Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и историяК 100-летию образования БССРНовости МостовщиныНаш край

Па старонках кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”

Па старонках кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”06 декабря 2018 — 10:20

Лёс Мастоўшчыны неразрыўна звязаны з лёсам краіны і ўсяго беларускага народа, які стаіць на парозе значнага юбілею – 100-годдзя ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Цікавыя звесткі аб тым, што адбывалася на тэрыторыі цяперашняга Мастоўскага раёна на крутых паваротах гісторыі, змешчаны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Мастоўскі раён”. Мы прапануем нашым чытачам цыкл публікацый на дадзеную тэму і запрашаем да размовы гісторыкаў, краязнаўцаў, даследчыкаў – усіх, хто нераўнадушны да мінулага і сённяшняга дня роднага краю.

У лютым 1919 года нямецкая акупацыя на тэрыторыі Мастоўшчыны змянілася польскай. 13 лютага 1919 года польскія легіянеры занялі Масты. Быў ўсталяваны жорскі рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў, распачалася прымусовая паланізацыя.

У ліпені 1920 года Заходні фронт, якім камандаваў М.Тухачэўскі, пачаў наступленне супраць польскіх легіянераў. 22-24 ліпеня 1920 года 11-я Петраградская стралковая дывізія разам з іншымі фарсіравала раку Нёман. На рубяжы Гродна-Масты-Слонім баі насілі вельмі напружаны характар. Пры ўзаемадзеянні з часцямі 3-га кавалерыйскага корпуса, воіны 501-га палка фарсіравалі раку Шчара і вызвалілі населеныя пункты Правыя Масты, Малькавічы, Курылавічы, Вялікія Азёркі, Мілявічы, Пескі, Зарудаўе, Рось, Масты і інш.

Мясцовае насельніцтва актыўна дапамагала Чырвонай Арміі. Так, жыхары вёскі Дубна Мікалай Кавальчук, Сцяпан і Мікалай Касцечкі паказалі зручнае месца для пераправы праз Нёман. Аб подзвігу трох дубненскіх сялян потым расказала армейская газета “Рабоче-крестьянский путь”, паведамлялася, што ўсе трое прадстаўлены да ўзнагарод. Іх вобразы таксама ўвекавечаны на акварэльнай замалёўцы мастака М.Гуціева, што знаходзіцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Сяляне дзяліліся з чырвонаармейцамі прадуктамі харчавання, аказвалі дапамогу раненым, давалі фурманкі для падвозу боепрыпасаў, праводзіліся Тыдні дапамогі Заходняму фронту.

У першыя дні вызвалення пачалі стварацца валасныя ваенна-рэвалюцыйныя камітэты (валрэўкомы). Адным з першых валрэўком быў створаны ў Песках, старшынёй якога быў абраны камуніст Альфонс Сямашка.

22 ліпеня 1920 года валрэўком пачаў дзейнічаць у Мастах. Старшынёй яго стаў ваеннаслужачы камуніст Аляксандр Шохаў, потым на гэтую пасаду абралі мясцовага камуніста Баляслава Лебедзя.

Сваю дзейнасць валасныя ваенна-рэвалюцыйныя камітэты пачалі з падбору кадраў. Як правіла, паўсюдна меліся зямельны і ваенны аддзелы, аддзелы народнай асветы, аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння.

Асаблівую ўвагу валрэўкомы звярнулі на барацьбу з захворваннямі насельніцтва. У прыватнасці, у хаце жыхара Песак была створана бальніца на 15 ложкаў, падабраны неабходны абслугоўваючы персанал. Мясцовыя жыхары прыносілі ў бальніцу чырвонаармейцам малако і хлеб.

Адначасова абследаваліся панскія маёнткі, быў зроблены іх вопіс, узяты пад кантроль пасевы, маёмасць, арганізаваны збор сродкаў для Чырвонай Арміі. Пачалася ліквідацыя памешчыцкага землеўладання. Займаліся рэўкомы і размеркаваннем рэчаў першай неабходнасці: прадуктаў харчавання, адзення, абутку, лішкі якіх забіралі ў багацеяў і аддавалі бедным.

Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты прыступілі да арганізацыі школ. Трэба было паўсюдна адрамантаваць будынкі, набыць падручнікі, знайсці настаўнікаў. Справа гэтая была не з лёгкіх, бо вопытных кадраў не проста не хапала, іх не было. Праблема вырашалася за лік мясцовых актывістаў.

Аднак ужо ў канцы лютага 1921 года мірная праца насельніцтва была парушана наступленнем войск Польшчы. Чырвоная Армія была вымушана пакінуць заходнія раёны Беларусі. Нядоўга праіснавалі валрэўкомы, але справу зрабілі вялікую.

Падрыхтавала да друку Н.ШЭЎЧЫК



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио