Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайБеларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Радкі, якія кранаюць душу

Радкі, якія кранаюць душу25 июня 2023 — 19:00

Сёння ў рамках праекта “Родны край – крыніца натхнення”, мы раскажам пра цікавага чалавека, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” Мікалая Пятровіча Іваноўскага.

Нарадзіўся Мікалай Пятровіч у шматдзетнай сям’і Пятра Мікалаевіча і Ніны Іванаўны Іваноўскіх. Дзяцінства прайшло, як у многіх вясковых хлапчукоў тых гадоў: дапамагаў бацькам, “прападаў” з сябрамі на рэчцы Верацейка і ў Міцькаўскім лесе, вучыўся ў Гудзевіцкай сярэдняй школе. Вучоба давалася Мікалаю лёгка, захаплялі ўрокі матэматыкі і хіміі, запоем чыталіся мастацкія кнігі. Пасля заканчэння Гродзенскага ПТВ хімікаў №49 атрымаў спецыяльнасць “апаратчык хімічнай вытворчасці”. Вучылішча скончыў на выдатна і быў накіраваны на Гродзенскі азотна-тукавы завод, якому аддаў трыццаць пяць гадоў свайго жыцця.

А потым вярнуўся з Гродна ў родную вёску Пачуйкі, што знаходзіцца на мяжы Ваўкавыскага і Мастоўскага раёнаў. Трэба было падтрымаць маці, разам перажыць гора – заўчасную смерць брата, мастака Дзмітрыя Іваноўскага. Карціны з выявамі родных краявідаў на сценах бацькоўскай хаты, здаецца, глядзелі з дакорам. І паліліся вершаваныя радкі на роднай мове… Па змесце яны быццам дапаўнялі карціны брата. Так з’явілася першая кніга “Нашчадкі роду Іваноўскіх”.

Сустрэчы з чытачамі, іх шчырыя водгукі і падтрымка калег па пяру натхнілі на новыя вершы: “Пачуйскія крыжы”, “Жураўліны кліч”, “Гудзевіцкія калядкі”, “Вяртанне дамой” ды іншыя творы. Адгукаецца радасна ў душы, калі пазнаеш у вершах Мікалая Пятровіча родныя Гудзевіцкія мясціны. А як прыемна і цікава пазнаваць у вершах знаёмых людзей! Так, верш “Знакаміты род” расказвае пра сям’ю Бібіла, вядомую не толькі ў роднай вёсцы, але і далёка за яе межамі.

 Сваёй творчасцю паэт запаўняе нішу, у якой ёсць месца гісторыі роду, народным традыцыям і побыту. Калі не хапае лірычных сродкаў, на дапамогу прыходзяць гумар і сатыра.

Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту прызначана маляўнічая кніжка “Загадкі на ўсе выпадкі”. Кнігу можна лічыць своеасаблівым слоўнікам сакавітых беларускіх слоў. А другая – “Сцяжынка дзяцінства” далучае падлеткаў да вясковага побыту, тлумачыць з’явы прыроды, апавядае пра птушак і звяроў, вучыць даражыць спадчынай і любіць родную мову.

Хвалюе аўтара і ваенная тэма, шмат вершаў прысвечаны подзвігу пакалення Вялікай Айчыннай вайны, салдатам. У сваіх творах аўтар хоча данесці да чытача неабходнасць захавання міру на зямлі, выступае супраць вайны.

Паэзія Мікалая Пятровіча – шчырая, добрая, мудрая – нікога не пакідае абыякавым. І, мы ўпэўнены, што ў кнігах Мікалая Іваноўскага кожны знойдзе радкі, якія крануць яго душу.

Вольга БІСЕРАВА,

намеснік дырэктара ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио