Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

На такіх людзях трымаецца вёска

На такіх людзях трымаецца вёска04 июня 2012 — 10:00

Мікалай Міхайлавіч Бабко, ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Заполля, былы  кулямётчык, васемнаццатага мая адзначыў восемдзесят пяць гадоў. У гэты ж самы дзень шаноўны ветэран на веласіпедзе прыехаў па справе з Заполля ў Масты і на гэтым жа  транспарце збіраецца дабірацца дамоў. Пятнаццаць кіламетраў язды на веласіпедзе — для Мікалая Міхайлавіча  прывычная справа. Лёгкай паходкай падымаўся ён па рэдакцыйнай лесвіцы. Усе, хто ў гэты час бачыў  яго, малажавага на  выгляд, па-добраму пазайздросцілі яго даўгалеццю і выдатнай фізічнай форме. Як прызнаўся ён сам, да ўрачоў за дапамогай звяртаецца рэдка.

І я не ўтрымалася, каб не  спытаць у Мікалая Міхайлавіча пра сакрэт даўгалецця. “Вы, напэўна,  пры-трымліваецеся здаровага ладу жыцця: не курыце і не ўжываеце спіртнога?”—дапытвалася я ў паважанага ветэрана. Дзядуля з хітраватай усмешкай па-глядзеў на мяне і ўразіў нечаканай шчырасцю.

  —Ведаеце, я закурыў першы раз, калі было гадоў дзесяць, не больш. З ранняй вясны да глыбокай восені мы, вясковыя хлапчукі, пасвілі кароў. Дарослыя мужчыны-пастухі курылі самасад, часцяком дзеля жарту прапаноўвалі зацягнуцца і нам. Я тады і не здагадваўся, што да гэтай брыдоты прывыкаеш даволі хутка.  У гадоў шаснаццаць я ўжо  «смаліў» той чортаў самасад як за-праўскі курыльшчык. Бацька   памёр,  таму надаваць за гэта не было каму. А ў васемнаццаць гадоў  мы з сябруком Васем  ужо прынялі рашэнне кінуць курыць, нават пабіліся аб заклад. Праўда, развітацца з курэннем аказалася складаней, чым  нам здавалася. Пазбавіцца ад дурной звычкі нам удалося дзесьці з пятай спробы. Да  сённяшняга дня я не куру. Не браўся за цыгарэты і Вася. А выпіць кілішак магу зрэдку: з нагоды, напрыклад, свята Перамогі.  Як ні дзіўна, але ў Мікалая Міхайлавіча, тады яшчэ бязвусага юнага салдаціка, хапіла сілы волі не ўзяцца за  цыгарэты і ў час вайны: на фронце ва Усходняй Прусіі, а пазней і ў Манжурыі, калі нават дарослыя мужчыны здымалі стрэс з дапамогай франтавых ста грамаў і цыгарэт. На Усходзе Мікалай Міхайлавіч Бабко за-трымаўся па волі лёсу  аж да 1951 года. 

  Вярнуўся ў родную вёску, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Валянцінай Рыгораўнай, разам выгадавалі дзяцей і ўнукаў, дачакаліся  праўнукаў, адзначылі залатое вяселле.

  Усё жыццё сям’і Бабко прайшло ў працы і турботах. Каб пабудаваць дом, Мікалай Міхайлавіч некалькі разоў выязджаў на заработкі ў Комі АССР. Пазней працаваў рабочым у Запольскім  лясніцтве, даводзілася ўручную валіць лес, бензапілаў  у той час не было. Давялося быць і чыгуначнікам, з чыгункі і пайшоў на заслужаны адпачынак. Але, жывучы ў вёсцы, адпачываць асабліва не даводзіцца, нават у шаноўным узросце заўсёды зной-дзецца работа  і ў доме, і на падворку.

  Як сцвярджае старшыня Дубненскага сельвыканкама Руслана Фёдараўна Якімчук, у сям”і Бабко можна многаму павучыцца, заўсёды прыемна заходзіць у іх акуратны і ўтульны дом, дагледжаны двор. Ва ўсім адчуваюцца клапатлівыя рукі гаспадара і гаспадыні. На такіх людзях і трымаецца вёска...         

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.М. БАБКО.  Фота М. ПАВЯДАЙКІ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: