Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Нітка за іголкой – і кветка ззяе зоркай

Нітка за іголкой – і кветка ззяе зоркай01 июля 2013 — 10:00

Уменне бачыць прыгожае ў звычайных рэчах і з’явах, рознакаляровыя ніткі, цярпенне і добры настрой – вось, па сутнасці, і ўсё, што неабходна, каб навучыцца вышываць. Ва ўсякім разе так лічыць Ірына Вячаславаўна Фядзюк, якая вышывае крыжыкам цудоўныя карціны.

Дзеці, бацькі і выхавальнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Масты з цікавасцю спыняліся ля стала, дзе размяшчаліся работы Ірыны Вячаславаўны. Яркія кветкі, пейзажы, ваза з садавіной – усё здаецца такім натуральным і прывабным!.. Не адразу разумееш, што створана гэта з дапамогай звычайных нітак і натхнення.

— І.В.Фядзюк працуе ў нас выхавальнікам ужо сёмы год, а агульны стаж работы з дзецьмі складае шаснаццаць гадоў, — расказвае Таццяна Аляксандраўна Лагвіненка, выхавальнік-метадыст дашкольнай установы.—Як бачыце, яна вельмі творчы чалавек, а яшчэ старанны, дысцыплінаваны і адказны работнік. Калі мы даведаліся, што яна стварае такую прыгажосць, вырашылі арганізаваць невялічкую выстаўку.Як стала вядома з размовы, дзесятак гадоў таму Ірына Вячаславаўна самастойна навучылася вышываць.

— Неяк у часопісе ўбачыла прыгожую карціну, вышытую крыжыкам, і вырашыла паспрабаваць. Вынік першай спробы ўзрадаваў, — успамінае майстрыха. – Зараз першапачатковае захапленне перарасло ўжо ў нешта большае, стала неад’емнай часткай жыцця.

— А колькі даводзіцца працаваць над кожнай карцінай? – пытаемся ў субяседніцы, разглядваючы работу “Ластаўчына гняздо”,  ад якой вее летнім адпачынкам у Крыме.— Калі невялікая, то тыдні два, — адказвае ўмеліца. – Бывае і больш, і менш – гэта залежыць ад складанасці сюжэту, і ад настрою, з якім пачынаеш справу. Як і ўсё, за што бяруцца чалавечыя рукі, вышыванне таксама патрабуе спакою, руплівасці, чуласці і дабрыні. Тады быццам бы ўсё атрымліваецца само сабой…Цікавімся і далейшым лёсам творчых работ.

— Раздаю, дару родным, блізкім, сябрам на святы і проста так, — быў адказ Ірыны Вячаславаўны. – Мы і дзетак у садзе так вучым, што падарунак, выкананы сваімі рукамі, мае большую каштоўнасць за куплены, бо захоўвае цяпло рук таго, хто яго зрабіў.

Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио