Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Шматграннасць жыцця

Шматграннасць жыцця11 мая 2012 — 10:00

Аляксей Пятровіч Кавалевіч нарадзіўся 28 ліпеня 1929 года ў вёсцы Мілявічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і сельскага каваля. У 1950 годзе закончыў Дзярэчынскую СШ, у 1954-ым – Гродзенскі педагагіч-ны інстытут імя Я. Купалы. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў школах Воранаўскага раёна.  Літаратурнай творчасцю пачаў займацца ў школе, затым -- у Гродзенскім педагагічным інстытуце, з’яўляючыся членам літаратурнага аб’яднання “Нёман” пры абласной газеце “Гродзенская праўда”. На яе старонках публікаваў вершы і замалёўкі разам са старэйшымі паэтамі Заходняй Беларусі Міхасём Васільком і Ігнатам Дуброўскім, а таксама вядомым беларускім паэтам Петрусём Макалём.

У 1963 годзе па сямейных абставінах пераехаў у горад Міёры Віцебскай вобласці, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Міёрскай сярэдняй школе, працаваў  інспектарам раённага аддзела адукацыі, узнагароджаны значком “Выдатнік народнай асветы БССР”. З 1969 па 1997 гады працаваў намеснікам рэдактара Міёрскай раённай газеты “Сцяг працы” (цяпер “Міёрскія навіны”), кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Ручаёк”.

На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці ў Міёрах зарэкамендаваў сябе здольным і творчым работнікам. На старонках “раёнкі”, а таксама абласной і рэспубліканскай прэсы часта публікаваў вершы, нарысы і замалёўкі аб перада-віках вытворчасці, лепшых людзях сферы абслугоўвання, прапагандаваў іх вопыт работы, чым уносіў важкі ўклад у развіццё эканомікі і культуры раёна. Менавіта тут, у раёне, дасягнула эпагея яго літаратурная і журналісцкая творчасць,  якую ён працягвае і ў сучасны перыяд, знаходзячыся на заслужаным адпачынку.

У 1995 годзе пабачыў свет паэтычны зборнік “Прыстанак”, а ў 1996 годзе – кніга нарысаў і замалёвак “Сустрэча праз гады” – аб лепшых людзях Міёршчыны: рабочых,  настаўніках, урачах, работніках культуры, сельскай гаспадаркі, удзельніках вайны і партызан-скага руху, узнагароджаных высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Усяго ў кнізе  надрукавана 92 нарысы  і замалёўкі.

У 1997 годзе пабачыў свет паэтычны зборнік “Прыгоды Дзеда Мароза і Снягурачкі на Міёршчыне”, які расказвае аб тым, як штогод, напярэдадні Новага года, Дзед Мароз і Снягурачка абыходзяць Міёршчыну, знаёмяцца з дасягненнямі за год усіх працоўных  калектываў, у лёгкай гумарыстычнай форме крытыкуюць недахопы. Каштоўнасць кнігі ў тым, што ў ёй увекавечана памяць многіх працоўных калектываў і гаспадарак раёна, якія ўжо даўно не існуюць.

У 1998 годзе была выдадзена кніга прозы “Наш родны кут” аб сучасных перадавіках вытворчасці раёна, якія ўносяць свой важкі ўклад у развіццё эканомікі і культуры. У 1999 годзе пабачыла свет чарговая кніга прозы “Бацькаўскія карані”, аб лепшай дынастыі хлебаробаў Міёршчыны – Скавародках. Тут і дзяды, і бацькі, і дзеці займаліся і займаюцца цяпер сельскагаспадарчай вытворчасцю – вырошчваюць хлеб. Адзін з прадстаўнікоў дынастыі – Уладзімір Юр’евіч, які пайшоў па шляху свайго бацькі,  працаваў памочнікам, затым камбайнерам роднага калгаса “Шлях да камунізму”, намеснікам старшыні калгаса “Першага  Мая”, закадчыкам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, старшынёй выканкама, з’яўляецца дэпутатам Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У 2000 годзе пабачыла свет шостая кніга аўтара “Волат на пустэчы”, прысвечаная гісторыі стварэння і станаўлення аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Міёршчыны – камбікормавага завода, яго людзям, якія аддалі ўсё сваё жыццё гэтаму прадпрыемству. Узначальваў яго сучасны старшыня райвыканкама Віктар Іосіфавіч Тарасевіч.

У 2002 годзе выйшла кніга нарысаў і замалёвак “Ах, мая рэдакцыя!”, прысвечаная супрацоўнікам раённай газеты, лепшым яе актывістам.У 2006 годзе ўбачыла свет яго восьмая кніжка нарысаў і замалёвак аб лпешых людзях Міёрскага раёна “Бронзавы ліставей”, якой была прысуджана дзяржаўная стыпендыя, як і за кніжку “Ах, мая рэдакцыя!”

За асабісты ўклад у беларускую журналістыку ў 1999 годзе А. П. Кавалевіч удастоены званняў “Заслужаны журналіст саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь” і “Лаўрэат прэміі саюза журналістаў Беларусі”.

У сваім лісце ў рэдакцыю Аляксей Пятровіч напісаў: «Мне ўжо 80 гадоў. Многа было падзей у жыцці. Шмат зроблена і напісана. Праўда, пра сваю Мастоўшчыну менш. Аднак заўсёды і думкамі, і сэрцам я быў са сваімі Мілявічамі, дзе ў мяне шмат родзічаў. Колькі я буду жыць, я ўсёй істотай буду з роднай Мастоўшчынай ...»С. ЗВЯРОВІЧНа здымку: Аляксей Пятровіч КАВАЛЕВІЧ.



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: