Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш край

Ненадакучлівы сэрвіс

Ненадакучлівы сэрвіс08 января 2020 — 15:31

Неяк давялося скарыстацца паслугамі аднаго аб’екта прыдарожнага сэрвісу. Не лепшыя ўражанні склаліся пра яго наведванне, калі не сказаць больш. Думаю, не мы адны заракліся аб’язджаць гэтае месца наступным разам. Раскажу, чаму.

– Добры дзень, можа, пачастуеце чым-небудзь смачненькім? – звярнуліся мы да малажавай жанчыны за прылаўкам, завітаўшы ранкам у прыдарожнае кафэ.

– Здрасьце. Няма ў нас нічога смачненькага, – незадаволена адгукнулася прадавец і зірнула на нас так, быццам хацела прамовіць: “Ну, і чаго прыпёрліся?! Так ціха было без вас, так спакойна. Цяпер уставаць трэба, некуды ісці, нешта рабіць. Ездзяць тут, ездзяць...”

Не пачуўшы прапаноў наконт таго, чым можна было б падсілкавацца, мы спынілі свой выбар на каве. Аднак і тут нас чакала расчараванне: з унушальнага спісу рэцэптур гэтага гарачага напітку, які добра бадзёрыць, меўся толькі адзін.

– Малака няма, нічым не магу дапамагчы, – растлумачыла прадавец.

Давялося ўзяць тое, што было. І пакуль разумная цуда-машына гатавала порцыі кавы, разносячы па невялікім памяшканні прыемны пах, мы ўладкаваліся за столікамі. Не маючы на тое намеру і аніякага жадання, незнарок сталі сведкамі асабістых размоў прадаўца па мабільным тэлефоне: так гучна яна кагосьці адчытвала і давала настаўленні, карыстаючыся часам словамі зусім не газетнага фармату.

Атрымаўшы нарэшце жаданае, мы прыняліся смакаваць пітво. На смак кава аказалася зусім нядрэннай, аднак амаль зусім без цукру. Каб паправіць становішча, бо ў нашай сям’і ўсе любяць салодкае, мы ў чарговы раз патурбавалі работніцу кафэ.

– Асобна цукар не прадаём, толькі з кавай, – канчаткова збянтэжыла нас прадавец.

– А яшчэ ў нас булачкі ёсць, толькі іх дзесьці праз паўгадзіны прывязуць, –быццам зжаліўшыся над намі, крыху мякчэйшым голасам дадала жанчына.

Чакаць абяцаных прысмакаў мы не рашыліся. Развітаўшыся, рушылі далей. А па дарозе доўга абмяркоўвалі “ненадакучлівы” сэрвіс і ўспаміналі знаёмага, які заўсёды з захапленнем расказвае пра замежныя прыдарожныя кафэшкі. Там і сустрэнуць цябе прыветліва, з усмешкай на твары, і фірменныя стравы прапануюць, і “з-пад зямлі” дастануць тое, што пажадаў кліент. А тут – цукар толькі з кавай, булачкі – праз паўгадзіны, а малако – пад вечар.

Шкада, што такія вось прыклады, якія псуюць настрой, уражанні і сфарміраваны стэрэатып пра беларускую гасціннасць, усё яшчэ сустракаюцца. Добра, што ўсё радзей.

Н.  СВЯТЛОВА

Фота носіць ілюстрацыйны характар


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио