Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Пячэ свой хлеб і вырошчвае кедры

Пячэ свой хлеб і вырошчвае кедры13 сентября 2012 — 10:00

Люблю сваю работу за тое, што на ёй можна колькі хочаш марыць і любыя мары здзяйсняць. Доўгі час надта ж хацелася мне знайсці на вёсцы цікавую бабульку, якая да гэтага часу пячэ ў сапраўднай рускай печы хлеб, ды напісаць пра яе.   І, што вы думаеце, задуманае збылося! Праўда, з некаторай папраўкай, бо знайшла я не бабулю, а дзядулю. Але якога! Запрашаю і вас пазнаёміцца з нашым незвычайным земляком.   

Канешне, назваць Пятра Рыгоравіча Кіслага дзядулем можна з вялікай нацяжкай, бо на свае 65 год ён ніяк не выглядае. А па жвавасці і рухавасці яму, наогул, толькі саракоўка. Жыве ён у вёсцы Заполле, і кожны яго дзень напоўнены пошукам гармоніі з прыродай і светам. Ужо многа год Пётр Рыгоравіч харчуецца ў асноўным тым, што вырошчвае сам, наогул не ўжывае мяса, лечыцца толькі карыснымі травамі, з ранняй вясны да позняй восені ходзіць босы, да горада дабіраецца вярхом на кані і час ад часу выпякае свой, як ён кажа,“здаровы” хлеб. Як і абяцаў, гаспадар запрасіў нас сваімі вачыма пабачыць, як гатуецца сапраўдны вясковы хлеб.

“Для прыгатавання хлеба я выкарыстоўваю менавіта жытнюю муку, дабаўляю ваду, соль і раблю закваску, - расказвае гаспадар. – Закваска стаіць у цёплым месцы трое сутак, а затым пачынае бродзіць. Потым я выліваю яе ў дзежку, дабаўляю сыроватку, яшчэ мукі і зноў стаўлю на месца. Пакідаю цеста падыходзіць. Калі бачу, што яно ўжо гатовае, з самай раніцы палю печ, а цеста вымешваю на працягу гадзіны. Калі яно пачынае адставаць ад рук, то справа зроблена, надаю яму патрэбную форму, кладу на бляху і адпраўляю ў печ. Дарэчы, выпякаць хлеб вельмі добра на дубовым, кляновым лісці альбо на аеры. У дзежцы я пакідаю кавалачак цеста для наступнай закваскі”. Пётр Рыгоравіч зачыняе печ, і пакуль хлеб выпякаецца, мы працягваем размову.

-- Хто Вас навучыў пячы хлеб? - цікаўлюся-- Гэтай справе я навучыўся ад бабулі Дар’і Сцяпанаўны. Бачыў, як яна гэта рабіла, і мне стала цікава. Першы свой хлеб я выпек у 10 гадоў, але ён выйшаў няўдалы, бо справа гэта не такая простая. Пасля пачало атрымоўвацца лепш.  З тога часу, хоць і рэдка, але я выпякаю хлеб, які дае мне энергію і сілы.

-- Вы даўно перайшлі на натуральнае харчаванне?-- Ужо вельмі даўно.  Я лічу, што толькі натуральнае, прыроднае дае нам сапраўдную моц і здароўе. Ад мясных прадуктаў адмовіўся наогул з 1990 года. Заўсёды ў слоіку стаіць у мяне вада з крэменем, якую набіраю ў крыніцы на Вадохрышча, п’ю яе кожны дзень.

-- Бачу, Вы прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця?-- Так. Колькі сябе памятаю. І прафесію сабе выбраў адпаведную – працаваў настаўнікам фізкультуры, займаўся пажарна-прыкладным спортам. За сваім зда-роўем сачу пастаянна. Некалькі год загартоў-ваўся па методыцы Іванова. З ранняй вясны да позняй восені хаджу босы, перыядычна абліваюся халоднай вадой. Лячуся цалкам лекавымі раслінамі. Гэта бясцэнны вопыт нашых продкаў, пра які мы забылі. А яшчэ не ўжываю алкагольных напояў і не куру. Як вынік – за ўсё жыццё да ўрачоў звярнуўся толькі два ці тры разы.

Пётр Рыгоравіч пры-трымліваецца меркавання, што ўсе чалавечыя хваробы і прыродныя катаклізмы з’яўляюцца вынікам таго, што людзі адышлі ад прыроды, тым самым сапсавалі механізм яе функцыянавання. Цывілізацыя прынесла шмат матэрыяльных даброт, але парушыла гармонію сусвету. Таму наш субяседнік і абраў жыццё на ўлонні прыроды. Замест машыны ў яго – шустры конік, на якім гаспадар арэ зямлю і перыядычна ездзіць у горад. Ён амаль не глядзіць тэлевізар, так як аддае перавагу сузіранню навакольнай прыгажосці. Акрамя яблыняў ды грушаў, мужчына садзіць у сваім двары кедры, бо лічыць, што менавіта гэтае дрэва змяшчае ў сабе вялікую дадатную энергетыку.

У вёсцы людзі па-рознаму ўспрымаюць Пятра Рыгоравіча. Некаторыя лічаць яго дзіваком і не разумеюць, іншыя кажуць: “Нам Бог паслаў гэтага чалавека”. Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі каму трэба ўзараць агароды ці поле. Але якім бы ён ні быў дзіўным, незразумелым, у гэтага чалавека ёсць свая асабістая філасофія, якая дазваляе яму жыць гарманічна і пры гэтым быць шчаслівым. 

“Ну вось і гатовы, - задаволена канстатуе Пётр Рыгоравіч, выцягваючы з печы бляху з гарачым боханам. Па хаце яшчэ больш расплываецца духмяны хлебны водар. – Падышоў добра, зараз будзем спрабаваць”. Мы з нецярпеннем абступаем гэту смакату, прыгатавання якой чакалі каля дзвюх з паловай гадзін. Вось ужо ў нашых руках свежыя, пахучыя акрайцы. Спрабуем. Які  незвычайны смак! Зусім непадобны да хлеба, што ўсе прывыклі бачыць на сваім стале. Мы быццам зазірнулі ў далёкае мінулае, калі такі вось бохан быў галоўнай стравай у кожнай хаце. Задаволеныя, не ведаем, як і дзякаваць гаспадару за такі пачастунак. Калі ж яшчэ атрымаецца паспытаць смак сапраўднага вясковага хлеба?!

Тэкст і фота А. КАНДРАТОВІЧ      


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио