Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

“Салодкай ягады толькі жменя, горкай ягады – два вядры...”

11 января 2011 — 10:00

У вёсцы Парфёнавічы па-суседску з маёй мамай жыве цудоўная жанчына-доўгажыхарка  Ядвіга Ануфрыеўна Ланец, якой 21 снежня споўнілася 90 гадоў. Яе летапіс жыцця—гісторыя нашай вёскі.

Ядвіга Ануфрыеўна, як і ўсе старэйшыя вяскоўцы, любіць пасядзець па  лавачцы. Падсядзеш да яе і пачуеш ні адну гісторыю жыцця, успаміны пра яго шчаслівыя і горкія хвіліны. Хочацца ёй адкрыць душу людзям, якія яе зразумеюць, падтрымаюць.

   Слухаеш яе ўспаміны, і перад вачыма паўстае перажытае і пражытае, як у старым чорна-белым кіно. А жыццё гэтай жанчыны было нялёгкім, з выкрунтасамі і перапляценнямі, як ніткі ў заблытаным матку. Я добра ведаю Ядвігу Ануфрыеўну і пераканана, што яна за-слугоўвае лепшага. Але, як гаворыцца, свой лёс і на кані не аб’едзеш і ні з кім не заменішся.

 Ядвіга Ануфрыеўна вызначаецца сярод вяскоўцаў дабрынёй і спагадлівасцю. Гэтая жанчына гасцінна і ветліва сустракае кожнага, хто адчыняе дзверы яе хаты, стараецца накрыць стол  для гасцей. Чалавек яна шчыры і гасцінны, не можа да людзей адносіцца інакш.   Жыццё не песціла   Ядвігу Ануфрыеўну. Яна рана засталася без маці, у поўнай ступені адчула і спазнала, што такое сірочы хлеб. Нялёгка жылося і замужам. Вялікая сям’я, малыя дзеці, праца на ферме і па гаспадарцы амаль не пакідала часу на адпачынак. Муж яе працаваў брыгадзірам і па характару быў чалавекам суровым. Калі хтосьці з жанчын не прапалоў дзялку буракоў, значыць, ты, брыгадзірава жонка, павінна іх прапалоць, каб падтрымаць аўтарытэт мужа. 

  Выручалі дзеці, іх было ў сям’і сямёра. Праўда, два сыночкі і дачушку пахавала яшчэ малымі. І сёння са слязьмі ўспа-мінае, як несла дамоў мёртвае цельца чатырохгадовага сыночка з бальніцы, каб пахаваць па-людску. Як гэта ўсё змагло вытрымаць мацярынскае сэрца?! Але яно моцнае, яно здольна ўсё перажыць...

  Жыццё не стаіць на месцы. А бяда зноў на парозе хаты: раптоўна  памірае муж. Праз некалькі гадоў смерць вырывае з жыцця на пяць-дзесят чацвёртым годзе  і дачку Марысю. Слёзы не высыхаюць на вачах  у Ядвігі Ануфрыеўны. Гэтыя страты наклалі адбітак на здароўе  гэтай моцнай і вынослівай жанчыны.

  Жыццё выпрабоўвала жанчыну не раз, але не зламала яе. Яна выстаяла: у  працы, у клопатах пра дзяцей, унукаў і праўнукаў яна бачыць сэнс свайго жыцця. ”Пражыла жыццё на зямлі, яна, зямелька-маці, дапамагла выстаяць, утрымацца, Хай і дзеці мае жывуць доўга, і ўнукі, і праўнукі”, — гаворыць жанчына-маці і змахвае са шчакі слязінку рукой, на якой выразныя сінія жылкі, нібы  жыватворныя ручайкі і рэкі на нашай зямлі…

 Т. КУЛЬ, в. Парфёнавічы



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: