Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Серабром у маладых запарушаны скроні, залатое вяселле святкуе сям’я...

Серабром у маладых запарушаны скроні, залатое вяселле святкуе сям’я...10 января 2015 — 10:00

 Як і пяцьдзесят год назад,  Ірыне Іванаўне і Леаніду Паўлавічу Горным з вёскі Букштава   госці   крычалі: “Горка!”, бо  ні адно  вяселле, а тым больш залатое, не абыходзіцца без гэтага. І гучней за іншых крычалі  “Горка!”  і радаваліся за бацькоў і бабулю з дзядулем   сын, дзве дачкі і ўнукі. А з якім  натхненнем і пачуццём спявалі ўнукі: “Бабуля побач з дзядулем, зноў яны жаніх і нявеста”.  А  ўнукаў у  шаноўных жаніха і нявесты шасцёра, падрастае і маленькая  праўнучка Злата. Букет і віншавальную паштоўку перадалі юбілярам былыя калегі. Да выхаду на пенсію Ірына Іванаўна  шаснаццаць год адпрацавала галоўным бухгалтарам у  тагачасным калгасе “Шчара”.

На такія прыгожыя юбілеі   ў бацькоўскай хаце звычайна  цесна ад гасцей, збіраюцца не толькі дзеці, унукі, праўнукі. А якое свята  без баяна і песень! Цэлую канцэртную праграму падрыхтавалі для залатых юбіляраў работнікі Азёркаўскага сельскага клуба Галіна Антонаўна Шалястовіч і Ірына Мікалаеўна Шалястовіч.  Яны  песнямі, якія Ірына Іванаўна і Леанід Паўлавіч слухалі і спявалі ў дні сваёй маладосці, расчулілі  залатых маладых да слёз, вярнулі ўспамінамі  ў дні далёкай маладосці, калі яны,  двое  шчаслівых закаханых, яшчэ школьнікі,  прызначаюць спатканне каля свайго  любімага  разгалістага дуба, і ўсё жыццё  ў іх  яшчэ наперадзе. Успомнілі, што ў дзень іх вяселля, 28 лістапада 1964 года, надвор’е было, як і сёлета: яшчэ не зіма,  але ўжо і не восень.

Як імгненне  праляцелі гады, а здаецца, што   ўсё гэта было ўчора.  Ірына Іванаўна і  сёння, праз паўстагоддзя  сумеснага жыцця  з мужам,    лічыць сябе шчаслівай  жанчынай:   -- ­­Я ўсім сваім дочкам, унучкам і праўнучцы хацела б  пажадаць такога мужа, як мой Лёнік. Не думала,  што мы з ім дажывем да залатога вяселля. Каб ні хвароба, што падкасіла маё  здароўе,   на ўрачыстасць паклікалі б усіх суседзяў,  былых калег па рабоце, закацілі б у калгаснай сталоўцы банкет на ўвесь свет. А так давялося сабраць у сваім доме толькі самых блізкіх. Дзякуй дзецям, унукам, нявестцы,  зяцям і, вядома ж, мясцовым работнікам культуры, што арганізавалі і развесялілі нас  з мужам і  гасцей, ­­  - выказвае ўдзячнасць Ірына Іванаўна.

Раман Ірыны і Леаніда пачаўся яшчэ ў школьныя гады.  Далёка не ва ўсіх першае школьнае пачуццё  вытрымлівае праверку часам на трываласць і  сур’ёзнасць. Да прыняцця рашэння аб стварэнні сям’і  маладыя  людзі таксама ішлі доўга,  амаль дзясяць гадоў.  Але затое паўвека  яны аберагаюць сваё каханне, з’яўляючыся прыкладам для  ўласных дзяцей і ўнукаў,  для аднавяскоўцаў.

  І ў іх жыцці магло б  усё скласціся па­іншаму, але ад свайго лёсу не ўцячэш. Ірына, як некаторыя яе равеснікі, марыла паехаць у горад і ўладкавацца там на работу:  ­­--  Нас  з братам мама  гадавала адна. Было цяжкавата, мама многа працавала на калгаснай рабоце і на ўласнай гаспадарцы. Мы   дапамагалі ёй, як маглі. Магчыма, у горад я хацела адправіцца ў пошуках шчаслівейшай долі. Сёння ўжо дакладна  і не памятаю, што перашкодзіла мне стаць гараджанкай,­­успамінае Ірына Іванаўна. ­­ Марыла пра горад,  а  ўсё жыццё  пражыла ў вёсцы. Працавала на розных работах, доўгі час рабіла  свінаркай. Ужо будучы мамай траіх дзяцей, завочна закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Праўда,  да доўгачаканага  дыплома ішла  цэлых дзесяць гадоў,  з­за малых дзяцей даводзілася браць акадэмічныя водпускі. А, можа, прычынай, каб застацца, была мама. Я вельмі яе шкадавала і не магла пакінуць адну. Мама так усё жыццё і пражыла пры нас з мужам, ­­ -- працягвае  ўспаміны жанчына.

Леанід Паўлавіч  таксама  ненадоўга пакідаў сваю вёску. У пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя ён па камсамольскай пуцёўцы   паехаў на асваенне цалінных зямель.  -- ­­Працаваць мне выпала камбайнерам  у Паўладарскай і Кустанайскай абласцях.  Жылі мы ў вагончыках. Выйдзеш раніцай з вагончыка, і куды ні глянь ­­ бяскрайні стэп. І ніводнага  дрэўца вакол. Я  чамусьці больш  за  ўсё сумаваў па беларускіх лясах. Адным словам,  стэп мяне не зацікавіў і  не  захапіў, і я вярнуўся дамоў,­­ -- успамінае Леанід Паўлавіч цалінную эпапею.

У  роднай вёсцы  Букштава дарогі Ірыны Іванаўны  і Леаніда Паўлавіча сышліся  ў адну. Паўстагоддзя яны крочаць побач, здолеўшы  зберагчы каханне і вернасць адзін другому, з’яўляючыся прыкладам для пераймання. Менавіта за  гэта дзеці і ўнукі  ўручылі  ім  на залатым вяселлі своеасаблівы  дыплом шчаслівага сямейнага жыцця.                                  

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: