Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Нязгасная зорка паэта

Нязгасная   зорка паэта16 декабря 2016 — 15:37

  У ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” у рамках раённага бібліятэчнага конкурса “Год культуры крочыць па планеце” быў праведзены літаратурны арт-праект “Нязгасная зорка на беларускім небасхіле”, прымеркаваны да 125-й гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. У рамках арт-праекта адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Светлы шлях будзе вечна жывым”.

 

На літаратурнае свята прыехалі пісьменнікі з Гродна Аляксандр Міхайлавіч Закрэўскі і Дмітрый Мікалаевіч Радзівончык.
Супрацоўнікі бібліятэкі з эмблемамі на грудзях у выглядзе сімвалічнага васілька, апетага і ўслаўленага Багдановічам, прыязна сустракалі наведвальнікаў. На гэты раз літаратурна-музычная гасцінная, дзе звычайна праходзяць падобныя мерапрыемствы, ледзь змагла змясціць усіх дарослых і юных прыхільнікаў паэзіі М. Багдановіча, настаўнікаў і старшакласнікаў гімназіі №1 і СШ №2 г. Масты.


У чытальнай зале ўвазе прысутных была прапанавана цікавая выстаўка “Паэт святла, красы, любові”, на якой прадстаўлены творы паэта, літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя яго творчасці, а таксама экспанаты з фондаў музеяў Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага і М. Багдановіча з Гродна.


Павышаную цікавасць да творчасці М. Багдановіча праявілі і юныя мастакі, навучэнцы Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў. У фае на другім паверсе бібліятэкі была арганізавана выстаўка іх работ “Незабыўны Максім Багдановіч”. Сваё бачанне і адчуванне паэзіі класіка рабяты паспрабавалі перадаць фарбамі. Кожны выбраў для сябе верш паэта, які асабліва ўразіў, і перадаў гэтае ўражанне на карціне.


Лёс адмераў Максіму Багдановічу кароткі жыццёвы адрэзак — толькі дваццаць пяць год ззяла зорка яго зямнога жыцця. Аднак і за гэты час паэт паспеў залатымі літарамі ўпісаць сваё імя ў гісторыю беларускай літаратуры. А яго цудоўныя вершы ўвайшлі ў скарбонку не толькі беларускай, але і сусветнай паэзіі.


Госць мерапрыемства кіраўнік гродзенскага гарадскога клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Аляксандр Міхайлавіч За-крэўскі падрыхтаваў для прысутных музычны падарунак. У яго выкананні прагучалі песні на словы Багдановіча. А яшчэ Аляксандр Міхайлавіч прызнаўся, што свой працоўны шлях ён пачынаў у Мастоўскай сельгастэхніцы, што родам з нашага горада яго жонка, што Масты яму блізкія і родныя, і ён заўсёды з задавальненнем прыязджае сюды.


Максім Багдановіч здолеў даказаць, што на беларускай мове можна ствараць усе магчымыя узоры класічых формаў паэзіі — рамансы, санеты, рандо, трыялеты. І яшчэ ён надзвычай тонкі лірык. Пра што б ні пісаў паэт: пра лёс Радзімы і народа, родную прыроду і каханне — творы яго і сёння гучаць свежа, хвалююча і надзвычай прыгожа. Яны прымушаюць чытачоў задумацца над сэнсам нашага зямнога існавання, што мы пакінем пасля сябе нашчадкам. Добрую памяць аб сабе трэба заслужыць, паэту гэта ўдалося. Аб гэтым разважае ў сваім эсэ “Размова з Максімам”, якое было напісана пасля наведвання магілы паэта ў Ялце, Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык. Эсэ ён прапанаваў увазе прысутных.


Вершы паэта з вялікім пачуццём і натхненнем чыталі супрацоўнікі бібліятэкі і вучні.


— Дзякуй супрацоўнікам бібліятэкі і пісьменнікам з Гродна за цёплую сустрэчу пад блакітным васільком з цудоўнай паэзіяй Максіма Багдановіча. У школе вучні знаёмяцца з некаторымі вершамі паэта. Пасля сённяшняй сустрэчы, думаю, ім захочацца яшчэ бліжэй пазнаёміцца з яго паэзіяй, бо яго творчая палітра шматгранная і прыгожая. Жыццё паэта кароткае, але яркае. Тое, чым жыў паэт, працягваць нам,— падзякавала арганізатарам сустрэчы настаўніца роднай мовы і літаратуры СШ №2 г. Масты Таццяна Яўгенаўна Калеснікава.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио