Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Посуд ад майстроў з Міру

Посуд ад майстроў з Міру11 апреля 2017 — 10:16

 

Выстаўка ганчарных вырабаў ладзіцца ў Мастах упершыню. Яна працягвалася да 11 красавіка. На выстаўку майстры прапанавалі больш за 200 адзінак вырабаў, пераважна посуд: талеркі, міскі, кубкі, збанкі, гаршкі -- выкананы ў традыцыйным народным стылі і якім можна карыстацца, таму ён і выклікаў павышаную цікавасць у жанчын.


Дырэктар цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік адкрыла выстаўку і прадставіла майстра Андрэя Уладзіміравіча Герасімовіча:


-У нашай выставачнай зале адкрыццё выставы ганчарных вырабаў пад сімвалічнай назвай “Беларуская майстэрня” – гэта назва майстэрні сям’і Герасімовічаў. На выставе прадстаўлены керамічны посуд у традыцыйнай беларускай апрацоўцы.


Андрэй Уладзіміравіч Герасімовіч нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Мір Гродзенскай вобласці. Пасля школы паступіў у Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці сталяр-рэзчык. Закончыўшы вучобу, не змог уладкавацца на працу па спецыяльнасці і прыйшлося працаваць на будаўніцтве.


Менавіта на будоўлі лёс звёў Андрэя з ганчарнай справай. Яму давялося будаваць хату керамісту , там ён пазнаёміўся з ганчарнай справай і зацікавіўся ёю. З’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў гэтым складаным рамястве. З таго, што было пад рукамі, самастойна змайстраваў ганчарны круг і пачаў ганчарыць. Аднак не ўсё было так гладка. Спачатку нічога не атрымоўвалася, але затое было вельмі цікава.


А пасля ўжо сам Андрэй Уладзіміравіч прызнаўся, што і месца нараджэння паспрыяла таму, што ён стаў ганчаром. Яму расказалі бацькі, што раней на вялікі кірмаш у Мір збіраліся са сваімі вырабамі ганчары з усёй акругі. Гліняны посуд тады карыстаўся вялікім попытам.


Аднойчы каля Нясвіжскага палаца Андрэй сустрэў майстра па кераміцы Наталлю Сабіч, якая прадавала там свае ганчарныя вырабы. Выслухаўшы Андрэя пра яго складанасці, яна вырашыла яму дапамагчы і запрасіла яго да сябе ў сямейную майстэрню. Гэта і стала пачаткам творчасці. Андрэя поўнасцю захапіла ганчарства. Ён аказаўся вельмі здольным вучнем. Наталля заўважыла, што хлопец вельмі спрытны і таму спытала, ці няма ў яго родзе ганчароў.


На той момант Андрэй не ведаў дасканала сваю радаслоўную, але калі навёў даведкі, то быў прыемна ўражаны. Высветлілася, што прадзед Андрэя па мацярынскай лініі Трафім быў да вайны вядомым ганчаром на Магілёўшчыне. У яго быў свой горн, печ на дровах для абпальвання керамічных вырабаў такіх вялізных памераў, што, каб яе запоўніць, неабходна было круціць ганчарны круг некалькім майстрам у вёсцы. Даведаўшыся пра дасягненні прадзеда, Андрэй вырашыў, што ганчарства – гэта яго лёс і стаў яшчэ больш працаваць і ўдасканальваць сваю тэхналогію.


На сённяшні дзень ганчарства стала справай сям’і Герасімовічаў, Андрэй і яго жонка Настасся маюць сваю майстэрню. У іх падрастаюць дзеткі, якія таксама цікавяцца сямейнай справай. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх святах і фестывалях народнай творчасці. З мінулага года Андрэй з’яўляецца сябрам Саюза майстроў Беларусі, а гэта, як вядома, вялікая заслуга і гонар для майстра.


Сваю першую работу – паўлітровы гаршчок, хоць ён быў далёкі ад дасканаласці, Андрэй Уладзіміравіч запомніў назаўсёды. Сёння ён ужо зрабіў нямала гаршкоў самай неверагоднай формы, памераў і прыгажосці. Праўда, лічыць, што самыя ўдалыя і значныя яго работы яшчэ наперадзе, бо не існуе для майстра межаў для вучобы і ўдасканальвання.


Майстар аддае перавагу не дэкаратыўнаму посуду, які служыць для ўпрыгожвання інтэр’ера, а таму, якім можна карыстацца для прыгатавання ежы. Экалагічна чысты посуд, у склад якога ўваходзяць толькі гліна, пчаліны воск і малако, сёння ўжо знайшоў сваіх прыхільнікаў, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця. Яго ахвотна набываюць гаспадыні аграсядзіб, рэстараны, кафэ. Мастаўчанкі, якія прыйшлі на адкрыццё выстаўкі, таксама купілі некалькі гаршкоў, місак. Тыя, хто ўжо карыстаецца такім посудам, сцвярджаюць, што ён надае страве асаблівы смак і водар.


А яшчэ лічыцца, што вырабы з гліны здольны ахоўваць ад негатыву. Вось чаму нашы продкі ніколі не выкідвалі разбітыя гаршкі, збаны, кубкі, а вешалі іх на плот, каб адганялі ад двара і дома злыя сілы.


Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота В. Сліж



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: