Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

“Ну здароў, здароў, кнопка...”

“Ну здароў, здароў, кнопка...”17 октября 2013 — 10:00

Гэтыя знаёмыя мне з дзяцінства словы, пачутыя ад сталага ўжо мужчыны, заставілі не толькі азірнуцца на суразмоўцу, але і па-добраму ўсміхнуцца. А яшчэ – успомніць той час, калі нас з сястрой старэйшыя вясковыя хлопцы называлі “кнопкамі”. Чаму? Ды таму што тата наш працаваў кінамеханікам у мясцовым клубе, а  мы часта разам з ім развешвалі афішы…

Так, так нават у нашай невялічкай вёсцы былі ўстаноўлены тры спецыяльныя стойкі, да якіх кнопкамі прымацоўваліся папяровыя аркушы. На іх былі ўказаны дата, назва фільма, яго пачатак і кошт білета, напісаныя бацькавай рукой. Мы заўсёды з  цікавасцю і нейкім трапяткім пачуццём назіралі за тым, як тата зматваў невялікі кавалак паперы, макаў яго ў чарнілы (а яны былі сіняга, зялёнага і чырвонага колеру), і на бялюткім полі з’яўляліся акуратныя, роўныя на выгляд, друкаваныя літары.

Былі афішы і іншага плана – маляўнічыя кадры з фільма прыцягвалі ўвагу не толькі дзяцей, але і дарослых вяскоўцаў. Праўда, іх колькасць абмяжоўвалася адным-двума дзесяткамі, і часцей за ўсё друкарская  прадукцыя тыражыравалася на самыя папулярныя ў той час кіналенты. Памятаеце: «Женщина, которая поет», «Петровка,38», «Знахарь», «Танцор диско»… Яны збіралі поўныя залы гледачоў, нашых аднавяскоўцаў, якія так шчыра суперажывалі галоўным героям, што дамоў вярталіся з наскрозь мокрымі насавымі хустачкамі і прыпухшымі ад слёз вачамі…

А ў нядзелю днём на прагляд чарговага мультзборніка ці дзіцячага фільма ў клуб збіралася мясцовае насельніцтва да 16 гадоў. Тады мне  тата дазваляў выступіць у ролі касіра. Значымасць і адказнасць гэтай справы цяжка было пераацаніць для дванаццацігадовай дзяўчынкі.

А вось сустракаць “развозку” – машыну кінапрадпрыемства, якая прывозіла новыя і забірала ўжо паказаныя фільмы – мы не любілі. Сядзець на адным месцы і чакаць было вельмі сумна.Затое ўсё гэта з лішкам кампенсавалася фотаздымкамі любімых усімі акцёраў, якімі поўніліся часопісы “На экранах”, “Киномеханик”. Падпіска на іх у нас дома афармлялася адразу на год.  І гэта быў сапраўдны скарб, якім мы ахвотна дзяліліся з сябрамі і знаёмымі.

З якой нагоды ўсё гэта ўсплыло ў памяці? Падставай стала аб’ява, што ў кінатэатры дэманструюцца фільмы ў фармаце 3D, а наведвальнікі могуць паласавацца поп-корнам і іншымі прысмакамі.Вось так усё памянялася. У кіназалу раённага маштабу гледачоў даво-дзіцца зацікаўліваць сучаснымі супермоднымі тэхналогіямі і салодкім. Клуб у нашай вёсцы адзінока пазірае пустымі вачніцамі акон. І толькі памятнае “кнопка” вяртае назад, у той час, калі ўсё тут жыло…

Н.СВЯТЛОВА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио