Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
Актуально

Шлюбам пабрацца – сям’і не цурацца

Шлюбам пабрацца – сям’і не цурацца30 декабря 2015 — 10:00

 Кожны, хто зазірне ў памяшканне Мастоўскага аддзела ЗАГС, не зможа застацца раўнадушным. Уражваюць сучасным афармленнем утульны хол, раскошная зала рэгістрацыі шлюбу, ветлівыя да кожнага наведвальніка супрацоўнікі. І хоць пра работу гэтай установы напісана шмат, цікавасць да яе не змяншаецца. Бо тут злучаюцца лёсы і вырашаецца многа жыццёвых пытанняў. Пра гэта наша гутарка з начальнікам аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Таццянай Ільінічнай ГЕРМАСЬ.

– Чым адметная рэгістрацыя шлюбу ў вашай установе?– З улікам таго, што дзень нараджэння сям’і мае вялікую значнасць у жыцці кожнага чалавека, мы заўсёды ідзем насустрач пажданням жаніха і нявесты,  каб гэты момант застаўся ў іх памяці як самы хвалюючы і ўрачысты. Разам з тым, ствараючы індывідуальны сцэнарый урачыстасці, укладваючы ў яго душу, абавязаны ўлічваць, што дзяржаўная рэгістрацыя шлюбу з’яўляецца перш за ўсё юрыдычна-прававым актам, а значыць, павінна ўключаць пэўны рытуал, як марш Мандэльсона, урачыстае віншаванне,  уручэнне  пасведчання аб шлюбе і  так далей, але  не  ператварацца ў забаўляльнае мерапрыемства. У пошуках такога кампрамісу я звярнулася  ў раённы аддзел культуры, і на сёння ў нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з ансамблем народнай песні «Ярыца» і Мастоўскім цэнтрам рамёстваў. Па замове маладых артысты сустракаюць іх вясельнымі спевамі пры ўваходзе ў будынак ЗАГСа. Таксама ім прапануецца скарыстаць магчымасць заказаць сувенірныя  гаршочкі, апалонікі, тканыя паясы, адорваючы якімі, можна прамаўляць «на век добры і на быт добры» беларускія народныя прымаўкі-віншаванкі. У выніку атрымліваецца вельмі прыстойная і прыгожая цырымонія.

– Ці існуюць патрабаванні да адзення жаніха і нявесты пры ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу?– Пэўных абмежаванняў не прадпісана, і ў большасці выпадкаў рэй вядзе вясельная мода. Яна ж схіляецца да таго, каб маладыя выглядалі стыльна і гарманічна дапаўнялі адзін другога. Напрыклад, не так даўно ў нас пабраліся шлюбам маладыя ў белых кедах. Пры тым, у нявесты быў чырвоны пасак, а ў жаніха такога ж колеру гальштук.

– У многіх  гарадах і пасёлках Беларусі набывае папулярнасць выязная рэгістрацыя шлюбу. А як у Мастах?– Тут, мушу адзначыць, што не кожнае пажаданне маладых,  плануючых  выязную шлюбную цэрымонію, можа быць задаволена.  Існуе палажэнне Савета Міністраў, у адпаведнасці з якім, рэгістрацыю шлюбу за межамі аддзела ЗАГСа, пасялковага і сельскага выканкамаў дазваляецца праводзіць у памяшканнях ўстановаў культуры, у  пмяшканнях, размешчаных у гістарычных і памятных месцах, помніках архітэктуры, мастацтва і гісторыі, архітэктурных ансамблях і г.д., зацверджаных спісамі райвыканкамаў. А таксама ў тых памяшканнях, што абумоўленыя дагаворамі на аказанне паслугі па выязду для рэгістрацыі шлюбу да месца правядзення ўрачыстасці. У Мастоўскім раёне такіх мясцін, як, замкі ў Міры і Гродне, якія б адпавядалі вышэйзгаданаму палажэнню, няма. Затое ў нашым ЗАГСе адна з прыгажэйшых у            Гродзенскай вобласці зала цырымоній, ёсць пакоі для жаніха і нявесты, таму заказы на выязную рэгістрацыю шлюбу бываюць вельмі рэдка.

– А ці часта адбываюцца неўрачыстыя запісы актаў грамадзянскага стану? Ці абавязкова пры гэтым прысутнасць сведкаў, наяўнасць новых кольцаў і іншае?– Па статыстыцы апошніх гадоў, урачыстых і неўрачыстых рэгістрацый шлюбу прыблізна аднолькавая колькасць. У 2013 годзе органамі ЗАГСа Мастоўскага раёна з 245 зарэгістраваных шлюбаў 154 (63 працэнты ад агульнай колькасці) было зарэгістравана ва ўрачыстай абстаноўцы. У 2014 годзе з 257 зарэгістраваных шлюбаў 140 (54 працэнты ад агульнай колькасці) было зарэгістравана ва ўрачыстай абстаноўцы. За 11 месяцаў 2015 года з 214 зарэгістраваных шлюбаў 122 (57 працэнтаў ад агульнай колькасці) было зарэгістравана ва ўрачыстай абстаноўцы. Такім чынам, у апошнія гады назіраецца рост неўрачыстых рэгістрацый шлюбаў у раёне. Прысутнасць сведак  пры рэгістрацыі шлюбу не абавязкова. Што датычыць абмену кольцамі, то гэты атрыбут неабавязковы, так як адносіцца да шэрагу народных традыцый. Частка  рэгістрацый абыходзяцца без іх.Неўрачыстая рэгістрацыя шлюбу адбываецца ў службовым кабінеце. Гэта працэдура заключаецца ў тым,  што жаніх і нявеста ставяць свае  подпісы ў акце грамадзянскага стану і атрымліваюць пасведчанні аб шлюбе. Калі мы даведваемся,  што ўступаючыя ў шлюб маюць сумесных дзяцей, то прапануем адначасова падаць заявы ад імя бацькі і маці на ўстанаўленне бацькоўства.

– Дзеці, народжаныя па-за шлюбам... Здаецца мне,  што гэта мода пайшла ў сувязі з тым, што на іх догляд раней маці-адзіночкам выдзялялася большая, чым поўным сем’ям, дзяржаўная матэрыяльная дапамога.– Мы аналізавалі гэтую з’яву і прыйшлі да высновы, што ніякай сувязі тут не існуе. У 2007 годзе такіх дзяцей была 1/14 частка ад усіх народжаных у Мастоўскім раёне, у 2009-ым – 1/9 частка, у 2014-ым – 1/7 частка. Як бачыце, прычына павелічэння колькасці дзетак, у пасведчаннях аб нараджэнні якіх адсуднічаюць звесткі пра бацьку, у нечым іншым.

–  Які ўзрост самы аптымальны для ўступлення ў шлюб?– Псіхолагі лічаць, што лепш за ўсё ствараць сям’ю ў 27-30 гадоў для жанчын і 28-32 гады для мужчын, калі чалавек ужо вызначыўся з прафесіяй, мае стабільны заробак і можа несці адказнасць за іншых людзей. Прыблізна такі ўзрост, у прыватнасці 29 гадоў у мужчын і 26 гадоў у жанчын, быў у маладых, якія зарэгістравалі шлюб у нашым ЗАГСе летась. У 2005 годзе жаніхам было ў сярэднім 27 гадоў, нявестам –25, у 1990 го-дзе – адпаведна 22-24 і 21-22 гады. Відавочная тэндэнцыя  да павелічэння сярэдняга ўзросту ўступаючых у шлюб. З чаго можна зрабіць вывад, што да рашэння стварыць сям’ю сення маладыя падыходзяць адказна і свядома. І тут хочацца адзначыць, што гарманічную пару, якая падае заяву ў ЗАГС, заўсёды відаць, што называецца, з першага погляду. Як, на жаль, і выпадковую…

– Якія яшчэ функцыі выконвае сёння Мастоўскі ЗАГС?– Тое, аб чым мы гаварылі вышэй, можна сказаць, толькі маленькая, прытым парад-ная, частка нашай працы.  У большасці ж мы займаемся мноставам другіх запісаў актаў, па якіх адсочваюцца найбольш значныя вехі ў жыцці кожнага жыхара нашага раёна. Апроч рэгістрацыіі шлюбаў, нараджэння, устанаўлення бацькоўства, усынаўлення, гэта  яшчэ дзесятак розных адмі-ністратыўных працэдур. Да нас звяртаюцца за зменай прозвішча, імя і імя па бацьку, папраўкамі ў запісы актаў грамадзянскага стану, паўторнымі пасведчаннямі, шматлікімі даведкамі і інш.  Ва ўсіх выпадках кожны дакумент павінен быць аформлены выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам, каб з-за той ці іншай недакладнасці не пацярпелі інтарэсы грамадзян і іх нашчадкаў.

Т. МАЗУР



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: