Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиГод исторической памятиКультура

Прэс-акцыя “75 кніг пра вайну”

Прэс-акцыя “75 кніг пра вайну”31 января 2019 — 08:47

У 2019 годзе Беларусь святкуе 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для нашай краіны гэта дата напоўнена асаблівым сэнсам. Гэта – святая памяць аб загінуўшых на палях бітваў. Гэта – наша гісторыя, наша боль ...

З нагоды юбілейнай даты ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” сумесна  з раённай газетай “Зара над Нёманам” стала ініцыятарам правядзення прэс-акцыі “75 кніг пра вайну”. На працягу года, штотыднёва, вашай увазе будуць прапанаваны да прачытання 75 лепшых кніг пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: дакументальныя і літаратурна-мастацкія творы. Са старонак гэтых выданняў вы даведаецеся пра подзвіг савецкіх салдатаў, мужнасць працаўнікоў тылу, пра цяжкія ваенныя выпрабаванні, якія вызначылі жыццё цэлага пакалення, пра любоў да Радзімы і пачуццё абавязку, пра сапраўднае сяброўства і самаахвярнасць.

Адкрываючы нашу прэс-акцыю “75 кніг пра вайну”, мы прапануем успомніць першыя і такія жудасныя дні вайны.

Раім звярнуць вашу ўвагу на кнігі, якія расказваюць аб мужнасці, стойкасці і вернасці прысязе нашых воінаў падчас абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені – ліпені 1941 года.

Менавіта гэтай падзеі прысвечаны альбом Уладзіміра Шнарэвіча “… Я крэпасць. Вяду бой”. У падрыхтоўцы кнігі прымалі ўдзел супрацоўнікі Музея абароны Брэсцкай крэпасці, былі выкарыстаны раней невядомыя хронікі, архіў Брэсцкай крэпасці, малавядомыя фотаздымкі і лісты абаронцаў. Калі чытаеш успаміны байцоў і камандзіраў, разумееш, якая цяжкая задача стаяла перад кіраўнікамі абароны крэпасці: утрымаць вялікі фронт абарончых казармаў, забяспечыць байцоў боепрыпасамі, знайсці ваду і прадукты, аказаць дапамогу параненым, клапаціцца аб лёсах жанчын і дзяцей.

Болем і жахам прасякнуты радкі кнігі Ганны Грабёнкінай “Живая боль. Женщины и дети Брестского гарнизона (1941-1944)”. Аўтар сабрала вялікі дакументальны матэрыял, запісала ўспаміны жанчын і дзяцей гарнізона, якія і ляглі ў аснову кнігі. Тут  выкарыстаны фотаздымкі з фондаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама, а таксама дзясяткі фотаздымкаў, падораных аўтару ўдзельнікамі гэтых трагічных падзей.

Ніколі не страціць сваёй актуальнасці кніга Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць”. Сама гэтая кніга – частка гісторыі. Па меры стварэння яна мяняла лёс сваіх герояў, ратавала ад забыцця і хлусні сотні імёнаў. Аўтар прарабіў каласальную працу, па крупінках збіраючы мазаічную карціну вялікай бітвы, якую на працягу многіх дзён вяла невяликая група абаронцаў са шматразова пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. Гэта кніга пра надзею, роспач і сілу духу. Без кнігі С.С. Смірнова наша памяць пра Вялікую Айчынную вайну, народны характар і крэпасць была б няпоўнай. “Брэсцкая крэпасць” – літаратурны помнік адной з самых драматычных і значных падзей ваеннай гісторыі ХХ стагоддзя.

На нашу думку, нельга забыць адну з самых вядомых аповесцей Барыса Васільева “У спісах не значыўся”. Кніга расказвае не толькі пра першыя дні вайны, гераізм і патрыятызм людзей, якія сталі на абарону Радзімы, але таксама і пра каханне, гонар, справядлівасць, каштоўнасць чалавечага жыцця і ўменне змагацца да апошняга ўздыху.

Вядома, што ідэя стварэння аповесці паўстала ў пісьменніка, калі ён быў на вакзале ў Брэсце. Ён убачыў жанчыну, якая прынесла кветкі да шыльды з імем Мікалая. Пісьменнік распытаў жанчыну, выстветлілася, што гэта герой, прозвішча якога так і не даведаліся. Барыс Васільеў спрабаваў адшукаць хоць нейкую інфармацыю пра яго, але Мікалая не было ў спісах. І пісьменнік прыдумаў яму прозвішча і расказаў яго гісторыю.

Паважаныя чытачы! У памяць аб Вялікай Перамозе адкладзіце свае справы, вазьміце рэкамендаваныя кнігі ў ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” і прачытайце іх!

 

Вольга Коршун,

 метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио