Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумДуховностьСоциумКультураНовости МостовщиныНаш край

Паэтычныя зоры над Нёманам

Паэтычныя зоры над Нёманам07 июля 2023 — 10:48

Бацька наш, Нёман! Так з любоўю і павагай мы называем вялікую раку нашай малой радзімы. Сваё “нараджэнне” Нёман атрымаў на Уздзеншчыне, што ў Мінскай вобласці. Далей ён нясе свае воды да Стаўбцоў, затым на Гродзеншчыну. Па тэрыторыі Мастоўскага раёна рака працякае амаль сто кіламетраў. Нёман – увасабленне лёсу беларускага народа, сведка многіх гістарычных падзей. З сівой даўніны і да сённяшняга часу прысвячаюць яму свае творы паэты, празаікі, мастакі, кампазітары розных краін і народаў.

Мастоўскай раённай бібліятэкай выдадзены зборнік вершаў “На хвалях Нёмана”, у які ўвашлі творы знакамітых беларускіх аўтараў, у тым ліку паэтаў-землякоў.

У рамках сумеснага з раённай газетай “Зара над Нёманам” праекта “Родны край – крыніца натхнення” прапануем вам, паважаныя чытачы, пазнаёміцца з творамі паэтаў Мастоўшчыны, радкі якіх прысвечаны Нёману.

Мастоўская паэтэса Галіна Васілеўская ў сваім вершы “Край мой Прынёманскі” параноўвае Нёман з вясновым світанкам, называе светлым, лагодным і магутным. А паэтычны радок “Родныя здаўна стаяць тут Масты” падкрэслівае старажытную гісторыю нашага горада, які заснаваны на беразе Нёмана ў 1486 годзе. Сапраўды, з даўніх часоў тут сяліліся нашы продкі, будавалі жыллё, працавалі, займаліся рамёствамі. Таму і край наш называюць Прынёманскім, які, па словах паэта Васіля Юрэвіча, “раскінуўся над Нёманам ад Каўшоў да Галубоў” (верш  “Край Мастоўскі”).

Пра наднёманскую прыроду, жытнёвыя палі, “спеў празрысты над срэбнай вадой” піша ў сваім вершы “Каля Нёмана” беларуская паэтэса Ірына Данік, жыццё і дзейнасць якой былі цесна звязаны з Мастоўшчынай.  Аўтар выказвае словы зачаравання старонкаю каля “звонкага” Нёмана, чые берагі прывіталі яе “і слязінкамі, і ўсмешкамі”.

Падчас грозных ваенных падзей рака неаднаразова станавілася для ворага, як напісаў у сваім вершы “Нёман” мастоўскі паэт Іван Астапенка, “моцнай сцяной”, сведкам зверскіх злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Беларусі,  распраў над мірным насельнітвам (верш І.Данік “У Княжаводцах бэз цвіце”).

Веліч і прыгажосць Нёмана паэтызавала ў сваіх вершах “Бегущая по волнам” і “Зачаравана я ракою” мастоўская паэтэса Зінаіда Біліда. У яе творах рака “крок свой зацішае, у задуменні … стаіць” або “стужкай сіняю ляціць”.

Захапляецца магутнасцю вечна маладога Нёмана, падвесным мостам, які злучае два берагі ракі і з’яўляецца візітнай карткай г. Масты, паэтка Зоя Касьяновіч у вершы “Мой город”.

Ва ўтульным месцы на беразе ракі, дзе зліваюцца Нёман і Зяльвянка, знаходзіцца ДУ “Гродзенскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па грабных відах спорту”. Адсюль, “Ад хваляў Нёмана…”, як адзначае паэтка Людміла Гайдаш у сваім паэтычным творы “Пра цябе свае вершы складаю”, “на міравы Алімп узышлі мастоўскія граблісты на байдарках і каноэ”.

Нёман і сёння вабіць, супакойвае, застаецца крыніцай натхнення і радасці для кожнага, хто дакранецца да яго лагодных хваляў. Таму, каб адчуць прыгажосць і пранікнуцца веліччу Нёмана, знайдзіце хвілінку і прайдзіцеся, не спяшаючыся, па беразе нашай славутай ракі.

Вольга КОРШУН,

метадыст ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио