Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Плыли песні над Макарамі

Плыли песні над Макарамі05 августа 2015 — 10:00

 Ціхім ліпеньскім вечарам, калі спала дзённая спякота, каля сядзібы Генадзія Георгіевіча Копаця назіралася незвычайная актыўнасць жыхароў вёскі Макары. Мужчыны ладзілі лаўкі, выносілі ўслончыкі, жанчыны даставалі з куфэркаў свае самыя прыгожыя саматканыя дываны. Вёска рыхтавалася да свайго свята.

Вёска Макары Курылавіцкага сельсавета размяшчаецца на маляўнічым беразе ракі Шчара ва ўрочышчы Казібар, што з’яўляецца часткай Ліпічанскай пушчы. Гэта сапраўдны рай для адпачынку. Лес, рэчка, гаючае, напоенае пахам хвоі і траў, паветра – што яшчэ трэба жыхару шматлюднага, загазаванага горада. Таму і спяшаюцца сюды на летні адпачынак дзеці, вязуць унукаў да бабуль, дзядуль, каб тыя пагойсалі па прасторы, пад’елі маладой бульбачкі і свежых агурочкаў, пазбіралі грыбоў ды ягад. Гэты час самы вясёлы для вёскі Макары. Яна нібы скідвае свае шматлікія гады і зноў напаўняецца гоманам і шумам. Міне лецейка, усе раз’едуцца, і яна зноў прыціхне, бо пражывае тут усяго 14 чалавек, большасць з якіх – людзі сталага ўзросту.

Але гэтым нядзельным вечарам Макары пяюць, танцуюць, весяляцца. А як жа – свята вёскі, лічы што дзень нараджэння. Прыехалі артысты Курылавіцкага цэнтра культуры, наладзілі насычаную музычную праграму. Тут табе і песні, і жарты, і віншаванні.

Далёка разносіліся па­над Шчарай вясёлыя песні ў выкананні вакальнай групы “Суседачкі”, а калі да іх далучыліся галасы жыхароў вёскі, дык атрымаўся сапраўдны вясковы хор. І вось пад вясёлую жартоўную народную песню саліста Мікалая Рахунка не ўтрымалася старэйшая жыхарка вёскі Надзея Лук’янаўна Копаць і пусцілася ўскокі. Стаміўшыся, Надзея Лук’янаўна гаворыць: “Гэта ж вам не жартачкі. Больш за 60 гадоў польку не танцавала, а тут успомнілася маладосць, нашы макароўскія вячоркі”.

Але не заўсёды весела і радасна было ў Макарах. Гора і слёзы спазналі вяскоўцы ў гады вайны. Тры гады акупацыі прынеслі шмат пакут і трывог лясной вёсачцы. Колькі прыйшлося перацярпець, вытрываць, калі гарэлі суседнія вёскі Задвор’е, Пясчанка, Баяры, калі гучалі выстралы і ўзрывы. Але гэта не палохала макароўцаў, яны дапамагалі партызанам: дзяліліся небагатымі запасамі ежы, пяклі хлеб. Многія юнакі і мужчыны пайшлі ў партызанскія атрады, а пасля вызвалення родных мясцін ад фашысцкіх захопнікаў уліліся ў рады Савецкай Арміі. Многія загінулі ў гэтай жудаснай вайне, астатнія пасля перамогі вярнуліся ў родную вёску наладжваць мірнае жыццё.

На жаль, час няўмольны, і ўжо не сустракаюць свята Перамогі, надзеўшы баявыя ўзнагароды, ветэраны­макароўцы Сцяпан Сямёнавіч Дудко і Сцяпан Якаўлевіч Копаць. Яны, як сапраўдныя салдаты, апошнімі пакінулі “поле бою”, пакінуўшы завет любіць родную зямлю і берагчы мір. Хвілінай маўчання ўшанавалі жыхары і госці вёскі Макары загінуўшых на вайне і ветэранаў­аднавяскоўцаў.

Час ідзе, жыццё працягваецца, вёска Макары жыве і квітнее дзякуючы яе працавітым людзям. Утульныя хаты тонуць у кветках, багатыя сады і агароды. Вылучаюцца падворкі пенсіянераў Міхаіла Іосіфавіча і Надзеі Лук’янаўны Копацяў, Яўгеніі Якаўлеўны Копаць. Дарэчы, Яўгенія Якаўлеўна да пенсіі працавала паляводам, шматдзетная маці, выхавала сямёра дзяцей. На ўездзе ў вёску будуе шыкоўную аграсядзібу жыхар вёскі Барыс Георгіевіч Паноў.

Лунаюць песні над Макарамі. Шчырымі, дружнымі апладысментамі сустракаюць гледачы выступленне самай юнай удзельніцы мастацкай самадзейнасці Вікторыі Барковай. Падпяваюць вядомыя песні­шлягеры дуэтам Алены Прэдка і Мікалая Рахунка, Галіны Саўчук і Мікалая Астапчука.

Вечарэе, вецярок са Шчары навявае жаданую прахалоду, а жыхары вёскі ўсё не адпускаюць артыстаў, зноў і зноў просяць выканаць любімыя песні.­­ - Дзякуй за песні, дзякуй за добра праве­дзены час. Прыязджайце, калі ласка, да нас яшчэ. Заўсёды будзем рады сустрэчы, ­­ - такімі словамі развітваліся жыхары вёскі Макары з артыстамі.

Л. ТРАЯН,мастацкі кіраўнік філіяла “Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”

Фота прадастаўлена  Курылавіцкім ЦДК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: