Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образованиеМолодежьМолодежь Мостовщины

Пераможны звон “Крыштальнай Альфы” юных даследчыкаў Мастоўшчыны

Пераможны звон “Крыштальнай Альфы” юных даследчыкаў Мастоўшчыны16 ноября 2020 — 15:33

У перыяд восеньскіх канікул юныя даследчыкі Мастоўшчыны абаранялі гонар раёна на абласным конкурсе даследчых работ вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Крыштальная Альфа - 2020”.

Усяго на завочны этап конкурсу было заяўлена 24 даследчыя работы, 14 з якіх дапушчаны да абароны на вочным этапе ў дзевяці секцыях: “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура” і “Руская літаратура”, “Біялогія”, “Замежная мова (нямецкая)”, “Гісторыя”, “Геаграфія”, “Матэматыка” і “Інфарматыка”. Адметнай асаблівасцю навуковай канферэнцыі стала тое, што яна праходзіла ў анлайн-фармаце. Работа секцый па вучэбных прадметах была арганізавана ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай канферэнцсувязі на платформе ZOOM.

Якімі тэмамі даследаванняў здолелі ўразіць нашы школьнікі кампетэнтнае журы з ліку вучоных, выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, метадыстаў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі?

Іван Вітовіч, вучань сярэдняй школы № 5 г. Масты, заўважыў, што ў апошні час назвы аўтамабіляў актыўна выходзяць на старонкі сучаснай беларускай прозы. Таму і заняўся вывучэннем тэмы “Наменклатурныя назвы марак аўтамабіляў: арфаграфічнае афармленне, лексіка-граматычныя асаблівасці”. Пад кіраўніцтвам свайго настаўніка беларускай мовы Ганны Трафімовіч юнак аналізаваў мастацкія творы, публіцыстычныя тэксты са старонак газет і сацсетак. У выніку працы знайшоў цікавыя факты і зрабіў выснову: у сучаснай беларускай мове правілы напісання і ўжывання назваў аўтамабіляў недастаткова распрацаваны. А граматнае прадстаўленне вынікаў сваёй працы дазволіла Івану стаць абсалютным пераможцам у секцыі “Беларуская мова”.

Другі год запар паспяхова дэманструе вынікі сваіх навуковых даследаванняў вучань Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мікіта Буркас. Узняўшыся на трэцюю прыступку пераможнага п’едэстала конкурсу ў мінулым годзе, Мікіта разам з кіраўніком, настаўнікам гісторыі Ірынай Сільвановіч, прадоўжыў пошук новых тэм для даследаванняў. Гісторыя – навука невычэрпная. Памяць аб гістарычных падзеях захоўваецца ў архіўных матэрыялах музеяў, успамінах відавочцаў, літаратуры. Таму праца Мікіты над тэмай “Баі за пераправу ў раёне Лунна ў гады Вялікай Айчыннай вайны” адзначана дыпломам I ступені ў секцыі “Гісторыя”.

Для выпускніцы сярэдняй школы № 3 г. Масты Ксеніі Кузьміцкай штуршком для правядзення даследавання сталі франтавыя лісты, якія захоўваюцца ў музеі баявой славы. На канферэнцыі Ксенія прадстаўляла работу па теме "Экзістэнцыяльны партрэт вайны ў пісьмах франтавікоў і прозе Васіля Быкава". Хвалявалася за поспехі Ксеніі і яе кіраўнік Ала Шруб, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Неабыякавасць стаўлення да сацыяльных праблем дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя стала асновай даследавання вучаніцы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Валерыі Пабежка пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Валянціны Пабежка. Работа “Быть счастливым вопреки…” была прадстаўлена ў секцыі “Руская літаратура”. Аб’ектам даследавання сталі творы, у якіх адлюстраваны  праблемы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя праз прызму ўспрымання  сучасных аўтараў-падлеткаў. Незабыўныя ўражанні засталіся ў юнай даследчыцы пасля асабістай сустрэчы з адным з аўтараў.

Працы юных даследчыкаў Валерыі і Ксеніі адзначаны дыпломамі  III ступені.

Зноў і зноў сучасныя школьнікі здзіўляюць шматграннасцю і глыбінёй абраных тэм навукова-даследчых работ. Лепшыя з іх будуць прастаўлены на рэспубліканскім конкурсе у лютым 2021 года.

Наталля Палубятка,

загадчык Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио