Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумЖизнь

Роздум пад шолах ападаючых лісцяў

Роздум пад шолах ападаючых лісцяў04 сентября 2013 — 10:00

 Восень –  самы прыгожы час. Гэта своеасаблівы золак чалавечага жыцця. Восенню мы асабліва скрупулёзна і па-філасофску пачынаем асэнсоўваць наша мінулае, сённяшняе, будучае. Восень – гэта час вяселляў, стварэння новых сем’яў.   Верасень – першы месяц восені.  І ў гэты залаты час беларускі народ пачынае падлічваць не толькі сваё ўвішнае збожжа на палетках,  у садах, але і падсумоўвае вынікі на ніве асветы, адукацыі і выхавання.  І вельмі сімвалічна, што менавіта рознакаляровымі вераснёўскімі днямі тысячы маленькіх беларусаў  сядаюць упершыню за школьныя парты.   

У першым храме іх жыццёвых універсітэтаў – школе – іх  сустракаюць настаўнікі – тыя апантаныя і вялікія  людзі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без высакароднай дзейнасці педагога. Яны абралі сэнсам свайго жыцця – ззяць для іншых, саграваць сваімі палымянымі сэрцамі маленькіх грамадзян Айчыны.

Восенню чалавек пачынае ўзгадваць незабыўныя моманты свайго жыцця, сваё дзяцінства,  юнацтва, сталыя гады. Гэта адметны  час добрай настальгіі і шчырага роздуму. Вось і мне захацелася выказаць лірычныя словы павагі ўсім  Настаўнікам з вялікай літары, Жыццёвым Педагогам. Бо з намі па жыцці заўсёды крочаць духоўныя настаўнікі, якія нас не толькі вучаць, але і натхняюць, падказваюць,  раяць, не пакідаюць у горы і бядзе, даючы надзейную пуцёўку ў жыццё. Такіх духоўных настаўнікаў – велічных і самаадданых -  у чалавека, на жаль, не надта многа. І таму трэба асабліва цаніць тых, якіх займеў  у  сваіх жыццёвых вандроўках.   Нашы духоўныя настаўнікі вучаць нас любіць Радзіму – вялікую і маленькую.  Вучаць любіць жыццё. Яны  валодаюць незвычайным талентам  цярплівай любові, поўнай адданасці, добразычлівасці, павагі, неабыякавасці.  А мудрасць і святло душы  гэтых людзей набліжаецца да бацькоўскай – да пяшчоты матулі і гаспадарлівасці бацькі.

Улада педагога над дзіцём павінна быць граматнай і не пераборлівай! Дзіця  толькі тады стане адданым вам, калі паверыць вам. На даверы, дабрыні і любові і трымаецца жаданне дзіцяці шукаць абарону ў дарослага.Восенню асабліва   востра разумееш: выхаванне – вялікая справа, бо ім у многім вырашаецца наш жыццёвы лёс. Перад педагогамі ўсіх часоў і народаў стаіць агром-ністая задача: выхаваць і сфарміраваць душы дзяцей. А ў справе выхавання няма і не можа быць ніякіх  дробязей!

І я, як педагог, перакананы, што дзіця ўмее любіць толькі  таго, хто яго любіць.  Дзіця можна выхоўваць толькі сапраўднай любоўю. Аднак памыляюцца тыя, хто думае, што педагогіка -  навука пра дзіця, а не пра чалавека. Бачыць жа добрае ў чалавеку заўсёды цяжка.

Лічу, што нармальнае выхаванне ў тым і заключаецца, каб  дарослае пакаленне  перадавала дастойна свае вопыт,  хобі, веды, заняткі  і пераканні малодшаму пакаленню.  Мы павінны прабудзіць энэргію ў падрастаючага пакалення. Дурное ў чалавеку можна імгненна  разварушыць  – як гнілую  дрыгву. Добрае ж  – яно чакае, яно, бывае,  не толькі гадамі, дзесяцігоддзямі,  але і стагоддзямі выхоўваецца.

Трэба памятаць, што, выхоўваючы дзяцей, мы выхоўваем будучую гісторыю нашай прыгожай Бацькаўшчыны. І самае галоўнае – навучыць дзетак  любіць жыццё з усім, што ёсць у ім. А галоўная дарога чалавечнага выхавання ёсць граматнае  перакананне.

Школа па-за жыццём – гэта хлусня і крывадушша. Школа толькі тады набывае якасць сапраўднай, калі ў ёй фарміруецца разумная думка падрастаючага пакалення. Дрэнны той настаўнік, які сам мала вучыцца. Дрэнны той педагог, якому самому нецікава тое, што ён выкладае. Дзеці ж усё чуюць і бачаць.

Настаўнік – вялікае  грамадскае прызнанне. Духоўны настаўнік – гэта найлепшы сябра чалавека, яго Зорка. А кожнае дзіця – паэт. І настаўніку неабходна вучыцца   ўводзіць яго ў свет творчасці. Дзякуй, Духоўныя Настаўнікі, што вы крочыце з намі пастаянна па жыцці! Дзякуй, настаўнікі, што вы, нягледзячы ні на што, засталіся вернымі абранай ніве -  сеяць і збіраць ураджай. Няхай на гэтым шляху будзе менш камення, а больш шчодрых каласкоў!

К. КАРНЯЛЮК,педагог



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: