Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумДуховностьБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Ролю асобы і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) абмеркавалі ў Мастоўскай раённай бібліятэцы

Ролю асобы і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) абмеркавалі ў Мастоўскай раённай бібліятэцы10 сентября 2018 — 10:24

Бягучы год аб’яўлены ў Беларускім Экзархаце Рускай Праваслаўнай Царквы годам архірэя-ўз’яднальніка мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі). Менавіта сёлета споўнілася 220 гадоў з дня нараджэння і 150 гадоў з дня блажэннай смерці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага.

З гэтай нагоды ў Мастоўскай раённай бібліятэцы ладзілася мерапрыемства з удзелам настаяцеля храма Святога прарока Іллі г. Масты айца Уладзіміра Мазгова, спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алы Зябліцавай, навучэнцаў Нядзельнай школы Свята-Ільінскай царквы, а таксама працуючай моладзі і вучняў старэйшых класаў гарадскіх школ.

Як адзначыў айцец Уладзімір, звяртаючыся да прысутных, гэтае мерапрыемства, прысвечанае памяці мітрапаліта Іосіфа, заклікана нагадаць пра духоўны і жыццёвы шлях моцнага духам і перакананнямі чалавека, сапраўднага патрыёта, чыя царкоўна-грамадская дзейнасць аказала значны ўплыў на развіццё Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён заклікаў маладых людзей жыць у згодзе са сваім сумленнем, не цурацца веры, слухацца бацькоў і прыслухоўвацца да Свяшчэннага пісання, дзе ёсць адказы на ўсе пытанні. Духоўная мудрасць гучала і ў паэтычных радках вершаў, прачытаных Елізаветай Мазговай і Арынай Русіновіч.

З падрыхтаванай відэапрэзентацыі рабяты і госці даведаліся пра асноўныя этапы жыцця і дзейнасці мітрапаліта. Так, Высокапраасвяшчэнны Іосіф (Іосіф Іосіфавіч Сямашка) нарадзіўся 25 снежня (па старым стылі) 1798 года на Украіне. Ён паходзіў са старажытнага шляхецкага роду, многія прадстаўнікі якога па сямейнай традыцыі былі ўніяцкімі святарамі. Іосіф атрымаў вышэйшую духоўную адукацыю ў каталіцкай Галоўнай духоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце. У 27-гадовым узросце ён ужо стаў прэлатам і займаў пасаду засядацеля дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, што сведчыць аб вялікіх асабістых здольнасцях. Аднак паступова Іосіф расчароўваецца ў каталіцтве і прымае рашэнне перайсці ў праваслаўе, паступіўшы ў манахі Аляксандра-Неўскай лаўры.

 З 1828 па 1830 гады ён, сустрэўшы зацікаўленасць імператара Мікалая I, здолеў правесці рэформу ўніі.

У 1829 годзе прэлат Сямашка быў узведзены ў сан епіскапа. Сваё высокае становішча ён выкарыстаў для паступовага і прадуманага набліжэння ўніятаў да праваслаўя.

У 1839 годзе праасвяшчэнны Іосіф узначаліў Сабор уніяцкага духавенства ў Полацку, дзе было аб’яўлена аб вяртанні ўніятаў, што пражывалі на беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх землях, да праваслаўнага веравызнання.

Да канца жыцця ўладыка ўзначальваў Літоўскую і Віленскую епархію, у якую ўваходзілі тэрыторыі ўсёй заходняй часткі сучаснай Беларусі. Узведзены ў 1852 годзе ў сан мітрапаліта, высокапраасвяшчэнны Іосіф працаваў над умацаваннем праваслаўнай веры сярод уз’яднанай паствы. Памёр архірэй у 1868 годзе ў Вільні. Яго магіла ў крыпце Свята-Духава сабора захавалася да нашых дзён.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота В.ДЗЯРНЕЙКІ

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио