Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Практычнае радзімазнаўства, ці Раскажам дзецям аб гісторыі і каранях

Практычнае радзімазнаўства,  ці Раскажам дзецям аб гісторыі і каранях27 января 2016 — 10:00

 Летась на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву прафсаюзаў і Міністэрства адукацыі ўключыць у школьную праграму абавязковае наведванне значных мясцін нашай рэспублікі. І гэты пасыл знайшоў водгук у канкрэтных справах.

Так, па інфармацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, калі ў верасні мінулага года на арганізаваных школьных экскурсіях пабывалі каля 4,4 тысячы вучняў школ і гімназій вобласці, дык ужо ў кастрычніку – у пяць разоў больш, каля 21,3 тысячы. Пры гэтым задачай ставіцца папулярызацыя падарожжаў менавіта па Беларусі. Экскурсійныя праграмы па краіне для школьнікаў рэгіёна распрацаваны такім чынам, каб яны насілі як пазнавальны характар, так і патрыятычны, і нават прафарыентацыйны. Дзеці пабывалі на “Лініі Сталіна”, у Брэсцкай крэпасці, музеі Айчыннай вайны ў Мінску, наведалі мемарыяльныя комплексы “Шавулічы” і “Хатынь”, а таксама беларускія замкі (Мірскі, Лідскі, Нясвіжскі), музей­сядзібу Агінскага. Школьнікі з раёнаў вобласці прыязджаюць з экскурсійнымі паездкамі ў Гродна для наведвання музеяў і агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы”.

Практыку і карысць падобных паездак мы, дарослыя, памятаем яшчэ з савецкіх часоў. За час летніх канікул мы паспявалі пабываць у самых розных кутках нашай, па тым часе, неабсяжнай радзімы. З гонарам пасля дэманстравалі фотаздымкі сваім сябрам, што па нейкіх прычынах не змаглі паехаць у падарожжа. Памяць і зараз захоўвае тыя школьныя ўражанні ад наведвання Мінска, Масквы, Валгаграда, Львова, Вільнюса і інш. Мы не па падручніках ведалі, што такое Брэсцкая крэпасць,  Хатынь і Курган Славы.

Падобныя пазакласныя мерапрыемствы не толькі далучалі нас да гісторыі, выхоўвалі, але і згуртоўвалі. Добра, што гэтая традыцыя вяртаецца, і ў экскурсійную праграму з выездам са школьнага двара ўключаецца наведванне не толькі забаўляльных месцаў, але і гістарычных помнікаў і гарадскіх славутасцей.  Праўда, больш ініцыятывы павінны праявіць і самі бацькі, не перакладваючы патрыятычнае выхаванне толькі на ўстановы адукацыі.

Нядаўна ў дзіцячым садзе, што наведвае сын, давялося запаўняць чарговую анкету. На гэты раз пытанні тычыліся патрыятычнага выхавання. “Што канкрэтна вы, бацькі, робіце, каб ваша дзіця любіла свой горад, ведала гісторыю свайго краю, цікавілася каранямі сваёй сям’і?” – стараліся даведацца складальнікі анкеты.

Сапраўды, у любой установе адукацыі робіцца многае ў плане выхавання, у тым ліку і патрыятычнага. Канкрэтна ў нашым Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Масты створаны музейны пакой “Беларуская хатка”. Менавіта праз яго дзеці далучаюцца да беларускай нацыянальнай культуры, знаёмяцца з родным краем і традыцыямі сваіх продкаў. Выхаванцы старэйшых груп наведваюць музеі і памятныя мясціны горада.

Безумоўна, усё гэта добра. Аднак калі мы пакінем дадзеную работу толькі педагогам, дык рызыкуем страціць нешта больш важнае. Бо любая, самая дасканалая, праграма не ахопіць усе мясціны, якія менавіта ваша дзіця павінна ведаць. Вёсачку, дзе жылі вашы бабуля з дзядулем, сажалку, дзе вудзілі рыбу разам з сябрамі. Старую ліпу, што пасадзіў ваш прадзед, і просценькі абеліск, пастаўлены землякамі ў гонар абаронцаў гэтых мясцін. Крынічку, што б’е з­пад зямлі і наталяе смагу намнога лепш за магазінныя ліманады, і замшэлы тын, дзе малымі гулялі ў хованкі...

Ды і сумеснае з дзецьмі наведванне гераічнай Брэсцкай крэпасці ці старажытнага Полацка – гэта ўжо будзе ваша, сямейная гісторыя, якая пазней у свядомасці цесна звяжацца з агульнай гісторыяй народа і краіны.

Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио