Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Пакланюся я нізка-нізка тым палям і садам, дзе зязюля кукуе...

Пакланюся я нізка-нізка   тым палям і садам,  дзе зязюля кукуе...22 сентября 2016 — 14:25

 

Пад разгалістымі векавымі дрэвамі, якія вальготна адчуваюць сябе ў цэнтры Котчына, што на тэрыторыі Курылавіцкага сельскага Савета, сабраліся яе жыхары на свята вёскі. Прыйшлі ўсе, хто змог па стану здароўя, прыехалі тыя, хто тут нарадзіўся і вырас, але ў свой час пакінуў родныя мясціны.

На працягу больш за дзве гадзіны гучалі песні, многа добрых слоў у свой адрас пачулі вяскоўцы ад работнікаў сельскага клуба “Азёркі” Ірыны Мікалаеўны Шалястовіч і Галіны Антонаўны Шалястовіч, старшыні Курылавіцкага сельсавета Сяргея Валяр’янавіча Каспяровіча, намесніка старшыні СВК “Азяранскі” па ідэалагічнай рабоце Людмілы Паўлаўны Васілеўскай, якія выступілі арганізатарамі свята.

У Котчына, што ні хата, цудоўнымі людзьмі багата. Л. П. Васілеўская ўручыла сяльчанам граматы: каму ­­  за былыя працоўныя заслугі, а маладзейшым – і за сённяшнюю працу.

Удзельнікі вакальнага гурта “Азяраначка” ­­ Валянціна Мармыш, Алена Чудзілоўская, Наталля Жыткевіч, Ксенія Шалястовіч, Юлія Майсюк, Крысціна Тур, Яна Калядзіч і Валерыя Драздова ­­ святочны настрой стварылі задушэўнымі песнямі. Песні ў іх выкананні вяскоўцам вельмі спадабаліся. Як сведчанне гэтаму, букеты кветак, якімі ўсхваляваныя і задаволеныя вяскоўцы адорвалі артыстаў.

­­ Вы нас быццам вярнулі ў маладосць, прымусілі ўспомніць перажытае. Прыязджайце да нас кожны месяц, ­­ дзякавалі артыстам за цудоўнае свята і запрашалі наведваць вёску часцей самыя старэйшыя жыхаркі Котчына 87­гадовыя Надзея Іванаўна Касперская і Зінаіда Піліпаўна Філіповіч, якія нягледзячы на шаноўны ўзрост з задавальненнем прыйшлі на свята роднай вёскі.

Сёння ў Котчына пастаянна жывуць 52 вяскоўцы, пераважна бабулі шаноўнага ўзросту. А вось Марыі Іосіфаўне і Міхаілу Іванавічу Пашкевічам, Вользе Іванаўне і Цеафілію Іванавічу Грышко пашчасціла жыць у пары і адсвяткаваць залатое вяселле. Іх таксама не абышлі ўвагай на свяце. Калі Яна Калядзіч выконвала для  мамаў песню “Ружа­кветка”,  Марыя Іосіфаўна Пашкевіч, мама чатырох дзяцей і бабуля аж дзевяці ўнукаў, ад хвалявання не змагла стрымаць слёз.

Котчына славіцца не толькі сваімі жыхарамі, але і ганарыцца самабытным вясёлым задорным танцам “Котчынская кадрыля”, які беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне і сёння занесены ў спіс нацыянальнай гісторыка­культурнай спадчыны. Не абышлося без кадрылі і свята вёскі. Танцавалі ўсе, хто меў жаданне і натхненне.

Таццяна Канстанцінаўна ад імя ўсіх котчынцаў падзякавала мясцовым артыстам за дастаўленыя прыемныя хвіліны.

­­ Я пераканана, што такія святы вяскоўцам патрэбны, яны як глыток свежага паветра ў спакойным  і размераным вясковым жыцці, яны яго ўпрыгожваюць, ­­ выказвае меркаванне акампаніятар сельскага клуба “Азёркі” Г. А. Шалястовіч.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

 



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: