаўчанка, жыхарка левабярэжжа, Аляксандра Максімаўна Жылінская, каб падзяліцца цікавым фактам з уласнага жыцця.Жанчына расказала пра незвычайную з’яву прыроды, якую ёй давялося назіраць ранкам па дарозе ў грыбы.

— Гэта быў канец жніўня, панядзелак, — успамінае наша субяседніца. – З самай раніцы, дзесьці на пачатку шостай гадзіны, я ехала на веласіпедзе ў бок Дзенькаўцаў. Люблю, ведаеце, быць у лесе першай, “абследаваць” на наяўнасць грыбоў не ходжаныя нікім мясціны. Дык вось, выехаўшы за горад і падняўшыся на прыгорак, я  ўбачыла на небе вялізны шар. Ён свяціўся і пераліваўся рознымі колерамі, як ніткі люрэксу на жаночай кофце.Спрабуем уявіць тое, што ўбачыла наша зямлячка, і знайсці больш-менш зразумелае тлумачэнне гэтаму працэсу. На дапамогу прыходзіць сама сведка нечага нерэальна-фантастычнага.

— Спачатку спужалася, падумала, ці не канец свету наступае?! – працягвае свой эмацыянальны расказ Аляксандра Максімаўна. – Пасля мільганула думка, што, можа быць, гэта іншапланецяне якія прыляцелі. Расказваюць жа ў газетах і па тэлевізары пра талеркі іхнія, што з’ўляюцца ў самых розных месцах. Дык, можа, ужо і да нас дабраліся?.. А пасля вырашыла, што няма мне часу сачыць за гэтым шарам, трэба хутчэй лісічкі збіраць. А то прамарудзіш – і ўжо хтосьці іншы на тваёй паляне гаспадарыць…

Прыладзіўшы свой двухколавы транспарт да нятоўстай сасёнкі спецыяльным замком, аматарка ціхага палявання рушыла ў лес, але раз-пораз усё ж такі пазірала ўгору. А шар тым часам быццам асунуўся ўніз, а пасля і ўвогуле знік.

— І трэба ж такі цуд на старасці гадоў убачыць, — разважае мастаўчанка. – Цікава толькі, што ж гэта было на самой справе?! Вы ж толькі не падумайце, што я прыдумшчыца якая-небудзь, не, усё як мае быць вам распавядаю, што на ўласныя вочы бачыла…

Запэўніўшы нашу субяседніцу, што ў нас няма падстаў ёй не давяраць, бо наўкола столькі незразумелага і дагэтуль нябачанага, распытваем пра жыццё-быццё. Аказваецца, Аляксандра Максімаўна ўсё жыццё ад-працавала на хлебазаводзе. Была пекарам, фармоўшчыцай, а потым, калі ў цэху ўстанавілі нямецкую машыну і працэс стаў аўтаматызаваным, працавала аператарам. Ужо больш  за дзесяць гадоў жанчына знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку, бавячы свой вольны час у лесе.

— Лісічкі здаю нарыхтоўшчыкам, а сабе збіраю сыраежкі – яны мякчэйшыя, — дзеліцца асабістым Аляксандра Максімаўна. — Трэба дожджыка і начэй пацяплей, бо грыбам патрэбны вільгаць і цяпло – тады толькі паспявай ад адной грыбной мясціны да другой пераходзіць, — з веданнем справы адзначае жанчына, якая з’яўляецца вопытным грыбніком са стажам у некалькі дзесяткаў гадоў.

Н.СВЯТЛОВА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио