Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«На зямлі Вы не дарэмна...”

«На зямлі  Вы не дарэмна...”11 декабря 2014 — 10:00

 Складанае і адначасова шчаслівае жыццё пражыла жыхарка аграгарадка Гудзевічы Аляксандра Міхайлаўна Бобрык,  якая днямі адсвяткавала 90­-гадовы юбілей.Сапраўднае свята, з песнямі і падарункамі, наладзілі для юбіляршы ў Гудзевіцкім сельскім Савеце. А павіншаваць Аляксандру Міхайлаўну сабраліся  не толькі аднавяскоўцы, але і госці з раёна.

Аляксандра Міхайлаўна Бобрык нарадзілася 4 снежня 1924 года, у праваслаўнае свята Увядзення ў Храм Прасвятой Багародзіцы.  Напэўна, гэты факт у некаторай ступені і вызначыў яе жыццёвыя і духоўныя арыентыры: Аляксандра Міхайлаўна ­­ глыбока веруючы чалавек, пастаянна наведвае царкву, спявае ў царкоўным  хоры і нават у свой 90­ы год нараджэння не прапусціла службу ў храме. Усё жыццё, пачынаючы з 1949 года, яна працавала ў мясцовай гаспадарцы паляводам.

­­--  Складана было, муж ваяваў, рана памёр, на руках  засталося трое дзяцей. Але неяк пражылі, усё вытрымалі... Шмат працавалі, ­­ -- успамінае наша суразмоўца. У Аляксандры Міхайлаўны ­­ вялікая і дружная сям’я: трое дзяцей, што маюць свае сем’і,  сямёра ўнукаў і адзінаццаць праўнукаў. За ўсіх турбуецца, а, часам, і моцна баліць яе шчодрае на любоў і ласку мацярынскае сэрца.Нягледзячы на сталы ўзрост, жыве Аляксандра Міхайлаўна  адна ў сваім доме. Гаспадаркі, праўда, ужо не трымае, а вось некалькі курачак гадуе.

Наведваем пастаянна, дапамагаем у хатніх клопатах, а вось пераехаць да каго­небудзь ніяк не пагаджаецца, ­­ наракае нявестка юбіляршы Тамара Адамаўна. На што Аляксандра  Міхайлаўна мае свой адказ:

­­ -- Што ж я буду рабіць на тых этажах?! А тут і на вуліцу выйду, каб курэй пакарміць і з людзьмі пагутарыць. Яшчэ магу вады з паўвядра прынесці і дроў пару пален, каб печ распаліць. Пакуль трохі рухаешся, дык здаравейшым сябе адчуваеш. А ва ўласным доме і сцены дапамагаюць.  Так што пакуль буду мець сілы, нікуды са свайго дома не паеду.

Дарэчы, і родныя Аляксандры Міхайлаўны, і шматлікія госці, што сабраліся ў Гудзевіцкім сельвыканкаме, каб павіншаваць яе са святам, у адзін голас адзначалі, што на выгляд юбіляршы ­­ ну, не больш за  семдзесят!­­ Жадаем Вам моцнага здароўя яшчэ на доўгія гады, каб Вас радавалі дзеці, унукі і праўнукі, паважалі суседзі і аднавяскоўцы,  ­­ звярнуўся да юбіляршы старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета Пётр Пятровіч Дзенісевіч, уручаючы ёй падарунак ад закрытага акцыянернага таварыства «Гудзевічы» і сельсавета.

 ­­ Сёння ў вас цудоўны і  значны юбілей, ­­ падкрэсліў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Храпко. ­­ Усё сваё сумленнае і такое няпростае жыццё Вы былі прыкладам працавітасці і самаадданасці як для сваіх дзяцей, так і для аднавяскоўцаў. Любоў, павагу і прызнанне Вы здабылі руплівай працай. Дзякуй Вам за гэта! Жывіце яшчэ доўга ў здароўі і радасці. Шмат прыемных пажаданняў выказала юбіляршы загадчыца аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыя Вацлаваўна Бабілевіч.

Мудрасцю і духоўным цяплом былі напоўнены словы настаяцеля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы  ў вёсцы Гудзевічы айца Мікалая. Ён падарыў Аляксандры Міхайлаўне вобраз Выратавальніка са словамі: ­­ Няхай і надалей аберагае Вас ад бед, смутку і хвароб.

Як гімн пражытым дзевяці дзесяткам Аляксандры Міхайлаўны Бобрык, і тым гадам, што яшчэ будуць пражыты, гучала заздраўнае і ўзнёслае «Многае лета».

 Пасля шчырых віншаванняў Карыны Цыдзік і трэцякласнікаў Гудзевіцкай гімназіі, бабуля так расчулілася, што нават заплакала.  Задушэўныя песні ў выкананні работнікаў Гудзевіцкага цэнтральнага Дома культуры Антаніны Мікалаеўны Чэрнік, Ліліі Анатольеўны Ценкуш і Таццяны Андрэеўны Эйсмант быццам вярнулі яе ў маладосць, калі яна і сама была не супраць заспяваць. 

Па жыцці  Аляксандра Міхайлаўна ідзе не толькі з песняй, але і з гумарам. Пасля чарговага падарунка  яна трапна пажартавала:­­ Пэўна, давядзецца самазвал выклікаць, каб дамоў усё адвезці...

Калі  чарада віншаванняў і пажаданняў завяршылася, Аляксандра Міхайлаўна, у сваю чаргу,  падзякавала ўсім за добрыя словы і пажадала  арганізатарам і ўдзельнікам урачыстасці здароўя, ладу і дабрабыту. Кажуць, што словы, сказаныя ад усяго сэрца і ў добры час, абавязкова спраўджваюцца.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: