Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и история75 лет Гродненской областиКультура и историяКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Шчодры, непаўторны талент гудзевіцкай майстрыхі Веры Ігнатаўны Белакоз

Шчодры, непаўторны талент гудзевіцкай майстрыхі Веры Ігнатаўны Белакоз20 февраля 2019 — 09:26

Мы жывём у вельмі прыгожай, гасціннай краіне. Краіне багатай на добрых, спагадлівых, справядлівых, таленавітых, працавітых і вельмі разумных людзей. Ні для каго не сакрэт, што іх сярод нас шмат, але сённяшняя наша гаворка пойдзе аб жанчыне асаблівай, заслугоўваючай павагі і захаплення – Веры Ігнатаўне Белакоз, якой споўнілася 85 гадоў.

   З нагоды гэтай значнай падзеі ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства “Талент шчодры, непаўторны!”, якое было напоўнена цеплынёй, шчырасцю, павагай і дабрынёй. Шмат аднавяскоўцаў, сяброў, знаёмых і проста добрых людзей прыйшло павіншаваць імянінніцу.

   Нарадзілася Вера Ігнатаўна 3 лютага 1934 года ў вёсцы Ляткі тады Ваўкавыскага, а зараз  Мастоўскага раёна  Гродзенскай вобласці. Бацькі Ігнат Іванавіч і Вольга Сямёнаўна Сырэй – сяляне, жылі са свае гаспадаркі, таму дзяўчына  яшчэ з дзяцінства вучылася самай рознай сялянскай працы, у тым ліку і апрацоўцы лёну, ткацтву. У 1948 годзе скончыла Гудзевіцкую сямігадовую школу і паступіла ў Гродзенскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча, якое закончыла ў 1952 годзе. У хуткім часе вярнулася ў родную вёску, пайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, зараз вядомага краязнаўцу, стваральніка Гудзевіцкага музея Алеся Мікалаевіча Белакоза. Выгадавалі траіх дзяцей. Мае ўнукаў і праўнукаў.

   Яшчэ ў 1970 годзе, працуючы ў школе, стварыла ткацкі гурток для дзяцей. Там вучні асвойвалі тэхніку ткацтва паяскоў і закладачкаў на маленькіх ручных кроснах. Пазней гэты гурток пачаў працаваць пры музеі. А дачка Веры Ігнатаўны Марына Аляксандраўна, скончыўшы філалагічны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта, вучыць ткацтву ўсіх жадаючых у абласным Палацы дзіцячай і юнацкай творчасці.

   У 1991 годзе ў зале практычнага ткацтва музея быў вытканы першы падвойны дыванок. Гэтую рэдкую і складаную тэхніку засвойвала Вера Ігнатаўна ад жыхаркі в.Адэльск Яніны Райскай. Навучылася сама, а потым вучыла ўжо іншых.

   У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў в.Гудзевічы была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а Веры Ігнатаўне ў 2013 годзе прысвоена званне “Народны майстар”. Падвойныя дываны  Веры Ігнатаўны  ўпрыгожваюць экспазіцыю  роднага ёй музея, захоўваюцца ў фондах іншых музеяў.

   Неаднаразова яе работы дэманстраваліся на розных мясцовых і рэспубліканскіх выставах, у тым ліку на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, на нацыянальнай выстаўцы “Беларускі гасцінец” у Ашхабадзе ў 2015 годзе. У 2016 годзе Вера Ігнатаўна Белакоз стала лаўрэатам прэміі А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”. У гэтым жа годзе Вера Ігнатаўна правяла майстар-клас па падвойнаму ткацтву на “Славянскім базары” ў Віцебску.

   За сваю плённую працу  яна адзначана шматлікімі граматамі, дыпломамі, пісьмамі падзякі, у тым ліку дыпломам лаўрэата першай ступені на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”.

   Расказваць пра гэтую жанчыну можна бясконца, таму сустрэча была прыемнай і цікавай. Кожнаму прысутнаму хацелася выказаць юбіляршы самыя найлепшыя пажаданні. Для  Веры Ігнатаўны гучалі прыгожыя, меладычныя песні ў выкананні работнікаў філіяла “Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”. Настаўнікі і дзяўчынкі-школьніцы ДУА “Гудзевіцкая СШ” –Сняжана Барысік, Карына Цыдзік, Ксенія Гаспаровіч, Дар’я Трацяк  –таксама падарылі цёплыя, кранаючыя душу вершы і песні. Мікалай Пятровіч Іваноўскі прачытаў  верш, які напісаў з гэтай нагоды.  Шмат пажаданняў і добрых слоў ад мясцовых жыхароў выказала Зоя Уладзіміраўна Богдан.   Напрыканцы хочацца сказаць, што кожнаму з нас трэба любіць і шанаваць сваю культуру, традыцыі, звычаі, перадаваць іх  маладому пакаленню, чым Вера Ігнатаўна і займаецца. Таму прыклад Веры Ігнатаўны  можа быць яркім узорам для пераймання.

 

Старшы навуковы супрацоўнік УК “Гудзевіцкі

дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”                            Л.І.Рэйшэль



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио