Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Пад купалам святыні

Пад купалам святыні03 февраля 2016 — 10:00

 Кожны народ мае сваю асаблівую гісторыю і сваю непаўторную культуру. Кожны іх носьбіт мае пэўны набор традыцый, вераванняў, каштоўнасцей, норм і прынцыпаў, якія ён перанімае ад сваіх продкаў у спадчыну і перадае нашчадкам. Сведкамі генезісу культуры і гістарычных падзей, адлюстраваннем пэўнай эпохі і стылю з’яўляюцца помнікі. Гэта яшчэ адна частка спадчыны, якую неабходна берагчы. У Рэспубліцы Беларусь існуе Дзяржаўны спіс гісторыка­культурных каштоўнасцей, які складаюць помнікі археалогіі, архітэктуры, гісторыі і мастацтва. У складзе Мастоўскага раёна ёсць 17 такіх гісторыка­-культурных каштоўнасцей.

Культура беларусаў цесна звязана з хрысціянскай культурай. Таму па ўсёй краіне рассыпаны беларускія святыні – хрысціянскія храмы. Шмат іх і на Мастоўшчыне. Сярод іх – гісторыка­культурныя каштоўнасці, 4 помнікі архітэктуры: Свята­Пакроўская царква в.Бялавічы (1882г.), Свята­Мікалаеўская царква агр.Дубна (1844г.), комплекс касцела Святой Ганны агр.Лунна (1782 г., 1895г.), Свята­Троіцкі касцел в.Плябанаўцы (1740г.). Акрамя таго, гэтыя помнікі адлюстроўваюць рэгіянальную асаблівасць і самабытнасць культуры Панямоння.

Адна са  святынь Мастоўшчыны ­­ Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы агр.Дубна Мастоўскага раёна ­­ у гэтым годзе адсвяткаваў 165­-годдзе з Дня асвячэння. Святкаванне гэтай падзеі адбылося 14 лістапада 2015г. у храме.

Свята­Мікалаеўская царква пачынае сваю гісторыю ў XIX стагоддзі. Існуе легенда пра будаўніцтва храма. Адбылося гэта тады, калі тэрыторыя сённяшняй Беларусі ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Цар гэтай дзяржавы захацеў узвесці храм ў г.Дубна, месцазнаходжанне якога на тэрыторыі сённяшняй Украіны. Але галоўны архітэктар пераблытаў і пабудаваў яго ў беларускім сяле Дубна.

Але будаўніцтва храма не было выпадковым. Вясной 1828 года здарылася на Нёмане  вялікая паводка, вада размыла высокі бераг, і драўляная царква рухнула ў ваду. Жыхары вёскі перайшлі маліцца ў памяшканне для захоўвання зерня. У 1842 годзе было  вырашана будаваць каменную царкву. Будаўніцтва было завершана ў 1844 годзе. І атрымалася царква велічнай і прыгожай па эскізах італьянскага архітэктара. Праз дваццаць гадоў храм быў рэканструяваны архітэктарам В.Міхаэлісам. У прастольнае свята ў 1850 годзе храм быў асвечаны Найсвяцейшым Ігнаціем, епіскапам Брэсцкім.

Будынак Свята­Мікалаеўскай царквы вытрыманы ў стылі позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўнага стылю. Інтэр’ер упрыгожвае фрэскавы роспіс, які быў выкананы некалькімі невядомымі майстрамі  прыблізна ў XIX стагоддзі. Асаблівасцю з’яўляецца трох’ярусны драўляны іканастас­паўратонда. Царская брама яго выканана яшчэ ў пачатку XIX ст.

На званіцы Мікалаеўскага храма было пяць званоў, якія былі адліты ў Маскве ў 1761 годзе. У савецкія часы ўнікальныя званы з выявай Маці Божай былі вывезены ў невядомым напрамку.  Званіца цалкам адноўлена. Толькі ў 2008 годзе быў набыты апошні звон на сродкі клірыка храма Васіля Кораня.

Адным з першых свяшчэннікаў у Мікалаеўскім храме быў Віктар Малевіч, які праслужыў на пасадзе настаяцеля 39 гадоў. Разам са сваёй матушкай Марыяй Іванаўнай яны пахаваны ва ўсходняй частцы царкоўнага двара. Было ў іх сямёра дзяцей. Дачка Наталля выйшла замуж за свяшчэнніка, які пасля смерці настаяцеля Віктара стаў новым настаяцелем Мікалаеўскага храма.

З пачатку 90­х гадоў ХХ стагоддзя свяшчэннікамі храма былі іерэй Уладзімір (Дарош), іерэй Міхаіл (Шматкоў). З 2003 года і па сённяшні дзень настаяцелем храма з’яўляецца пратаіерэй Мікалай (Гляд).Нават у ваенныя часы службы ў храме не спыняліся. Храм не перабудоўваўся. Толькі пасля апошняй вайны стаў руйнавацца і прышоў у заняпад. Толькі ў канцы ХХ стагоддзя ён пачаў адраджацца. На працягу апошніх гадоў праведзена шмат работы па яго добраўпарадкаванню. Яго зноўку атынкавалі, пафарбавалі, былі адрамантаваны страха і вок­ны, адрэстаўраваны іканастас, абразы, харугвы. З часам была адрэстаўравана царкоўная агароджа, брамы цэнтральнага ўваходу ў ёй былі заменены з драўляных на металічныя, адноўлены прыступкі, выкладзена да іх дарога з тратуарнай пліткі. Прыведзены ў парадак цвінтар храма. Быў адноўлены фрэскавы роспіс храма мастаком па манументальна­дэкаратыўнаму роспісу з г.Гродна Віталём Аляксандравічам Гаравым.

Свята­Мікалаеўская царква агр.Дубна – гэта наша святыня, каштоўнасць, спадчына. І царква, і дзяржава, і кожны веруючы хрысціянін, і знаток мастацтва – усе разам сваімі сіламі і малітвамі з нізкім паклонам перад продкамі і з добрасумленным наказам нашчадкам мы захаваем  гэтую каштоўную спадчыну і адсвяткуем яшчэ ні адзін юбілей пад купалам святыні.

А. МІХНО,старшы навуковы супрацоўнікУК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”

Фота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: