Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумЖизнь

Паспела!

Паспела!19 февраля 2014 — 10:00

 Слізка і слотна. Лёгкі марозік ледзь­ледзь прыхапіў лужыны. Яны, здаецца, паўсюль. Не абысці, не пераскочыць.  На ботах – белыя разводы. Ногі нямеюць. Там, дома, цёпла. І ложак      цёплы, ад якога раніцай ледзь адарвешся. Ватная, сонная, а ў галаве “шчоўк”: ваду – на пліту, бульбу – у ваду, мяса – на патэльню, кашу – на стол; пасаліць, папярчыць, заліць малаком, адрэзаць, парэзаць, намазаць... Банты завязаць, гузік прышыць, сукенку адпрасаваць... Бутэрброды раздаць. Ключы на шыях праверыць. Каштоўныя ўказанні дзецям хуткагаворкай. Мужу ўжо з­за дзвярэй: купі па дарозе тое і тое... Потым восем прыступак уніз, лесвічны пралёт, яшчэ восем прыступак, яшчэ пралёт... Завулак, правулак. Прыпынак. Аўтобус. Таўкатня.

Аўтобус ледзь­ледзь рухаецца. Рытм яго не супадае з рытмам тых, хто спазняецца на працу. Выскачыла б, здаецца, і наперад, бягом, а яшчэ лепш – дамоў, назад, да дзяцей.  Адчуванне, як пры перацягванні каната: з аднаго боку – дзеці, сям’я, дом, з другога – грошы, служба.

...А вось, слава Богу,  і свабоднае месца. Нахіляюся. Праціскаюся. Села! Аддыхалася, стала крыху весялей. І тут  крывая настрою раптам папаўзла ўніз. Насупраць жанчына – бровы акуратненька вышчыпаны, вочы падведзены, цені, румяны, вусны сардэчкам – пры­га­жу­ня! А можа ў яе дзяцей няма! Магчыма, маці дома, бабуля ці яшчэ хто. І яна ўстае з ложка, а ёй – булачка, кава, касцюмчык – адпрасаваны!..

Вось і зноў лужыны, аббягаю іх. Нагам зусім холадна. Нечакана – бах, нага па шчыкалатку. Вада прайшла скрозь падэшву – хлюп, хлюп. Не іду ўжо, а бягу. Сур’ёзная быццам бы дама, а бягу. Гадзіннік у фае свеціцца. Дзяжурны падсоўвае журнал: 8.03. Д’ябал! Шукаю сваё прозвішча. Вось ужо і 8.05. Трывога ўнутры: а што, калі з начальства хто ўвойдзе­выйдзе. Росчырк у журнале – раз, на другі паверх – два, дзверы плячом – тры! Ніхто не заўважыў. Усё, паспела!

Здымаю паліто, уключаю чайнік, дастаю памаду, туш для павек, пуд­ру. Суседка па кабінету вышчыпвае бровы. Рухі ў яе замаруджаныя. Такія ж, як і ў мяне. Нашыя істоты нарэшце прыходзяць у лад з самімі сабой. Мы пераўвасабляемся ў абаяльных і прывабных...

Да вячэрняга марафона яшчэ восем гадзін...

Н. СВЯТЛОВА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: