Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Мы – часцінка народа, мы – часцінка Радзімы

Мы – часцінка народа, мы – часцінка Радзімы13 ноября 2013 — 10:00

Галоўным прынцыпам патрыятычнага выхавання ў сучасны момант павінна быць пазнанне і ўсведамленне кошту сваёй Малой Радзімы, месца, дзе ўбачылі сонца, зрабілі першыя крокі. Гісторыю нельга пазнаваць толькі праз кнігі.З маленства прывіваецца патрыятызм чалавеку, а найперш у сям’і і ў школе, бо там пачынае фарміравацца светапогляд грамадзяніна. І як неабходна юнаму чалавеку з дня ў дзень адчуваць і разумець непаўторнасць тых мясцін, дзе ён нарадзіўся, дзе вымавіў першае слова, дзе ўпершыню адчуў водар той зямлі, якую называюць Радзімай! Гэтае пачуццё будзе жывіць яго на працягу ўсяго жыцця.

Сапраўды, на нас, асабліва на моладзь, уздзейнічае практычны, рацыянальны час, ствараючы дэфіцыт пачуццяў, культуры. Мы адарваліся ад народных традыцый, ад духоўнай спадчыны. Прыгадаем радкі Экзюперы, калі Маленькі Прынц спытаўся ў кветкі: “Дзе ж людзі?”. І пачуў у адказ: “Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў…” Быць без каранёў, не памятаць пераемнасці пакаленняў,  не адчуваць павагі да тых,  хто жыў да нас,  да тых мясцін, дзе нарадзіліся і ўзраслі, не шанаваць і не несці ў сэрцы матчынай мовы – значыць быць безаблічным, не быць сапраўдным грамадзянінам. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што дапаможа маладым душам не проста быць відушчымі, а надзяляе іх неацэнным дарам прадбачання, духоўнасці, грамадзянскасці.

А ўсё гэта пачынаецца з любові да бацькоўскага парога, да матчынай песні, з вывучэння гісторыі народа, спасціжэння яго традыцый. Адной з важнейшых задач сучаснасці з’яўляецца ўсебаковае вывучэнне гісторыі не толькі свайго краю, але і той мясціны, дзе нарадзіўся, рос, рабіў першыя крокі ў сваім жыцці. Жыццё сцвярджае, што патрыятызм пачынаецца з роднага парога, з роднага куточка, з традыцый сваіх бацькоў, якія пераходзілі з аднаго пакалення ў другое, фарміравалі яго светапогляд, выхоў-валі ў ім грамадзянскасць. Але нельга разлічваць на поспех, калі да работы ставіцца фармальна, калі  краязнаўчая работа будзе насіць эпізадычны характар, калі не будзе асабістай зацікаўленасці. Кожны мой вучань павінен мець не толькі яскрава акрэсленую мэту ў жыцці, але і адчуваць сябе запатрабаваным – быць патрыётам Бацькаўшчыны, быць грамадзянінам свайго краю. Выконваць пастаўленую задачу дапамагае пошукавая работа па вывучэнню роднага краю. Безумоўна, трафарэтнасць ніколі не прыводзіць думку да дзеяння, не кранае сэрца і не ўспрымаецца вучнямі надоўга. А вось радасць навучання, жаданы вынік  прыносіць работа па вывучэнню роднага краю. Не раз даводзіцца чуць ад дзяцей: “У падручніках чыталі шмат пра свой край, а вось прыйшлі ў сям’ю… Зусім інакш сталі адносіцца да мінулага”. Абавязкова  зярнятка любові да свайго краю прарасце. Арганізацыя краязнаўчай работы – гэта і ёсць сродак для грамадзянска – патрыятычнага выхавання. Таму неабходна ўсебакова і больш глыбока вывучаць гісторыка – культурную спадчыну свайго краю, а пасля – умела выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял ва ўрочнай і паза-ўрочнай працы з вучнямі.

Поспех спадарожнічае іменна тым, хто не замыкаецца рамкамі ўрока, а хто выходзіць у жыццё. Ініцыятыва, самастойнасць, творчы пошук найбольш ярка і змястоўна праяўляюцца ў вывучэнні краязнаўчага матэрыялу. Выкарыстанне мясцовага матэрыялу спрыяе выхаванню  ў вучняў не Івана-няпомніка, а чалавека з паважлівым стаўленнем да свайго роду, свайго “маленькага” краю. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што ў першую чаргу робіць дзяцей не проста відушчымі, а надзяляе іх неацэнным дарам духоўнасці, фарміруе светапогляд грамадзяніна.  Краязнаўчая работа – гэта і ёсць ключ да поспеху, ключ да выхавання патрыятызму, ключ да выхавання грамадзяніна. Кожны ўрок і выхаваўчая гадзіна, на якіх выкарыстоўваецца мясцовы матэрыял, дае вучням не толькі пэўную суму ведаў, але садзейнічае фарміраванню асобы, выхоўвае высокія маральныя якасці, дапамагае далучыцца да тых каранёў, якімі і цяпер жыве наш народ. Дзяцей  хвалююць іх карані, мінулае, памяць пра сваіх продкаў, як тыя жылі, як працавалі. Ідэю пераемнай сувязі пакаленняў адлюстроўваюць яны ў сваіх радаводах.

Дзесяткі радаводаў напісаны ў форме сачыненняў і ў выглядзе картаў-схемаў.  Упэўнена, што пра маіх  дзяцей ніхто ніколі не скажа, што іх “носіць ветрам па свеце”, што ў іх няма каранёў.Упэўнена таксама і ў тым, што зло добра пачувае сябе там, дзе людзі забываюць сваё мінулае, дзе людзі не дбаюць пра сённяшняе, дзе людзі не клапоцяцца пра будучае, не цікавяцца сваімі каранямі. А ў нашым краі шмат мясцовага матэрыялу, які дапамагае  ў тым, каб мае вучні задумаліся, адшукалі, паразважалі, прыйшлі да пэўнай высновы. Таму і вядзецца з вучнямі  даследчая работа па вывучэнню Гудзевіцкага краю, у ходзе якой дзеці задумаліся: няўжо знакамітасці жывуць дзесьці там…Далека за межамі іх краю…І так прывыклі лічыць усе. Але няўжо наш знакаміты Гудзевіцкі край, пра які ведаюць далёка за межамі краіны, не мае такіх людзей, якія таксама могуць быць вядомымі? Яны  паставілі перад сабой мэту: чаго б гэта ім  не стала, даведацца, адшукаць такіх людзей. Свой пошук яны скіравалі  на звычайнага вучня нашай школы Дзіму Іваноўскага. Дзеці даказалі сабе і ўсім, што:

– па-першае, пра нашага былога вучня цяпер ведае і ганарыцца ўся акруга, уся Гудзевіцкая зямля, уся Гродзеншчына, ён праславіў БЕЛАРУСЬ ва ЎСІМ СВЕЦЕ;– па-другое, матэрыялы даследчай  работы можна выкарыстоўваць у пазакласнай рабоце, на ўроках мовы і літаратуры, гісторыі,  выяўленчага мастацтва, у мясцовай мастацкай школе. Такую працу дзеці будуць заўсёды шанаваць, яна будзе іх арганічнаю часткаю душы.

 Вялікая ўвага надаецца выхаванню гонару за сваю мову. Такія мерапрыемствы, як “Мы – эрудыты”, свята “На беларускай зямлі – у роднай хаце”, гасцёўня “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны” і іншыя  на аснове сабранага мясцовага матэрыялу, з удзелам вядомых людзей нашага рэгіёну дазваляюць прыйсці  да высновы, што мова – душа народа. Гэта самая істотная прыкмета ў вызначэнні сутнасці нацыі. Таму і параўноўваем нашу мову з самай таямнічай часткаю натуры, такой таямнічаю, як Гудзевіцкая зямля, якая не з кожным падзеліцца сваімі сакрэтамі, не кожнаму раскрые свае таямніцы. Але гэта цудоўная зямля. Хочацца зазначыць, што вучні вельмі ахвотна спяваюць, танцуюць, знаёмяцца з мясцовымі абрадамі, актыўна ўдзельнічаюць у фестывалях беларускай народнай песні і танца.

Усё гэта дае свой плён, даказвае, што мы – народ з багатай старажытнай культурай. Яшчэ больш акрылілі мяне словы адной вучаніцы, якая выказала такую думку: выплысці з віру безгаспадарчасці, бескультур’я зможа толькі той, хто будзе трымацца за духоўную спадчыну, як за выратавальны круг. Мяне  радуе тое, што я сумела ў сваіх вучняў  абудзіць цікавасць да гісторыі свайго роднага краю, свайго народа, яго традыцый. Адказваючы на  пытанне: ”Што такое патрыятызм?”, вучні робяць выснову – гэта павага да мінулага свайго краю, гонар за сучаснае і клопат аб будучым. Клопат аб тым, каб родная Беларусь на доўгія гады заставалася моцнай, квітнеючай дзяржавай. Такі адказ дзяцей –  гэта і ёсць плён маёй  працы.

Задача выхавання патрыятызму і грамадзянскасці ў навучэнцаў была актуальнай і будзе актуальнай ва ўсе часы існавання сістэмы адукацыі, ва ўсе часы існавання  дзяржаўнасці. Менавіта яна дае магчымасць выкарыстання  для  сябе  і  краіны   гістарычнага   вопыту  народа, калі можна ўзяць з мінулага ўсё патрэбнае для вырашэння сённяшніх задач, калі можна забяспечыць сувязь пакаленняў і падтрымаць пераемнасць у захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей грамадства. Спачатку вучні павінны стаць сапраўднымі беларусамі, якія ведаюць родны край, яго мінулае і сённяшні стан. А  без апоры на свае карані, я ў гэтым упэўнена,  зрабіць гэта будзе немагчыма. Вось кола і замыкаецца.

Н. СЛАВУТА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА «Гудзевіцкая гімназія»

На здымках: гэтым летам каля Гудзевіцкай гімназіі быў праведзены этнафестываль «Вандроўка ў этнаказку». Гудзевіцкія рабяты змаглі ўбачыць багацце народнай культуры, самі паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах; Гудзевіцкая хатка як сімвал нашай даўніны.Фота С. ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: