Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

Памяць бясконца и бясцэнна

Памяць бясконца и бясцэнна04 ноября 2013 — 10:00

Дзяды — свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем памерлых  продкаў. Згодна з традыцыйнымі ўяўленнямі,  людзі вераць, што ў памінальны  дзень  душы  продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць іх нашчадкі. Сустрэць душы продкаў  належала найлепшым чынам,  строга прытрымліваючыся пэўных рытуалаў. Вядома, не ўсе яны захоўваюцца сёння, многія ўзгадваюцца толькі ў даследаваннях этнографаў і фалькларыстаў. Да Дзядоў  прымеркаваліся асноўныя хрысціянскія канфесіі. Католікі памінаюць памерлых у дзень Усіх Святых і  Задушны дзень — першага і другога лістапада ў касцёлах моляцца за памерлых, а наогул, памінальныя службы  ў храмах працягваюцца цэлы месяц.

   Большасць жыхароў   маёй  роднай вёскі Мікелеўшчына  --  католікі.  У канцы кастрычніка і першыя лістападаўскія дні, каб наведаць  святую імшу ў касцёле і прывесці ў парадак могілкі, з’яз-джаюцца былыя вяскоўцы, хто  ўжо даўно не жыве  ў вёсцы. Гэтыя святыя дні прымушаюць  многіх успомніць і вярнуцца да сваіх вытокаў і каранёў.

  За нейкі тыдзень перад  святамі  вяскоўцы  пад-грабаюць і выносяць з могілак апалае лісце,  калі ўзнікае неабходнасць, папраўляюць і фарбуюць помнікі. Прывесці ў парадак  месца  апошняга спачынку  блізкіх і родных было святым  абавязкам  і ў нашай сям’і.  “Сходзім на магілы бабулі і дзядулі, прыбярэм іх, занясем кветкі, яны ж вас, унукаў, калыхалі, казкі расказвалі”,—  так проста тлумачылі нам бацькі  неабходнасць выканання  гэтай святой місіі.

   З кожным годам магілак, якія трэба прывесці ў парадак, становіцца  ўсё больш. Адышлі ў нябыт цёткі, дзяцькі, многія суседзі. Сёлета кляновае лісце зграбалі з сястрой і мамай. Ужо каторы  год прыбіраць могілкі  ходзім без бацькі. Задумліва  глядзіць  ён    з гранітнай пліты. Непадалёку магіла яго сябра Карла Іосіфавіча Варанецкага. Яны разам ваявалі  на фронце. У дзяцінстве я  заслухоўвалася іх расказамі аб франтавых прыгодах і жахах вайны, каюся, што нічога не запісала з  тых расказаў...

  Непадалёку ад бацькі пахавана маміна сястра  Яніна Лісай. У Мікелеўшчыну яна выйшла замуж, тут нарадзіліся яе дзеці, затым сям’я пераехала ў Масты. Цётка Яня жыла па    адвечнаму сялянскаму прынцыпу: паміраць збірайся, а жыта сей. Нават у апошні год свайго жыцця яна садзіла  градкі і даглядала іх. Большую частку  жыцця цётка пражыла  ў Мастах, а пахаваць  яе прасіла ў Мікелеўшчыне, бліжэй да сваіх  родзічаў.  З другога краю могілак побач з бабай і дзедам пахавана бацькава сястра —цётка Ганна Кулік. За бацьку яна старэйшая на чатырнаццаць гадоў, і таму часцяком любіла павучаць  нас усіх жыццёвым прамудрасцям. З асаблівым пачуццём кладзем кветкі і запальваем свечку на магіле бацькавага брата дзяцькі Іосіфа, які зусім маладым у сорак другім годзе падарваўся на міне.

   Побач пахаваны  бацька і маці  маёй аднакласніцы Галіны Вайтовіч—  Антон і Ядзвіга Вайтовічы. Яна яшчэ да вайны малой дзяўчынкай  разам з     сям’ёй была вывезена ў Казахстан.  Бацька цёткі Ядзі  быў асаднікам, і за гэта пацярпела ўся сям’я.  Пазней сям’я  была рэабілітавана, і толькі пасля гэтага жанчына згадзілася расказаць  пра сваё жыццё і стаць гераіняй  майго нарыса.

  Помню, як  многа гадоў назад ускалыхнула  вяскоўцаў смерць зусім юных Алены Масюк  і Рамана Масюка. Алена памерла нечакана, не дачакаўшыся  свайго школьнага выпускнога балю. Раман загінуў трагічна: трапіў пад цягнік на чыгуначным пераездзе.   Блізка ад касцёла пахавана наша суседка Серафіма Масюк. Нястомная працаўніца, у яе агародзе зелінку можна было ўбачыць хіба  толькі з дапамогай лупы. Усё лета яна корпалася на  градках,  адначасова паспявала  рабіць і калгасную работу. Некалькі разоў  на дзень гатавала   ежу дзецям і мужу— дзядзьку Ваціку. “Хай ядуць свежае, не будзе балець  жывот”, —так яна тлумачыла сваю бясконцую турботу пра блізкіх. За разважлівасць і  памяркоўны  характар яе любілі  суседзі. Як  казала мама, цётка Серафіма “згарэла на працы”. У тую  апошнюю сваю восень яна паспела ўбраць агарод, выкапаць бульбу і толькі тады ціха адышла ў нябыт.  Прычапілася  невылечная хвароба, і жанчына згарэла  хутка, як свечка...

   Яшчэ раней знайшлі  апошні прытулак на вясковым пагосце суседзі Юрый Маскевіч і Антаніна Масюк. Дзядзька Юра ўсё свядомае жыццё працаваў трактарыстам у мясцовым  калгасе імя Чапаева.  Нікому з суседзяў не адмаўляў прывезці  на сваім “Беларусе” дровы з лесу, сена з лугу ці  выкапаную бульбу з поля. А калі быў у настроі, мог пакатаць суседскіх дзяцей на “лапатунчыку” і нават дазваляў  найбольш дасціпным пакіраваць трактарам. Пайшоў ён з жыцця нечакана і ціха. У нядзелю яшчэ стаяў каля  варот, нібы развітацца з суседзямі выйшаў,  а ў панядзелак “хуткая” завезла  ў бальніцу, там і памёр.

Цётка Антоля таксама адышла з жыцця  неспа-дзявана. Ранкам устала і пайшла даіць карову, там яе мёртвай агледзеў муж Міхаіл. Цётка Антоля была адмысловай краўчыхай. У свой час многія вясковыя нявесты  шылі ў яе нават вясельныя сукенкі. Сукенку  на   школьны выпускны баль і на  ўрачыстасць з нагоды заканчэння ўніверсітэта   мне  таксама шыла яна. Дзядзькі Міхала таксама ўжо няма. Ён быў заўзятым паляўнічым, і амаль да апошняга  хадзіў на паляванне. Помню, з якім імпэтам ён расказваў мне пра  ўласнаручна падстрэленую ваўчыцу. Як ён ганарыўся, што тады яму ўдалося  абысці  ў спрытнасці маладзейшых  паляўнічых!..

  Яшчэ адна наша суседка Антаніна Жаркая   пражыла больш за 90 год . Нялёгкае жыццё наканаваў лёс кабеце. Замуж не выйшла.  Даводзілася  самой і араць, і касіць. Адышла ў вечнасць яна дастойна: выйшла да крыжа, які  стаяў побач з яе хатай на скрыжаванні вясковых вуліц, памалілася, вярнулася дамоў і  ціха сканала. “Такую смерць у Бога  варта за-служыць», — казаў ксёндз Рычард, адпяваючы бабу Антолю.

  Ход  чалавечага жыцця нельга прыпыніць, гэта не  ціканне   гадзінніка, стрэлкі якога можна пераводзіць   назад і наперад. Як бы ні было журботна, але  ўжо адышлі з жыцця мая аднакласніца Соф’я Лішко, сяброўка па дзіцячых гульнях Ірына Антановіч. Першая ўсё жыццё адпрацавала даяркай на мясцовай ферме, другая — у раённай бальніцы. На рабоце, лічы, і памерлі.

  Свяшчэннікі сцвярджаюць: душы людскія  не паміраюць, яны адыходзяць у вечнасць. У гэтыя памінальныя дні яны вяртаюцца на зямлю, каб  паглядзець і ацаніць наша зямное існаванне. У памяць іх правіцца ў касцёлах святая імша, запальваюцца на магілах свечкі, іх многа— чырвоных, жоўтых, зялёных, сініх… Могілкі  тады ператвараюцца,  па вобразнаму выказванню адной з маіх сябровак,  у горад вечнасці…                        Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио