Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

Парадак на запраўцы і трактары ў “абноўцы”

Парадак на запраўцы і трактары ў “абноўцы”04 сентября 2013 — 10:00

Сярод сёлетніх удзельніц раённага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у развіццё галіны” была адзначана раздатчык нафтапрадуктаў Мастоўскага рамонтнага завода Галіна Мікалаеўна Панюк.  Нядаўна надарыўся момант, каб пазнаёміцца з гэтай працавітай жанчынай, якой ганарыцца калектыў і яе дружная сям’я.Галіна Мікалаеўна родам з вёскі Калюга Капыльскага раёна Мінскай вобласці. З малых гадоў яна спазнала цану працы на зямлі, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Менавіта адтуль, з дзяцінства, яе ўспаміны і мары пра квітнеючы двор і ўтульны дом, сад і водар лугавых траў. Многае з таго, аб чым думалася ў тую светлую і шчаслівую пару, удалося ажыццявіць ужо на Мастоўшчыне.

Хутка сям’я Галіны Мікалаеўны і Івана Баляслававіча Панюкоў адсвяткуе 30-гадовы юбілей. -- А трапіла ў Пескі я выпадкова, — распавядае Галіна Мікалаеўна. – Прыехала сюды з сяброўкай на вяселле яе брата – маладыя былі, бесклапотныя, лёгкія на пад’ём. Тут мы і пазнаёмі-ліся з Іванам Баляслава-вічам, запалі адзін аднаму ў душу, а праз некаторы час пажаніліся. Пераязджаць у Салігорск, дзе я ўжо працавала на фабрыцы і была перспектыва атрымаць уласнае жыллё, муж не захацеў, бо з малых гадоў ён быў у хаце за гаспадара і апорай для маці ва ўсіх справах. Так мы ў Песках і засталіся, а пасля і свой дом прыдбалі – атрымалі катэдж ад рамзавода.

Сваю працоўную біяграфію на Мастоўскім рамонтным заводзе Галіна Мікалаеўна пачала пісаць у 1994 годзе.На прадпрыемства была прынята швачкай. З 2000 года працуе тут раздатчыкам нафтапрадуктаў, сумяшчаючы прафесію швачкі.

З размовы з жанчынай даведваемся, што навыкі “галоўнага мадэльера” для кабін трактароў, што выходзяць з капітальнага рамонту, яна атрымала ў Мінскім тэхнічным вучылішчы лёгкай прамысловасці. Менавіта тут яе юнацкае захапленне набыло прафесійную акрэсленасць. Зараз штогод больш як 200 камплектаў абшыўкі на кабіны трактароў МТЗ-82 выходзіць з-пад умелых рук працаўніцы.

Месца запраўкі аўтамабільнай тэхнікі Галіна Мікалаеўна таксама ўтрымлівае ў ідэальным стане. А асаблівы каларыт, нейкую хатнюю ўтульнасць і прыгажосць гэтаму ўчастку надаюць кветкі: мальвы, касачы, ірысы, верас. Шмат пакаёвых кветак мы ўбачылі і каля швейнай машыны.

-- Гэта яшчэ адно захапленне Галіны Мікалаеўны, — адзначае спецыяліст па кадрах прадпрыемства Ірына Мікалаеўна Гермась. – Сваімі рукамі яна стварае прыгажосць не толькі на ўласным прысядзібным участку, але і рэалізуе задуманае на тэрыторыі завода. Кожную вясну ўсіх нас радуюць рамантычныя віёлы, што растуць у плеценых карзінах у дуэце з цюльпанамі, зачароўваючы разнастайнасцю фарбаў: ад пяшчотна-белых да пурпурна-чырвоных. І ва ўсім – будзь гэта невялічкая горка, усцеленая паўзучым горцам, ці воблачка аксамітак або астраў, агароджаных сухастоем – адчуваецца любоў Галіны Мікалаеўны да гэтай справы.

— Неабходна дадаць, што гэта вельмі акуратная і добрасумленная жанчына, сапраўдная гаспадыня і захавальніца сямейнага ачага, — працягвае Ірына Мікалаеўна, якая, дарэчы, узначальвае ідэалагічную работу на прадпрыемстве. – І калі ёй даручана якаясьці справа, дык можна быць упэўненым, што ўсё будзе выканана на сто працэнтаў.

Вернымі і надзейнымі памочнікамі ва ўсіх пачынаннях для гераіні нашага артыкула з’яўляюцца яе сыны і муж. Іван Баляслававіч Панюк таксама вось ужо 28 гадоў працуе на рамонтным заводзе. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць слесарам, зараз узначальвае асноўную вытворчасць. У залежнасці ад сітуацыі, можа і пажартаваць, і пакрытыкаваць, і ўнесці рацыянальную прапанову.

Для многіх сям’я Панюкоў з’яўляецца прыкладам для пераймання ў адносінах да работы і людзей. Прастата, адкрытасць, прыветлівасць і добразычлівасць уласцівы Галіне Мікалаеўне і Івану Баляслававічу. Такія ж якасці яны выхавалі і ў сыноў Віктара і Максіма, якія толькі-толькі ўступаюць у дарослае самастойнае жыццё.

Н. ШЭЎЧЫКФота С. МАСТОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: