Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«На роздум не было часу…»

«На роздум не было часу…»27 июля 2015 — 10:00

 Сёлета Кніга славы Гродзенскай вобласці да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь папоўнілася васьмю новымі імёнамі жыхароў нашага рэгіёна – паспяховымі працаўнікамі, людзьмі неабыякавымі, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У іх ліку – і наша зямлячка, жыхарка аграгарадка Дубна, прадавец мясцовага магазіна Раіса Яўгенаўна Бубешка. Летась яна, рызыкуючы жыццём, выратавала падлетка, што ледзь не патануў у Нёмане.

­­ - Для мяне, простага прадаўца, даволі ганарова знаходзіцца ў адным спісе і атрымліваць падзяку разам з такімі заслужанымі людзьмі, а сярод нас нават быў Герой сацыялістычнай працы, ­­ - успамінае Раіса Яўгенаўна ўрачыстае мерапрыемства ў гонар “летапісцаў славы” Гродзеншчыны, што ладзілася ў абласным драматычным тэатры напярэдадні Дня Рэспублікі. – Прыемна было пачуць добрыя словы ў свой адрас і атрымаць пасведчанне і нагрудны знак з рук губернатара Уладзіміра Васільевіча Краўцова. Такія імгненні застаюцца ў памяці назаўсёды, прыносячы прыемныя хваляванні і ўспаміны.

А вось падзеі мінулагодняга ліпеньскага дня, калі на Нёмане паблізу Дубна разыгралася трагедыя, Раісе Яўгенаўне і сёння прыносяць боль. Моцныя душэўныя перажыванні ад перажытага стрэса і зараз выклікаюць слёзы.­­ Вельмі складана ўсё гэта ўспамінаць, ­­ гаворыць жанчына дрыжачым голасам. – У той момант значымым было толькі тое, што хлопец трапіў у бяду, ён можа патануць, а не тое, што я і плаваць толкам не ўмею, ці што на беразе пакідаю без нагляду дзяцей. Тады на роздум не было часу. Усведамленне небяспекі і пачуццё страху прыйшлі намнога пазней...

Нёман у ваколіцах Дубна даволі шырокі, хуткаплынны і вераломны: моцнае цячэнне ў імгненне вока можа падхапіць цябе і аднесці далёка ад берага. А ён тут высокі, абрывісты – здаецца, што ты ўжо побач, а зямлі пад нагамі не адчуваеш. Рака быццам гуляе, мераючыся сілай з людзьмі, пагардліва паказваючы сваю перавагу адным і даючы шанц на момант адчуць сябе пераможцамі  ­­ другім.

Відаць, нешта падобнае адбылося тут і летась, калі Раіса Яўгенаўна прыйшла на раку пазагараць разам з дзецьмі. Недалёка рыбачылі двое мужчын, бавілі вольны час некалькі падлеткаў. Усё было як заўсёды, нішто не прадказвала бяды. І раптам!..

Перапалоханы крык: “Дапамажыце, там хлопец топіцца!” перапыніў няспешны ход думак адпачываючых. Першым на дапамогу кінуўся адзін з рыбакоў. Схапіўшы надуўную камеру, кінулася ў ваду і Раіса Яўгенаўна. Пазней яна даведалася, што выратаваны ёю школьнік – унук суседкі, што жыве непадалёку. Кожнае лета ён адпачывае тут у бабулі.

­­ - Я і зараз не памятаю, як мы выбраліся на бераг і якія сілы – на небе ці ў вадзе – нам дапамагалі... На жаль, мужчына загінуў: не змог справіцца з цячэннем – рака аказалася мацней... З таго часу на Нёман не хаджу і дзяцей не пускаю, ­­ яшчэ раз у думках перажывае падзеі таго дня наша суразмоўца.

За тое, што не разгубілася, не спужалася і не прамарудзіла, Раіса Яўгенаўна была адзначана падзякай і грашовай прэміяй Гродзенскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах. А псіхалагічную падтрымку ёй забяспечылі родныя і калегі па працы.

­­ Муж падтрымліваў моўчкі, стараліся не задаваць лішніх пытанняў дочкі Алеся і Дашка, ­­ гаворыць жанчына. – Вельмі ўдзячна за разу­менне дзяўчатам, з якімі разам працуем, разам дзелім гора і радасці.У галіне  спажыўкааперацыі раёна Раіса Яўгенаўна Бубешка працуе больш за дваццаць гадоў. Старшыня прафкама Мастоўскага філіяла  Гродзенскага аблспажыўтаварыства Данута Уладзіміраўна Антановіч адзначыла толькі станоўчыя якасці вопытнага і стараннага прадаўца, прыстойнай і бясстрашнай жанчыны Р.Я. Бубешка.

­­ Раіса – вельмі доб­ры, чулы, спагадлівы, справядлівы і працавіты чалавек, ­­ расказвае пра сваю падначаленую і калегу загадчыца магазіна “Прадукты” аграгарадка Дубна Тамара Мечыславаўна Сырэль. – Мы разумелі, як ёй складана, таму, як маглі дапамагалі і падтрымлівалі, разам успаміналі, перажывалі і нават плакалі...

Нягледзячы ні на што, жыццё працягваецца. На змену болю і расчараванням абавязкова прыходзяць радасць і прыемныя ўражанні. Хочацца, каб у нашай гераіні (у прамым сэнсе гэтага слова) доб­рых падзей і сустрэч было ў жыцці як мага больш.

У паўсядзённым жыцці Раіса Яўгенаўна старанна выконвае няпростыя абавязкі прадаўца прадуктовых тавараў, стараецца задаволіць густы сваіх аднавяскоўцаў і жыхароў суседніх вёсак.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота С.ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио