Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и историяКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Музей Маці ў Мікелеўшчыне сустракаў гасцей на працягу ўсяго лета

Музей Маці ў Мікелеўшчыне сустракаў гасцей на працягу ўсяго лета10 сентября 2019 — 10:27

Круглы год музей Маці, што створаны на базе Мікелеўшчынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, сустракае наведвальнікаў. Ладзіліся экскурсіі сюды і на працягу мінулых летніх месяцаў.

Так, у ліпені пазнаёміцца з музейнай экспазіцыяй выявілі жаданне родныя Ганны Іосіфаўны Грэшчык. Рэчы гэтай руплівай і працавітай жынчыны, таленавітай майстрыхі, як і матэрыялы пра яе, зараз захоўваюцца ў музеі.

– Ганна Іосіфаўна разам з мужам выгадавала чацвёра дзяцей, парадавалася ўнукам, дачакалася праўнукаў, – расказвае кіраўнік музея Тамара Міхайлаўна Кандратовіч. – Яна захаплялася вязаннем на прутках – гэтая справа прыносіла ёй асаблівае задавальненне, вышывала гладдзю і крыжыкам ручнікі, абрусы, навалачкі, наміткі, добра валодала швейнай машынкай і шыла адзенне. Акрамя гэтага, Ганна Іосіфаўна была ўвасабленнем беларускага фальклору – колькі яна ведала казак, легенд, песень, частушак! А як спявала, а пірагі якія смачныя выпякала! Ніводнае вяселле ў вёсцы не абыходзілася без яе караваяў. Яна жыла дзеля дзяцей, унукаў і праўнукаў – гэта было яе багацце, надзея, любоў. У іх яна ўкладвала сваё вялікае сэрца і чулую душу.

Як жа прыемна было пачуць усё гэта дачцэ Ганны Іосіфаўны, якая жыве ў вёсцы Радзявічы, яе мужу, дзецям і ўнукам, што завіталі ў музей. З асаблівым трапяткім пачуццём яны разглядвалі рэчы, што захоўваюць цяпло рук роднага чалавека.

– Мама заўсёды шмат і ахвотна расказвала пра сваё жыццё, была ўдзячна сваім бацькам і Богу, што адарыў яе такімі талентамі і дапамагаў пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, – адзначылі родныя.

Не менш хвалюючай была экскурсія па залах музея і для сям’і Ганны Кандрацьеўны Грэцкай, якія таксама сярод гераінь, пра якіх распавядаюць фотаздымкі і рэчы, знашлі сваіх знаёмых і блізкіх сваякоў.

З пачуццём вялікай удзячнасці за цікавую экскурсію пра складаныя, гераічныя і трагічныя жаночыя лёсы, невычэрпны творчы патэнцыял вясковых майстрых пакідалі музей наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна.

Не было раўнадушных слухачоў і сярод удзельнікаў абласнога семінара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, што ладзіўся на базе нашага раёна ў пачатку жніўня. Дарэчы, менавіта ў гэты дзень экспазіцыя залы “Хата з матчынай душой” папоўнілася і новым экспанатам. Вышыты ручнік са сваёй малой радзімы, з Гомельшчыны, у дар музею Маці перадала начальнік Мастоўскага раённага аддзела ФСАН Тамара Ісачанка.

Частымі наведвальнікамі музейных пакояў былі таксама рабяты, што адпачывалі ў аздараўленчых лагерах. Усё гэта пацвярджае выснову, што музей жыве, развіваецца і заўсёды рады гасцям.

Н. СВЯТЛОВА



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио