Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

“Шчасце – усё, што люблю, і чым даражу...”

“Шчасце – усё, што люблю, і чым даражу...”16 апреля 2013 — 10:00

Утульны і дагледжаны дом, вялікая дружная сям’я, любімая праца – усім гэтым даражыць у жыцці гераіня нашага чарговага артыкула. Хто яна? Ніна Мікалаеўна Марчык – бібліятэкар сельскай Стралецкай бібліятэкі, жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, фіналістка раённага конкурсу “Жанчына года”, дзе была адзначана ў намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”.Штодня Стралецкая бібліятэка гасцінна адчыняе свае дзверы. Штодня Ніна Мікалаеўна прымае сваіх наведвальнікаў, запрашаючы іх на сустрэчу з добрай і разумнай кнігай. Менавіта пры дапамозе кнігі бібліятэкар вучыць падрастаючае пакаленне адказваць за свае ўчынкі, а таксама дабрыні, міласэрнасці, любові і клапатлівым адносінам да роднай зямлі і людзей. І так на працягу ўжо дваццаці васьмі гадоў.

— Маштабнасць мыслення, неабыякавасць і павага да людзей – галоўныя якасці Н.Н. Марчык. Яе жыццёвае крэда – арыгінальны і творчы падыход ва ўсім, —   адзначае дырэктар Мастоўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Уладзіміраўна Валчкевіч. – Адказная, дасціпная і энергічная, Ніна Мікалаеўна змагла сабраць багаты матэрыял аб сваёй зямлі, земляках і на яго аснове стварыла некалькі тэматычных альбомаў, такіх, як “Наш калгас ў друку”, “Людзі нашых вёсак”, “Знакамітыя людзі Мастоўшчыны”, “Паэтэса Прынёманскага краю”. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі аддзела культуры, дыпломам і падзячнымі пісьмамі райвыканкама, каштоўнымі падарункамі.

Як нам расказалі ў сельсавеце, Ніна Мікалаеўна – чалавек вельмі адказны, акуратны, энергічны і актыўны, здольны “запаліць” сваёй ідэяй і аптымізмам. Яна ўваходзіць у склад камісіі па справах непаўналетніх сельвыканкама, з’яўляецца членам жансавета, а таксама пастаянна выбіраецца сакратаром участковай выбарчай камісіі. Жанчына добра ведае мясцовых людзей, ды і вяскоўцы ставяцца да яе з павагай.Сама ж Ніна Мікалаеўна родам з вёскі Самуйлавічы Пацавіцкага сельсавета. У свой час закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Разам з мужам Аркадзіем Арсеньевічам, з якім яны ідуць разам па жыцці ўжо 32 гады, выгадавалі траіх сыноў. Аляксандр, Дзмітрый і Сяргей сталі добрымі людзьмі, стараннымі і ўмелымі спецыялістамі кожны ў сваёй сферы дзейнасці, зараз ужо маюць уласныя сем’і. Шчаслівых дзядулю з бабуляй радуюць сваёй дзіцячай непасрэднасцю чацвёра ўнучанят – Дзіяна, Дзімка, Мілена і Маргарытка.

— Дзіянка ў нас расце артысткай: і спявае, і танцуе, нават у нас у клубе выступала, — дзеліцца радаснымі навінамі Ніна Мікалаеўна. – А найбольшая пацеха зараз – гэта малодшая Маргарытка, якой толькі споўнілася паўтара годзіка.На святы ў  прыгожым і ўтульным доме ў Камянчанах збіраецца ўся вялікая і дружная сям’я Марчыкаў. З такой нагоды Ніна Мікалаеўна абавязкова пячэ пірагі ці гатуе торт. Дапамагаюць гаспадыні ў гэтым нявесткі і нават унучкі, якія, па ўсім відаць, хутка складуць канкурэнцыю бабулі.

— Напэўна, гэта і ёсць шчасце – усё, што маю, чым даражу і што люблю, — разважае наша субяседніца. – Нішто не заменіць чалавеку дома, сям’і, але і без любімага занятку цяжка пражыць. Добра, калі ўсё гэта гарманічна сумяшчаецца…Нельга не пагадзіцца са словамі Ніны Мікалаеўны, бо ў іх – і мудрасць, і праўда нашага жыцця.

Н.ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА і з сямейнага архіва Н.Н. Марчык



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: