Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

Што ні падворак – то песні, пачастункі і вясёлыя гамонкі

Што ні падворак – то песні, пачастункі і вясёлыя гамонкі07 октября 2015 — 10:00

Штогод, калі Масты сустракаюць свой чарговы дзень нара­ джэння, павіншаваць і парадаваць гараджан стараюцца жыхары аграгарадкоў і вёсак раёна. Вось і сёлета па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК была арганізавана работа стылізаваных вясковых падворкаў. Тут гаспадаркі дэманстравалі вырашчаны ўраджай, а работнікі культуры ­­ творчы патэнцыял. Атрымалася вельмі весела, цікава і  надзвычай гасцінна.

Славіцца сваімі стараннымі працаўнікамі, сваімі дбайнымі і руплівымі гаспадарамі наша мастоўская зямля. Пацвярджэнне таму – падворкі сельскагаспадарчых арганізацый, дзе было на што паглядзець і чым падзівіцца.Сёлета значна пашырыўся і абнавіўся падворак закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”. Стылізаваная хатка набыла яшчэ большую ўтульнасць, а ў двары з’явіліся выстава работ мясцовых майстроў і цуда­дрэва, на якім “выраслі” розныя патрэбныя рэчы. Для дзяцей былі ўстаноўлены невялікія драўляныя арэлі. Кожны жадаючы мог ацаніць смак прыгатаваных тут жа юшкі і шашлыку, паспытаць салёнага сала і паляндвіцы, пачаставацца фірмовымі пончыкамі ад Ганны Антонаўны Лісоўскай. Дарэчы, гэта яе ўмелымі рукамі было прыгатавана большасць страў багатага гудзевіцкага стала. А пакуль госці частаваліся, сваю справу рабілі музыкі, якія адказвалі за добры настрой наведвальнікаў падворка.

­­ - Хацелася б адзначыць энергію, заўзятасць і арганізатарскія здольнасці майго намесніка па ідэалагічнай рабоце А.Г.Палойкі, былога старшыні сельсавета І.А. Жукоўскай, якая згадзілася нам дапамагчы, дырэктара Гудзевіцкага музея К.В. Басінскай. Гэта яны ўсё так ладна і добра арганізавалі. А ўвогуле, хачу выказаць словы падзякі ўсім работнікам гаспадаркі і арганізацый, што знаходзяцца на яе тэрыторыі. Мы чым можам дапамагаем ім, а яны – нам, ­­ - падкрэсліў дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Антонавіч Санько.

Кожны падворак быў па­свойму цікава аформлены, багаты на садавіну, агародніну і іншыя прысмакі, якія можна было паспытаць і нават выйграць у латарэю. Менавіта такая, бяспройгрышная, была арганізавана на падворку адкрытага акцыянернага таварыства “Чарлёна”. Хтосьці тут набыў цыбулю, моркву, бульбу, буракі – адным словам, пайшоў дамоў не  з пустымі рукамі.

Шмат гледачоў сабраў абрад “Сустракаем маладых”, што ладзіўся на падворку сельгаскааператыва імя Адама Міцкевіча. Пастараліся работнікі культуры і ўдзельніцы творчага гурта “Чараўніцы”, якія падрыхтавалі шмат вясельных песень, шчырых віншаванняў і пачастункаў – якое ж вяселле без усяго гэтага!

 Залівіста і гучна гучалі вясёлыя народныя песні на падворку філіяла “Дубна”. Шчодра аддзячыла зямля працавітых дубненцаў за клопат аб ёй.  Ураджаем агародніны і садавіны мог падзівіцца кожны, хто заходзіў на падворак. І гэта ў не зусім спрыльны сельскагаспадарчы год!

Поўныя засекі зерня, бульбы і агародніны дэманстравалі і на падворку сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Азяранскі”. Тут ладзілася цэлая канцэртная праграма з удзелам мясцовых майстроў добрай і шчырай песні. І ўсё гэта разам з прыветлівасцю, гасціннасцю і аптымізмам арганізатараў падворка.

З караеваем і песнямі сустракалі гасцей і на падворку сельгаспрадпрыемства “Мастаўчанка”. А яшчэ тут працаваў невялікі драўляны млын, ды не зусім звычайны. Як расказалі нам старэйшыя людзі, ён “можа малоць не толькі зерне на муку, але і ўсе нягоды і праблемы ў адзін момант пераўтварае ў пыл”. 

Вось так весела, з выдумкай і фантазіяй, трапным народным гумарам і багатым сталом, накрытым для дарагіх гасцей, і жывуць нашы вяскоўцы. Адгалосак гэтай святочнай  сустрэчы на гарадскім стадыёне, якую і адныя, і другія будуць з нецярпеннем чакаць зноў, надоўга застанецца ў памяці прыемным восеньскім успамінам.

З першых вуснаўВіктар Міхайлавіч МЯТЛЮК, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:­­ -- Хочацца выказаць словы падзякі ўсім кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, якія вельмі адказна і добрасумленна падышлі да падрыхтоўкі падворкаў. Камісіі было складана ацаніць тую выдумку і фантазію, якую праявілі вяскоўцы, яшчэ цяжэй было вызначыць лепшых.

І, тым не менш, пераможцам конкурсу на лепшы сельскагаспадарчы падворак 2015 года стала ЗАТ “Гудзевічы”. Тут і паўната прадстаўленых экспанатаў, і музычнае суправа­джэнне, эстэтыка і мастацкае афармленне падворка, і прафесійныя навыкі арганізатараў ­­ усё было на “дзесятку”.

Другое месца было прысуджана СВК імя Адама Міцкевіча, трэцяе  ­­ СВК “Азяранскі”. ААТ “Чарлёна” было ўзнагароджана за лепшую прэзентацыю ўласнай плодаагародніннай прадукцыі. Філіял “Дубна” адзначаны за арыгінальнае мастацкае афармленне падворка, а МРУСП “Мастаўчанка” – за захаванне ў экспанатах традыцый і звычак свайго краю.

Н.ШЭЎЧЫКФото С.ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: