Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

На культурным Алімпе

На культурным Алімпе22 января 2014 — 10:00

На сцэне Гродзенскага абласнога  драматычнага тэатра нядаўна ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі  лепшых прадстаўнікоў творчых  прафесій Гродзеншчыны.  Сярод лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Музейны работнік года” -- дырэктар Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Кацярына Вітальеўна Басінская.

  —Для мяне высокая ўзнагарода з рук старшыні аблвыканкама  У. В. Краўцова з’явілася прыемнай нечаканасцю. Задавальняе той факт, што работу нашага музея заўважылі і ацанілі.  Гэта не толькі мая асабістая ўзнагарода, але і ацэнка працы ўсяго нашага калектыву, які  старанна  робіць агульную справу,—падзялілася ўражаннямі Кацярына Вітальеўна пасля вяртання з Гродна.

  К.В. Басінская ў музеі працуе з 1999 года, а  дырэктарам — з 2011. А ўжо ў сакавіку 2012 года Гудзевіцкі музей стаў  партнёрам  па рэалізацыі праекта “Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёну шляхам  уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць» (акронім—”Вандроўка ў этнаказку”). Праект накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці і турыстычнай прывабнасці рэгіёну. А калі гаварыць мовай больш зразумелай  шырокай чытацкай аўдыторыі, дык дзякуючы праекту самабытны гудзевіцкі край  праз дзейнасць музея атрымаў  шырокія магчымасці для таго, каб прыцягнуць у Гудзевічы як мага больш турыстаў, у тым ліку  замежных, і паказаць ім  багаты мясцовы фальклор, народны побыт, традыцыі, звычаі. 

Усё гэта павінна даць рэгіёну магчымасць паспяхова канкурыраваць на ўнутраным і знешнім турыстычных рынках.   Гэты грандыёзны праект  сёння ажыццяўляецца пры непасрэдным удзеле дырэктара музея. У межах праекта зараз завяршаюцца  рамонтныя работы ў музейных залах, вынікам якіх павінна стаць удасканаленне і абнаўленне музейных экспазіцый. Заканчваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол музея.

У жніўні мінулага года ў вобласці праходзіў  фестываль абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” і “Падарожжа ў этнаказку”. Згодна з праектам транспамежнага супрацоўніцтва другі дзень фестывалю праходзіў у Гудзевічах, куды прыехалі майстры з усёй Гродзеншчыны і Польшчы. Свята ў Гудзевічах праходзіла пад назвай “Кірмаш рамёстваў”. Ніколі гудзевіцкая зямля не прымала такой колькасці  гасцей. Тут было што паглядзець і чаму павучыцца. Вялікая пляцоўка вакол Гудзевіцкага музея ператварылася  ў кірмаш, дзе народныя ўмельцы дэманстравалі і прадавалі свае вырабы. Тут жа праходзілі і майстар-класы, прыняць   удзел у якіх мог любы жадаючы.  Многія мастоўскія майстры тады былі  адзначаны дыпломамі. Кацярына Басінская  атрымала дыплом у намінацыі “Ткацтва”.

  Кацярына Вітальеўна асабіста праводзіць работу па захаванню і адраджэнню традыцый народнага ткацтва. Яна дасканала валодае рамяством, вучыць  гэтаму  гудзевіцкіх дзяўчынак і нават хлопчыкаў, некалькі год з’яўлялася кіраўніком гуртка. Дзеці маюць магчымасць асвоіць ткацтва на маленькіх ручных станках, на якіх ткуць закладкі для кніг, паясы, гальштукі.  Дарослыя могуць асвоіць ткацтва на звычайных кроснах.  Пад кіраўніцтвам Кацярыны Вітальеўны вядзецца работа па  папулярызацыі падвойнага  ткацтва. У 2010 годзе ёю была праведзена летняя школа “Майстэрня: падвойнае ткацтва”  для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.   У 2011 годзе гудзевіцкай тэхналогіі падвойнага ткацтва быў нададзены статус нематэрыяльнай каштоўнасці.

  Па выніках раённага спаборніцтва за 2012 год сярод устаноў сацыяльна-культурнай сферы Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей  стаў пераможцам. У планах яго дырэктара многа задумак на будучае.  — Хочацца, каб у Гудзевічы прыязджалі турысты не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Нам ёсць што паказаць гасцям. Хочацца хутчэй закончыць  рэканструкцыю музея, каб ён адпавядаў усім патрабаванням музейнай работы. У планах— надаць тэрыторыі вакол  этнаграфічнай хаткі элементы нацыянальнага каларыту, аздобіць калодзеж з  жураўлём. Хочацца  таксама правесці   пленэр рэзчыкаў па дрэву,— дзеліцца планамі на будучае К.В. Басінская.          

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота  М. ІСАЧАНКІ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио