Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумБелорусский союз женщин - 25 лет вместеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Сапраўднае шчасце жыве ў доме мастаўчан Наталлі і Сяргея Дудко

Сапраўднае шчасце жыве ў доме мастаўчан Наталлі і Сяргея Дудко12 октября 2018 — 13:32

Сапраўднае шчасце – вясёлае, звонкае, цікаўнае і шумнае – жыве ў доме мастаўчан Наталлі і Сяргея Дудко. Яно пасялілася тут разам з нараджэннем дачушкі Паліны, а пасля толькі памнажалася са з’яўленнем на свет сыноў Мікалая і Ромкі. Любоў і дабрыня, узаемаразуменне, павага і жыццярадаснасць складаюць аснову іх сям’і, якой нядаўна споўнілася дзевяць гадоў.

 

Мікалая і Ромку – у дзіцячы сад, Паліну – на заняткі па танцах, а пасля ў школу. Сабраць, накарміць, прылашчыць і даць наказ не сваволіць. Пакуль дзеці пад наглядам, вырашыць асабістыя справы, патэлефанаваць  свякроўцы, паспець прыбраць кватэру і прыгатаваць вячэру, на якую пасля працоўнага дня сабярэцца ўся сям’я. Па такім графіку праходзіць тыдзень за тыднем у шматдзетнай матулі Наталлі Дудко.

 

- А на выхадныя мы са сваёй трохпакаёўкі абавязкова адпраўляемся да бабулі, якая жыве ў прыватным сектары. Вось дзе раздолле для дзяцей, і не толькі для гульняў, яны вельмі любяць дапамагаць дарослым ва ўсіх справах, ­ - з добрай усмешкай на твары расказвае наша суразмоўца.

 

Дарэчы, Наталля па спецыяльнасці ­ швачка, сваю прафесійную дзейнасць пачынала на прадпрыемстве бытавога абслугоўвання, а пакуль што знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па дагляду за малодшым Ромкай, якому споўнілася два гады.

 

- Мама расказвала, што мой дзядуля ў гады вайны шыў салдатам абутак – быў добрым шаўцом. Ды і бабуля мела нядрэнныя навыкі ў гэтай справе. Пэўна, ад іх мне і перадалося ўменне добра абыходзіцца з іголкай, ніткай і швейнай машынкай, ­ - удакладняе Наталля, якая можа не толькі фіранкі на вокны пашыць, але і стыльныя абноўкі для сваіх дзяцей справіць.  - Галоўнае прызванне гэтай маладой абаяльнай жанчыны заключаецца ў захаванні сямейнага ачага.

 

Муж Сяргей звязаў сваё жыццё з гандлем – працуе прадаўцом прыватнага прадпрыемства “Брыялін”. Гэта сумленны працаўнік, клапатлівы бацька, сябар і паплечнік сваёй другой паловы, аснова і падмурак сямейнай гармоніі.

 

Іх старэйшая дачка Паліна вучыцца ў трэцім класе другой гарадской школы, наведвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе займаецца танцамі. Але толькі гэтым захапленні дзяўчынкі не заканчваюцца. Яна вельмі любіць спяваць, дэкламаваць вершы. У матулі Паліна – першая памочніца ў хатніх клопатах. Нядаўна парадавала ўсіх смачным амлетам, наступны яе крок у сямейнай кулінарыі – яблычны пірог.

 

Хлопчыкі ва ўсім імкнуцца быць падобнымі на тату, без іх актыўнага ўдзелу дома не абыходзіцца ні адна справа. Рамонт табурэткі, зборка стала, праполка агарода ў бабулі ці рыбалка – Коля і Ромка тут як тут.

 

- Яны не толькі вучацца і дапамагаюць бацьку, але і замяняюць яго, калі той на працы, а дома раптам спатрэбілася мужчынская сіла. Тут жа дастаюцца цацачныя малаточкі і астатняе абсталяванне, усё прыбіваецца, прыладжваецца і надзвычай моцна трымаецца да бацькавага прыходу, ­ - усміхаецца Наталля.

 

Расказ пра гэтую сям’ю не будзе поўным без узгадвання любімай бабулі, маці і свякрові Людмілы Мікалаеўны Дудко. Многія гады свайго жыцця яна прысвяціла дзецям, працуючы выхавальнікам у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г.Масты (былым пятым дзіцячым садзе). Літаральна днямі Людміла Мікалаеўна адзначыла свой 60­гадовы юбілей, на які родныя і блізкія, а таксама ўнукі парадавалі прыемным сюрпрызам.

 

- Без бабулі мы нікуды, ­ шчыра адзначае Наталля. – Яна і дапаможа, і падкажа, і параіць. Мы ўсе пытанні вырашаем сумесна.

 

Сумесна, за душэўнай размовай, са смачнымі пірагамі і духмяным чаем у гэтай сям’і праходзіць і Дзень маці. Дзеці радуюць матулю і бабулю падарункамі, зробленымі сваімі рукамі, а ў адказ атрымліваюць надзвычай моцныя і чуллівыя пацалункі і самыя добрыя на свеце ўсмешкі.                

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара

 

 

 

 

 



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио