Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСпорт и ТуризмСпортивная жизнь Мостовщины

Шчасце, калі дзеці дастаўляюць радасць

Шчасце, калі дзеці дастаўляюць радасць01 ноября 2010 — 10:00

Кантралёр аддзела збыту Мастоўскага раёна электрычных сетак Святлана Іванаўна Юрэня 14 кастрыч-ніка пабывала  на ўрачыстым прыёме  ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама  С. Б. Шапіры. Цёплы прыём і святочны канцэрт былі  арганізаваны для жанчын з нагоды Дня маці.У аблвыканкаме ў гэты дзень па традыцыі ўшаноўвалі і праслаўлялі жанчын за іх мацярынскі подзвіг. Пяць мнагадзетных жанчын былі ўзнагаро-джаны на прыёме ордэнам Маці, астатнія мамы атрымалі кветкі, падарункі і добры настрой.

    —Аб тым, што  давядзецца паехаць на сустрэчу з губернатарам, даведалася ў самы апошні момант. Гэта для мяне аказалася  нечаканым, але прыемным сюрпрызам. На  падобных мерапрыемствах я раней не была. Уражанні  засталіся самыя добрыя,— успамінае Святлана Іванаўна нядаўнюю  паездку ў Гродна.

    Дзень маці— прыгожае і светлае свята, бо ніякая нават самая высокая пасада не заменіць жанчыне  тыя радасць і шчасце, якія дастаўляе  ёй мацярынства. З гэтым згодна і Святлана Іванаўна—мама дваіх цудоўных дзяцей. Дачка Аксана— студэнтка. Сёлета яна паспяхова заканчвае Гродзенскі дзяржаўны універсіэт імя Я. Купалы. Сын Алег—бронзавы прызёр  нядаўняга  чэмпіянату свету па веславанню, лаўрэат Прэзідэнцкага спартыўнага фонду— гонар не толькі бацькоў, але і ўсяго нашага раёна. Не так ужо і многа на Мастоўшчыне спартсменаў, якія дабіваліся такіх высокіх поспехаў. Алег Юрэня марыць  прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях. Ведаючы яго настойлівасць і мэтанакіравасць, можна спадзявацца, што і  самую высокую спартыўную вяршыню Алегу Юрэню ўдасца пакарыць!

    Дасягнуць у спорце высокіх вынікаў немагчыма без напружанай працы. Працавітасць у Алега ад бацькоў. Калі хлопчык упершыню сеў у лодку і амаль адразу ж пачаў прыстойна веславаць, ён паабяцаў бацькам, што стане добрым веславальшчыкам. Прайшоў час, і Алег стаў спартсменам сусветнага ўзроўню.

    Спорт высокіх дасягненняў патрабуе ад спартсмена не толькі вынослівасці, сілы, але і жорсткасці. Першае ў Алега ёсць. На радасць маме,  сын вырас добразычлівым, спагадлівым і міласэрным. У памяці бацькоў назаўсёды застанецца эпізод  з юначых спаборніцтваў па веславанню ў Слоніме. Лодка саперніка, з якім Алег змагаўся за першае месца, у час фінальнай гонкі зачапілася носам за буй. Другі на месцы Алега з трыумфам святкаваў бы перамогу, раз саперніку так не пашанцавала. Алег жа дапамог таму хлопцу вызваліць лодку з “пасткі” і  сам  фінішыраваў толькі другім. Тое другое месца сына бацькі лічаць раўназначным  залатым медалям самай высокай пробы. Алег на выдатна вытрымаў самы складаны экзамен -- на чалавечнасць. А чэмпіён тых спаборніцтваў, падышоўшы да Юрэні, моцна паціснуў яму руку і сказаў:    —Запомні, Алег, калі табе  ў жыцці спатрэбіцца дапамога, разлічвай на мяне!

     Такія адносіны ў жыцці заслужыць няпроста.     І яшчэ Алег, як брат, хоць і малодшы, па-брацку падтрымівае сястру Аксану. Нават сваёй Прэзідэнцкай стыпендыяй дзеліцца з ёю, лічыць:  у студэнта грошы ніколі лішнімі не бываюць.

   Выхаваць чэмпіёна складана. Яшчэ складаней выхаваць дастойнага чалавека. Святлане Іванаўне і Алегу Уладзіміравічу Юрэням гэта ўдалося. Дзеці—гэта іх шчасце і радасць!

                                        Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

На здымку: Святлана Іванаўна ЮРЭНЯ.


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио