Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизньЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Родная зямля сілы мацуе

Родная   зямля   сілы мацуе27 апреля 2018 — 08:23

Адныя ўпрыгожваюць родны край сваімі творчымі знаходкамі, другія ж – добрасумленным выкананнем прафесійных абавязкаў і працоўнымі поспехамі. Як, напрыклад, жывёлаводы філіяла “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, з якімі мы пазнаёміліся падчас прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”.

 

Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. Гэта акурат пра ветэрынарнага фельчара МТФ “Сухінічы” Святлану Мікалаеўну Кая. Пасля заканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа яна ўжо дзевяць гадоў працуе ў філіяле “Дубна”.


-- Работа мне падабаецца, а ў мае абавязкі ўваходзіць лячэнне і прафілактыка захворванняў цялят і кароў. Сама я таксама родам з Сухініч, так што да сельскагаспадарчай працы мне не прывыкаць. Бацька і маці таксама ў свой час працавалі ў гаспадарцы, зараз знаходзяцца на пенсіі, -- расказвае Святлана Мікалаеўна.


На дадзенай ферме, па словах загадчыка Івана Міхайлавіча Макаўца, ўтрымліваецца 850 галоў, з іх 180 – гэта дойны статак, астатнія – цялушкі ўзнаўлення. Пытанні захавання здароўя жывёл, якасці малака, дарэчы, тут яго здаюць вышэйшым гатункам, -- усё гэта ў кампетэнцыі ветэрынара.


-- Ведаеце, не пакрыўлю душой, калі скажу, што лепшага фельчара, як Святлана Мікалаеўна Кая, у нас на ферме не было, -- падкрэсліў Іван Міхайлавіч. – Яна добра ведае сваю справу, добрасумленна да яе адносіцца і якасна выконвае. Святлана дастаткова кампетэнтны спецыяліст, які можа самастойна ацаніць сітуацыю і прыняць правільнае рашэнне на карысць агульнай справы.


Словы свайго калегі пацвярджае і галоўны заатэхнік Канстанцін Уладзіміравіч Янчэўскі. Дарэчы, гэта па яго хадайніцтву С.М.Кая была адзначана раённай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў аграпрамысловага комплексу.



Дубненская зямля стала лёсам і месцам прыкладання сваіх ведаў, уменняў і сіл і для жывёлавода МТК “Чарлёна 777” Сямёна Сямёнавіча Сухоцкага. Сам ён родам з вёскі Стукалы, а ў 2000 годзе сям’я Сухоцкіх пераехала ў аграгарадок Дубна, дзе іх адразу ж забяспечылі добраўпарадкаваным жыллём.


-- Ёсць добрая работа, дом, магчымасць праявіць свае здольнасці ў розных творчых конкурсах, што дазваляе добра і цікава жыць і ў вёсцы. Ёсць разуменне сваёй запатрабаванасці і моцнае жаданне прыносіць карысць сям’і, раёну, радзіме, -- разважае наш суразмоўца, які на МТК даглядае каля 500 галоў цялушак ад шасцімесячнага ўзросту да дарослых кароў.


Уласная гаспадарка ў Сухоцкіх таксама немалая, ёсць карова, цялушка, конь.
-- Калі ўсё рабіць з любоўю, разуменнем справы і руплівасцю, дык часу хопіць і на працу, і на адпачынак, -- адказвае Сямён Сямёнавіч на наша пытанне наконт таго, калі ён усё паспявае.


Дарэчы, пазалетась сям’я Сухоцкіх стала пераможцай конкурсу “Уладар сяла” ў раёне і вобласці. У рэспубліцы нашы землякі былі другімі. Гэтыя вынікі забяспечвалі сам Сямён Сямёнавіч, яго жонка і трое дзяцей – Наталля, Юра і Жэнька пры падтрымцы гаспадаркі, родных і сяброў. А адной з галоўных пераваг Сухоцкіх перад сапернікамі стала тое, што яны ўмела спраўляліся з канём: хутка і правільна яго запрагалі і распрагалі. Што і казаць, вопыт -- справа карысная.


Як расказала старшыня прафкама філіяла “Дубна” Наталля Паўлаўна Семянчук, у рамках акцыі “Наш жывёлавод” больш за тры дзясяткі лепшых жывёлаводаў гаспадаркі былі адзначаны прафсаюзнай пярвічкай.


Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио