Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодежьМолодежь Мостовщины

Пара рабіць свой выбар

14 декабря 2010 — 10:00

Мастаўчане, як і ўсе жыхары нашай краіны, у чаканні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы пацікавіліся меркаваннем маладых спецыялістаў, якія прыбылі сёлета ў наш раён, наконт гэтай важнай палітычнай падзеі.Вось што яны адказалі.

Арцём ШУРКО, аграном ЗАТ «Гудзевічы»:

-- Сам я родам з Мастоў. Сёлета закончыў Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасці “Агранамія” і вярнуўся на малую радзіму, каб сваёй працай прыносіць ёй карысць. Самы галоўны мой абавязак – работа з людзьмі. Адразу было складана прызвычаіцца да таго, што ў падначаленні 20 чалавек, і кожнаму з іх неабходна даць работу, размеркаваць абавязкі плюс сачыць за працай на палях. Адной з асаблівасцей сельскагаспадарчай галіны з’яўляецца ненарміраваны рабочы дзень. У час уборачнай можна прабыць на рабоце з самага ранку і да позняга вечара. У цэлым я задаволены. Добры калектыў, добрыя кіраўнікі, цёпла прынялі мяне. Заработнай платай таксама задаволены. З жыллём дапамаглі. У нашай гаспадарцы ёсць гасцініца. У ёй праведзены еўрарамонт, такім чынам, створаны ўсе неабходныя ўмовы для пражывання. У надыходзячых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абавязкова прыму ўдзел. Самы галоўны крытэрый на карысць кандыдата – уменне гаварыць з народам, рабіць усё для краіны.

Таццяна РЭВЕНКА, спецыяліст па маркетынгу і рэкламе ААТ «Мастоўдрэў»:

-- У Мастоўскі раён я прыехала пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Мінску. Дарэчы, сама родам з Івацэвічаў. Працую зараз у аддзеле кіравання продажу, дзе сярод больш чым 20 супрацоў-нікаў 4 маладыя спецыялісты. Галоўны мой абавязак – рэкламаванне прадукцыі ААТ “Мастоўдрэў” (удзел у разнастайных выстаўках, стварэнне рэкламнага прадукту). Жыллёвымі ўмовамі забяспечана. Жыву ў гасцініцы нашага прадпрыемства ў двухмесным пакоі. Як і ў многіх спецыялістаў, заработная плата пакуль невялікая, але, спадзяюся, з цягам часу сітуацыя зменіцца.З цікавасцю сачу за развіццём перадвыбарчай кампаніі. Як і любы адказны грамадзянін, абавязкова прыму ўдзел у надыходзячых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Андрэй ПАШКОЎСКІ, урач тэрапеўтычнага аддзялення Дубненскай участковай бальніцы:

-- Нягледзячы на тое, што родам я з Гродна, да сельскага жыцця доўга прывыкаць не прыйшлося, бо мае бабуля з дзядулем жывуць у вёсцы. Як маладому спецыялісту, мне была прадастаўлена двухпакаёвая кватэра. Работай пакуль задаволены. У нашай бальніцы атрымалася арыгінальнае спалучэнне: сплаў вопыту і маладосці. Гэта прыносіць свае прадуктыўныя рэзультаты. Ды і раённае кіраўніцтва не забывае: галоўны ўрач Мастоўскай ЦРБ Алег Міхайлавіч Трушко пастаянна цікавіцца справамі нашай бальніцы.Як законапаслухмяны грамадзянін, абавязкова аддам свой голас за лепшага кандыдата ў Прэзідэнты. Пайду на выбары з надзеяй на тое, што ў хуткім будучым адбудуцца змяненні да яшчэ больш лепшага. Кандыдат, якога я абяру, павінен любіць свой народ, працаваць  для павышэння матэрыяльнага дабрабыту людзей, іх духоўнага ўзбагачэння, клапаціцца аб здароўі нацыі. У той жа час кіраўнік краіны – гэта чалавек, адкрыты да людзей, працалюбівы і чэсны.

Ірына ЗУБКЕВІЧ, інжынер ЗАТ «Гудзевічы»:

 Лёс звязаў мяне з Мастоўшчынай зусім нядаўна. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць імпартнай сельгастэхнікі” я прыехала сюды адпрацоўваць абавязковае размеркаванне. Безумоўна, было няпроста сталічнай дзяўчыне, якая да гэтага часу ні дня не жыла ў вёсцы, прызвычайвацца да вясковага быту, да новага калектыву. У падначаленні ў мяне практычна адны мужчыны. Большасць працуючых – гэта дарослыя свядомыя людзі, якія ведаюць сваю справу. Кантакт мы наладжвалі паступова. І цяпер, калі ўжо больш-менш пазнаёміліся, можна сказаць, што асаблівых праблем ва ўзаемаадносінах не ўзнікае. Зараз грамадзяне нашай краіны знаходзяцца ў чаканні вельмі значнай падзеі – выбараў Прэзідэнта. Усведамляю адказнасць, якая ляжыць на кожным з нас, так як ад выбараў залежыць будучае краіны, а, значыць, і кожнага яе жыхара, таму абавязкова аддам свой голас за самага дастойнага кандыдата.

Гутарыла А. ШВЯДКО



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: