Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

На жыццёвых скрыжаваннях

На жыццёвых скрыжаваннях10 января 2017 — 10:06

Жыццё мудрае... Яно абавязкова знаёміць нас з людзьмі, невычэрпная шчодрасць душы якіх робіць нашы будні змястоўнымі і непаўторнымі. Адным з такіх быў і Міхаіл Іванавіч Авярук.

 

 

Радасная вестка аб нараджэнні хлопчыка прыйшла ў сям’ю жыхароў вёскі Глядавічы Івана і Макрыны Аверукоў 20 ліпеня 1934 года. Так як у сям’і ўжо падрасталі дзве старэйшыя дзяўчынкі, сыну асабліва быў рады бацька. І сапраўды, Міхаіл (такое імя далі хлапчуку) з дзяцінства дапамагаў старэйшым па гаспадарцы: умеў араць, касіць. Тым больш, што бацька, знясілены цяжкай сялянскай працай, часта і цяжка хварэў. Работу Міхаіл спалучаў з вучобай і паспяхова закончыў мясцовую сямігодку. Свой далейшы прафесійны і жыццёвы лёс ён вырашыў звязаць з медыцынай, каб аблягчаць пакуты і прыносіць вылечванне, у першую чаргу, сваім родным.

 


У пачатку 50-ых гадоў Міхаіл паступае ў Гродна, у фельчарска-акушэр-скую школу, якую заканчвае ў 1954 годзе, і накіроўваецца на работу ў суседні Дзятлаўскі раён. Пасля была служба ў Арміі: фізічна моцны і спрытны сялянскі хлопец быў накіраваны ў ваенна-марскі флот, на Балтыку. Менавіта тут ён і вырашыў працягваць вучобу і стаць урачом-прафесіяналам.

 


У 1958 годзе Міхаіл паступае ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, які толькі што адкрыўся. Конкурс быў вельмі вялікі, аднак ён вытрымаў усе іспыты і быў залічаны. Падчас вучобы у інстытуце юнак пазнаё-міўся са сваёй будучай жонкай Марыяй (на той час Камянецкай). Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула пачуццё, а яшчэ праз некаторы час яны згулялі вяселле.

 


Пасля заканчэння інстытута Міхаіл Іванавіч узначаліў калектыў Дубнен-скай участковай бальніцы, прыклаў многа сіл, каб згуртаваць калектыў. Адным са сродкаў стала агульная любоў да песні: у бальніцы стварыўся нават свой калектыў мастацкай самадзейнасці, які па чарзе з настаўніцкім ладзіў выступленні. Менавіта ў той час і зарадзілася наша дружба, якая працягнулася ўсё жыццё.

 


Міхаіл Іванавіч быў вельмі ўважлівым і чулым да людзей. Успамінаецца такі выпадак. Зіма, у вёсцы Княжаводцы хлапчукі гулялі на лёдзе. Адзін паслізнуўся, моцна ўпаў і атрымаў страсенне мазгоў. Мне давялося назіраць, як доктар, дзейнічаючы хутка, умела і спрактыкавана, прывёў хлопчыка ў прытомнасць. Гэты эпізод так уразіў мяне, што я нават напісаў артыкул “Чараўнік у белым халаце”, які быў надрукаваны ў раённай газеце “Зара над Нёманам”.

 


Потым Міхаіл Іванавіч быў пераведзены ў Масты. Гэта быў той час, калі раённая бальніца будавалася. Таму белы халат даводзілася мяняць на спецадзенне і разам з калегамі даводзіць усё да ладу. На працягу 18 гадоў М.І.Авярук з’яўляўся намеснікам галоўнага ўрача раённай бальніцы, пасля дапамагаў хворым у якасці ўрача-тэрапеўта, урача ЛФК і хуткай дапамогі. Яго жонку Марыю Іванаўну усе ведаюць як дасведчанага ўрача-акуліста.

 


Няма нічога дзіўнага ў тым, што сыны Юрый і Сяргей працягнулі медыцынскую справу бацькоў. З самага маленства яны былі поруч з імі, бывалі ў бальніцы, быццам упітваючы ў сябе яе атмасферу. Ёсць упэўненасць, што медыцынская дынастыя Аверукоў працягнецца і далей, бо старэйшы ўнук таксама выказаў жаданне стаць урачом.

 


...Міхаіла Іванавіча Аверука няма з намі ўжо сорак дзён. Па хрысціян-скай традыцыі, хочацца ўспомніць яго добрым словам. Ён быў прафесіяналам сваёй справы, надзейным сябрам і проста цудоўным чалавекам. Светлая яму памяць.

А.САБАСЦЯН



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: