Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Пашанцавала выйграць суперпрыз ад “Звязды”

Пашанцавала выйграць суперпрыз ад “Звязды”11 января 2014 — 10:00

Уладальніцай суперпрыза конкурсу падпісчыкаў газеты “Звязда” стала наша зямлячка, жыхарка аграгарадка Дубна Валянціна Станіславаўна Лішко. Нядаўна вадкакрышталічны тэлевізар быў урачыста ўручаны пастаяннай чытачцы папулярнага рэспубліканскага выдання.

Супрацоўніцтва нашай раённай газеты “Зара над Нёманам” з Валянцінай Станіславаўнай Лішко працягваецца таксама не адзін год. Яна доўгі час была намеснікам дырэктара Дубненскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце, а ўвогуле, адпрацавала ў школе 37 гадоў – выкладала рускую мову і літаратуру. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, дапамагае гадаваць унукаў. І тым не менш, Валянціну Станіславаўну можна сустрэць на ўсіх вясковых святах і мерапрыемствах. Вяскоўцы неаднаразова выбіралі яе дэпутатам мясцовага сельвыканкама. Таму мы з радасцю прынялі прапанову папрысутнічаць на сустрэчы ў Дубненскай СШ і расказаць на старонках раёнкі пра прыемную падзею ў жыцці жанчыны.

Маючы некалькі хвілін у запасе, пакуль пад’язджалі сталічныя калегі, гутарым з віноўніцай урачыстасці.— Паведамленне з рэдакцыі “Звязды” аб тым, што я выйграла суперпрыз, стала для мяне поў-най нечаканасцю, — расказвае Валянціна Станіславаўна. – Квіток аб падпісцы адаслала ў апошні дзень, і так пашанцавала. А “Звязду” я выпісваю гадоў каля трыццаці. З цікавасцю чытаю матэрыялы пад рубрыкамі: “Хроніка апошніх падзей”, “Цытата дня”, “Коратка”, “Мясцовае самакіраванне”. Люблю гістарычныя нарысы. Сабрала цэлую папку матэрыялаў Янкі Крука і Аксаны Катовіч, што друкаваліся ў газеце. Час ад часу карыстаюся парадамі “Хатняй энцыклапедыі”. Падабаюцца ўкладкі “Чырвоная змена”, “Сямейная газета”. А рубрыка “Усміхнёмся” заўсёды падбадзёрыць і падыме настрой. Дарэчы, я не першая з дубненцаў, каму шанцуе на прызы ад “Звязды”. В.С.Табала, таксама былая настаўніца, двойчы станавілася ўладальніцай карысных рэчаў, падараваных газетай.Не прамінаем пацікавіцца, як жанчына распарадзіцца сваім прызам.

 -- Малодшая дачка нядаўна атрымала кватэру – тэлевізар ім вельмі дарэчы, ды і сям’і старэйшай дачкі прыдаўся б. Аднак я рашыла так: каб нікому не было крыўдна, пакіну сабе, — шчыра адказвае наша суразмоўца.За гутаркай час праходзіць непрыкметна, і вось ужо слова бяруць супрацоўнікі “Звязды” разам з начальнікам ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама С.С. Дзяйкалам.-- У нас сёння вельмі прыемная місія, — адзначыў карэспандэнт “Звязды” Яўген Віктаравіч Пясецкі. – Розыгрыш квіткоў падпісчыкаў мы праводзім кожны квартал. Сярод прызоў – тэлевізар, прасы, радыётэлефоны, чайнікі і інш. Многім шанцуе, і не адзін раз. Як бачыце, зараз сярод шчасліўчыкаў і ваша зямлячка.

— Няхай наш падарунак працуе ў Вас, Валянціна Станіславаўна, доўга і якасна, паказваючы толькі добрыя навіны, прыстойныя фільмы і прыемную музыку, — пажадаў журналіст, уручаючы прыз яго ўладальніцы.Таксама Яўген Віктаравіч коратка расказаў пра планы на будучае самай старэйшай беларускай газеты.Дапоўніла калегу загадчыца аддзела падпіскі газеты “Звязда” А.В. Міхайлічэнка.

-- Апошнім часам наша газета стала менш афіцыйнай, — падкрэсліла Алена Віктараўна. – Яна любіць людзей, расказвае пра іх жыццёвыя клопаты, піша пра тое, што хвалюе кожнага з нас.Падзякаваў гасцям за добрую традыцыю і за цікавую сустрэчу начальнік аддзела ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.С. Дзяйкала.

-- Я ніколі не верыў у падобныя розыгрышы, у тое, што можна нешта выйграць. А зараз бачу, што ўсё рэальна. Шанц, як кажуць, ёсць заўсёды. Дзякуй, што даяце яго кожнаму свайму чытачу, — падзяліўся думкамі Сяргей Сяргеевіч на развітанне.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио