Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодежьМолодежь Мостовщины

Прывезлі радасныя ўспаміны і маленькае зубраня

Прывезлі радасныя ўспаміны і маленькае зубраня01 ноября 2010 — 10:00

Свой адпачынак у дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня” старшакласніцы СШ №3 Ганна Галавач і Ганна Макар не забудуць ніколі. Кожны новы дзень быў напоўнены дадатнымі эмоцыямі і прыемнымі падзеямі, таму тры тыдні праляцелі, як адзін. Нагадаем, што дзяўчаты атрымалі пуцёўкі ў лагер, дзякуючы паспяховаму ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе даследаванняў на эколага-біялагічную тэматыку.

Пасля паездкі яны па-дзяліліся сваімі ўражаннямі:-- Я не магла нават уявіць сабе, што лагер “Зубраня” такі прыгожы, а возера Нарач настолькі вялікае, што толькі ў добрае надвор’е можна ўбачыць яго берагі. А якая дзіўная там прырода! – расказвае Ганна Макар.

-- А мне запомнілася хатка на тэрыторыі лагера, зробленая ў нацыянальным беларускім стылі, -- працягвае Ганна Галавач. – Там шмат старадаўніх бытавых прадметаў, якімі калісьці карысталіся нашы продкі. Мужчына ў беларускім адзенні на роднай мове расказваў пра нацыянальную культуру і традыцыі беларусаў, а таксама там нас частавалі смачнымі блінамі.

Дзяўчаты пазнаёміліся з рабятамі з розных гарадоў Беларусі. Ахвотна хадзілі на ўрокі, якія вельмі цікава праводзілі настаўнікі. Вывучалі нават прадмет, якога няма ў звычайных школах, – нарачазнаўства. За добрыя паводзіны, дапамогу настаўнікам, удзел у мерапрыемствах і акцыях вучні зараблялі “эўрыкі” і “зубрыкі”, якія затым уплывалі на агульны рэйтынг навучэнцаў.

- Я заўсёды буду ўспамінаць наш вясёлы, дружны атрад, нашых цудоўных важатых, - распавядае Ганна Галавач. – Нам было так хораша разам, мы настолькі пасябравалі, што хацелася б убачыць усіх  зноў. 

Свае творчыя задумкі дзве Ганны здзяйснялі  ў гуртку арыгамі, дзе яны навучыліся рабіць прыгожыя рэчы з тканіны, скуры і іншых матэрыялаў.Нямала ўражанняў засталося ў сябровак і ад экскурсійных паездак у Полацк і Мінск:

- У Полацку мы наведвалі музей кнігадрукавання і Сафійскі сабор, які пакарыў мяне сваёй веліччу і прыгажосцю. А як спадабалася прагулка па Батанічным садзе ў Мінску! Там было вельмі многа незвычайных экзатычных раслін, якіх мы раней ніколі не бачылі, -- з захапленнем расказвала Ганна Макар. 

Акрамя станоўчых эмоцый, дзяўчаты прывезлі з сабой узнагароды. А гэта падарунак школе - крыштальнае зубраня, за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе праектаў “Празрыстыя хвалі Нарачы” і, канешне, дыпломы. Акрамя гэтага, дзяўчатам паабяцалі яшчэ раз прадаставіць пуцёўкі на любую змену ў аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.  

А. КАНДРАТОВІЧ

На здымку: Ганна ГАЛАВАЧ і  Ганна МАКАР (злева направа); крыштальнае зубраня.



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: