Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Салдацкая біклага

Салдацкая біклага24 февраля 2014 — 10:00

 Бываючы ў музеі баявой славы СШ №3 г. Масты, многія наведвальнікі звяртаюць увагу на алюмініевую салдацкую біклагу, дзе выгравіравана “Шаўчэнка І. П.”. І тут жа яны бачаць фотаздымак старшыны з чапаеўскімі вусамі, пад якім таксама  подпіс “Шаўчэнка І. П.». Мне, былому кіраўніку музея “Памяць”, даводзілася не раз праводзіць экскурсіі. Я расказвала, што гэтую салдацкую біклажку ў 1969 годзе падарыў музею сам Іван Пятровіч, які прыязджаў да нас па за-прашэнню чырвоных следапытаў.

Аднак гісторыя экспаната аказалася іншай. Пра гэта я даведалася пазней з газеты “Зара над Нёманам”:— Сярод тых, хто вызваляў наш горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені далёкага 1944 года быў і старшына 1172-га стралковага палка 348-й стралковай дывізіі Іван Пятровіч Шаўчэнка. У 1969 годзе, у дзень 25-годдзя вызвалення Мастоў, Іван Пятровіч прыязджаў у наш горад і быў у гасцях у школе. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі яго выступленне. Расказваць ён умеў, яго памяць за-хоўвала шмат эпізодаў з нялёгкага франтавога жыцця. Дарэчы, ён ваяваў у адным палку з Іванам Тордзія, які загінуў у баі за Масты і пахаваны ў нашым горадзе.

Адным словам, вучні запомнілі выступленне І. П. Шаўчэнкі і яго самога. Пасля гэтай падзеі прайшоў некаторы час. І вось аднойчы адзін вучань, на жаль, не запамятаў яго прозвішча, прынёс у школу біклажку з выгравіраваным на ёй прозвішчам старшыны. Я пацікавіўся, дзе ён знайшоў яе. Вучань паведаміў мне такую гісторыю: “Мая бабуля жыве ў вёсцы Кавалі Ваўкавыскага раёна. Я часта бываю ў яе ў гасцях. І вось аднойчы я ўбачыў там гэтую самую біклажку. Мяне ўразіла прозвішча на ёй: няўжо гэтая біклажка належала таму самаму ветэрану, што выступаў у нашай школе? Бабуля не памятала, якім чынам гэтая салдацкая рэч апынулася ў іх доме, але сказала, што біклажка тут з вайны. Я папрасіў, каб бабуля аддала біклажку мне для школьнага музея, бо там выступаў ветэран з такім прозвішчам, -- пісаў у газеце Міхаіл  Максімавіч Гурскі.

Вось так гэты экспанат апынуўся ў нашым музеі. Міхаіл Максімавіч у свой час напісаў пра гэта ветэрану і спытаў у яго, ці не памятае ён дзе і пры якіх абставінах мог пакінуць ці камусьці яе падарыць. Іван Пятровіч адказаў, што за вайну ў яго было шмат біклажак. Магчыма, гэта і ягоная, тым больш, што воінскае падраздзяленне, у якім ён служыў, праходзіла па гэтых мясцінах.

З 348-й стралковай дывізіяй І. П. Шаўчэнка прайшоў усю вайну, ад Ржэва да Берліна. Удзельнічаў у абароне Масквы і Ленінграда, у аперацыі на Арлоўска-Курскай дузе, вызваляў Беларусь, Польшчу. Быў некалькі разоў паранены, мае бая-выя ўзнагароды: медалі “За адвагу”, “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Берліна”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.

Іван Пятровіч Шаўчэнка – ураджэнец Арэнбургскай вобласці. У школьным музеі маюцца яго пісьмы з успамінамі аб падзеях ваенных гадоў. На жаль, яго ўжо няма ў жывых, але памяць пра яго ў музеі захоўваецца, і аб гэтым яшчэ раз напомніла простая салдацкая біклага.

Л. АЛЬШЭЎСКАЯ,былы кіраўнік музея баявой славы СШ №3 г. МастыФота з музея СШ №3 г. Масты


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио