Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Недаспяваная песня Сяргея Крыўца

Недаспяваная песня Сяргея Крыўца13 мая 2013 — 10:00

Амаль восем дзесяцігоддзяў назад Максім Танк адзначыў у сваім дзённіку: “Сення адпісаў С. Крыўцу, ад якога атрымаў некалькі цікавых вершаў. Арыгінальны і самабытны паэт”.Сяргей Крывец, пра якога піша класік беларускай літаратуры, — наш земляк, таленавіты творца. Ураджэнец Мастоўскага раёна, ен пражыў нядоўгае, але досыць драматычнае жыцце.    У адным са сваіх вершаў Сяргей Крывец напісаў так:

Жыццё не чэрпаюць па жмені,Жыццё бяруць усё зараз,Інакш людзей не будзе з нас,Інакш з нас будуць толькі цені.

Гэтыя радкі вельмі ярка адлюстроўваюць лёс паэта. У 1915 г. сям’я, у якой гадаваўся Сяргей, уцякла ад нямецкага нашэсця на неабсяжныя расійскія прасторы. Там, у Саратаўскай губерніі, хлапчук два гады вучыўся ў мясцовай школе. Больш не атрымалася. Беларускія ўцекачы вырашылі вярнуцца на радзіму. А дома, як вядома, і сцены дапамагаюць. З ранняга юнацтва Сяргей пачаў працаваць, засвоіў мноства прафесій. Быў пастухом, цесляром, рабочым на будоўлі, маляром. Увесь гэты час займаўся самаадукацыяй, многа чытаў. Яшчэ ў школе ў Крыўца выявіліся здольнасці да малявання, узнікла цяга да паэтычнай творчасці. У 1928 г. заходнебеларускі часопіс “Заранка” надрукаваў першы верш С. Крыўца. Вельмі хутка малады літаратар пераканаў, што ў яго ёсць свой арыгінальны паэтычны голас.

Забіці “я” – сябе скалечыць,А быць калекай – кепскі жарт,Хай траціць вобраз чалавечыЎжо той, хто “я” свайго не варт.Гэта было выказана смела і таленавіта. Тры гады ў пачатку трыццатых Крывец жыў у Гродна, працаваў цесляром і працягваў пісаць вершы. У 1933 г. Сяргей пераехаў у Беласток, дзе з галавой акунуўся ў тагачаснае культурнае жыцце. Ён па-ранейшаму шмат займаўся паэтычнай творчасцю,       удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, друкаваўся ў папулярным выданні “Новая дарога”. Сябры паэта пазней успаміналі, што вечарынкі з бясконцымі размовамі пра сусветную і беларускую літаратуру, у якіх удзельнічаў Крывец, маглі доўжыцца да раніцы. Менавіта ў тую пару ў яго нарадзіліся такія радкі:

Гэй, вярні мне, вецер,песню,Песню долі батрака!Свет зрабіўся мне зацесны,Быццам клець для жаўрука.Не абмінулі паэта вельмі папулярныя тады рэвалюцыйныя ідэі. Некалькі разоў ён імкнуўся перасячы савецка-польскую мяжу, каб з усходнімі беларускімі братамі будаваць новае шчаслівае жыццё. Аднак яго затрымлівалі польскія памежнікі. Яму нават некаторы час давялося пасядзець за кратамі, што, канечне, дадавала мудрасці маладому рамантыку. І, безумоўна, выратавала ад немінучых сталінскіх рэпрэсій.Пасля 17 верасня 1939 г. Сяргей ажыццявіў сваю мару аб працягу адукацыі. У перадваенную пару ен вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце.

Вялікая Айчынная пачалася раптоўна, і ўжо ў першы яе дзень Сяргей Крывец апынуўся на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Ен застаўся жыць у Беластоку, працаваў, пісаў вершы. Фронт вярнуўся сюды летам 1944 г. І вось тады паэт стаў салдатам.Вайна паступова адыходзіла на захад… Баі ішлі на Вісле, пад Варшавай, у іншых польскіх населеных пунктах. Воіны Чырвонай Арміі набліжаліся да тэрыторыі Усходняй Прусіі, Балтыйскага ўзбярэжжа. У пераможным 1945 г. радавы 731-га стралковага палка Сяргей Крывец прыняў свой апошні бой. У літаратурных энцыклапедыях і даведніках дата гібелі салдата падаецца так: “Загінуў 28 красавіка 1945 г. каля Гдыні”, альбо: “Загінуў 28. 4. 45 пад час штурму Гдыні”. Аднак у некаторых крыніцах датай гібелі паэта называецца 13 мая 1945 г. (гэта значыць, ужо пасля Перамогі). Як бачым, розніца істотная. І нідзе чамусьці не гаворыцца пра месца пахавання нашага земляка. Здавалася б, чаму? У апошні ваенны год улік стратаў у савецкіх войсках быў наладжаны дакладна, і сем’і загінуўшых атрымлівалі пахавальныя з канкрэтнымі каардынатамі. Што ж тады адбылося ў выпадку з Сяргеем Крыўцом?

Па-першае, штурм Гдыні адбываўся ў канцы сакавіка 1945 г., канчаткова немцаў выбілі з гэтага горада 28 сакавіка, а не месяцам пазней. Тады адкуль узялася другая дата: 13 мая 1945 г.?На самой справе здарылася вось што. Воіны 731-га стралковага палка ў канцы сакавіка 1945 г. удзельнічалі ў баях за Гдыню. 28 сакавіка ў атакуючых шарэнгах быў і Сяргей Крывец. У нейкі момант непадалёку выбухнуў варожы снарад, і востры боль ударыў байца па нагах… Праз некаторы час салдата вынеслі ў тыл. У медсанбаце яму аказалі першую дапамогу, аднак раненне было вельмі сур’ёзным, і чырвонаармейца накіравалі ў бліжэйшы эвакуацыйны шпіталь пад нумарам 2222.   31 сакавіка ў шпітальнай рэгістрацыйнай кнізе з’явіўся запіс аб паступленні параненага стралка. Дыягназ: складанае асколачнае раненне абедзвюх ног, абцяжаранае анаэробнай інфекцыяй.Амаль паўтара месяца Сяргей Крывец змагаўся за жыццё. Яму зрабілі некалькі аперацый. Часамі яму станавілася лепш, здавалася, што ў выніку ўсё будзе добра. Вось і пераможныя майскія залпы прагрымелі.

Побач з Крыўцом на шпітальным ложку ляжаў малодшы сяржант Іван Леўкін. Ен быў родам з тагачаснай Карэла-Фінскай АССР, у войску служыў кулямётчыкам. 28 сакавіка 1945 г. разам з Сяргеем Крыўцом удзельнічаў у баі на гдыньскіх вуліцах, там і быў паранены. 2 мая 1945 г. у шпітальных паперах было пазначана: “Сяргей Крывец. Іван Леўкін. Стан паляпшаецца”.

Аднак, на жаль, цуда не адбылося. Сяргей Крывец памёр 13 мая 1945 г., а яго франтавы таварыш – на наступны дзень. Разам іх пахавалі на могілках горада Кёнітца. Цяпер гэты населены пункт мае назву Хойніц, ён знаходзіцца ў Паморскім ваяводстве Польшчы. Невялікі ўтульны гарадок з насельніцтвам прыкладна сорак тысяч чалавек. Старажытныя вуліцы, забудовы гатычнай архітэктуры… І без перапынку коціць побач свае хвалі Балтыйскае мора.                                   

Ю. КАМЯГІН, краязнаўца



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: